Антось кiўнуў галавой, а Янук сядзеў, задуманы.
— А ты, Янук? — спытаў яго Князь.
— Калi ласка.
Гаспадар налiў. Выпiлi й закусвалi.
— Прабач, Янук, — зьвярнуўся да яго Князь, — я ў цябе нi спытаўся, цi ня хочаш пайсьцi на захад. Думаў пра гэта?
Янук адказаў не адразу.
— Ня ведаю. Я прыабяцаў жонцы, што-б нi было…
— Ён толькi што ажанiўся, — сказаў Антось.
— Праўда? То вiншую, — сказаў Князь.
— Дзякую.
— А хто твая жонка?
— Настаўнiца з нашай вёскi.
— Дык добра. Жадаю вам, маладым, шчасьця. А яна палiтычна надзейная?
— Так, зусiм, — сказаў без запыну Янук, хоць меў адносна Дунiнай «палiтыкi» пэўныя засьцярогi.
— Добра, я буду прадаўжаць, — гаварыў Князь. — Хоць мы ў асноўным будзем палягаць на свае сiлы, усё-ж спадзяёмся, што праз нашых людзей удасца нам навязаць сувязь з заходнiмi дзяржавамi й здабыць помач. Яна будзе неабходнай у часе наступнай вайны хаўрусьнiкаў iз Савецкiм Саюзам. Такая вайна, рана цi позна, але будзе. Для нас яна чым раней тым лепш. Мы будзем старацца мець заплечча, сяброў, дапамогу з захаду. Вы самi ведаеце гiсторыю першай вайны й яе насьледкi. Польшча здабыла дзяржаву, бо мела помач ад Францыi, а мы й Украiнцы, што такой помачы ня мелi, свае дзяржавы страцiлi. Цяпер мусiм спрычынiцца, каб гэта не паўтарылася. Нашы людзi, што апынуцца на захадзе, навяжуць патрэбныя сувязi. У выпадку вайны заходнiя дзяржавы, пэўне-ж, будуць разьлiчваць, што паняволеныя народы, у тым лiку й Беларусы, будуць iм памагаць. Мы iм патрэбныя ня менш, чым яны нам, каб Маскву на лапаткi палажыць. Iншыя нашы хаўрусьнiкi ў змаганьнi, зь якiмi будзем мець лучнасьць, — мы яе фактычна ўжо маем, — гэта нашы суседзi, як Украiнцы, балтыцкiя народы, Палякi, ды, калi будуць, незалежнiкi Расейцы, якiя, само сабой зразумела, адракуцца ўсялякiх прэтэнзiяў да нашых земляў. Толькi супольнымi сiламi зможам перамагчы. З Палякамi будзе цяжэй, бо я, у прыватнасьцi, ня думаю, што яны адракуцца «ўсходнiх крэсаў». Як-бы там нi было, бээнпэ цяпер трымаецца i ў будучынi будзе трымацца такога прынцыпу: не абагульняем усiх Палякаў, а мiж iх разрозьнiваем сваiх ворагаў i прыяцеляў. Разумеем, што яны апынуцца ў такiм становiшчы, як i мы, дык мусiм сабе ўзаемна памагаць. Некалi-ж разам, — помнiце? — наш Калiноўскi i ягоныя паўстанцы змагалiся побач з Палякамi супраць агульнага ворага. Мы мусiм адрозьнiваць людзей, асобныя партыi й групы й ня браць усiх пад агульны назоўнiк. Палякi нам вялiкую шкоду падчас акупацыi мiж войнамi й цяпер падчас нямецкае акупацыi зрабiлi, але яны будуць лiчыцца з намi, калi пабачаць нашу стойкасьць, вытрываласьць, ахвярнасьць, а з гэтага нашага боку хопiць. Дык наша палiтыка павiнна палягаць ма талеранцыi да суседзяў, зь якiмi Бог нас побач разьмясьцiю. Зразумела, калi ходзiць пра давер да iх, дык гэта справа iншага характару. У нашым змаганьнi вялiкую ўвагу будзем даваць прапагандзе, пераважна друкаванай. Гэта для вас, спадзяюся, зусiм зразумела. Ты, Антось, прабач, што адразу мне вылецела з памяцi: дазволь павiншаваць з тваiмi выдатнымi баявымi заслугамi. Многа чаго добрага давялося чуць пра цябе.
Аўген Князь падаў Дзеркачу руку.
— Дзякую, — адказаў Антось.
— Значыцца да гэтага часу, — прадаўжаў Князь, — я ў вельмi агульных словах сказаў пра нашых хаўрусьнiкаў; тых, што маем i тых, што мець можам i будзем. Я выразiў надзею, што будзе вайна мiж захаднiм вольным сьветам i Масквою. Гэтага мы можам быць пэўныя. Цяпер пытаньне, магчыма, не апошняй важнасьцi: калi яно будзе? Сам Бог ведае. Усё-ж мы перш за ўсё людзi й калi плянуем вялiкую дарогу, дык прыблiзна аблiчаем час калi скончым вандроўку. I тут наш чыста людзкi элемэнт падказвае наступнае пытаньне: а што, калi гэтай вайны, якую мусiм выкарыстаць скора ня будзе? Што, калi яна будзе за трыццаць цi сорак гадоў? Што маем рабiць? Складаць зброю? Колькi мы можам, палягаючы галоўна на свае сiлы, вытрымаць у няроўным змаганьнi? А што яно будзе няроўнае, хiба-ж ясна. На гэта ўсё цяжка адказаць. Цяпер у нас iншага выхаду няма, а час пакажа што маем рабiць, прынамсi тыя з нас, што выжывуць… Я гавару да вас, як бачыце, зусiм шчыра, бо ведаю што вы ня лыкам шытыя… Скажу пра нашу цяперашнюю сытуацыю. Сiлы ў нас немалыя, арганiзацыя працуе, мэтады й сродкi ворага знаем навылёт. Сувязi з суседзямi маем. Сiлы нашы растуць i яшчэ павялiчацца ў змаганьнi…
Янук глядзеў на белабрысага чалавека, слухаў яго цiхiя словы, зьмест якiх здаваўся зусiм нярэальным. Гэты-ж чалавек гаварыў пра будучыню, якая вось неўзабаве мае распачацца. У гэтым, хутка адрамантаваным менскiм памешканьнi Янук сустрэў прадказьнiка свайго лёсу. Так, накш быць не магло. Ужо ўсё было пастаноўлена лёсам. Толькi як будзе з Дуняй? Цi яна возьме зброю й пойдзе зь iм у лес? Жончына месца з мужам. Гэта ясна. Але трэба ей усё вытлумачыць. Янук зноў прыслухаўся да Князя.
Читать дальше