89.
Народ прыбываў. Уздоўж сьценаў, заклаўшы за сьпіны бэтонныя кулакі, нерухома стаялі магутныя хлопчыкі ў танных пінжаках – сябры маладзёвай арганізацыі “Белтэр’еры”, запрошаныя ахоўваць зьезд. У вачох кожнага чыталася мара загінуць або перамагчы. Глядзець на бессэнсоўна сьцятыя жалезныя вусны й нізкія лбы было чамусьці гідка, і Мая Леанідаўна таропка стала пераконваць сябе, што яе душу перапаўняе гордасьць: вось, такія юнакі, а ўжо патрыёты... Праўда, калі яна паспрабавала заняць сваё месца ў трэцім радзе, адзін зь юнакоў падскочыў да Маі Леанідаўны й загарадзіў ёй праход – трэснулі швы таннага шэрага пінжачку, і ледзь ня трэснула запясьце ад поціску патрыёта. Дапамог спадар Яська: прыніжана пасьміхаючыся, ён схапіў левую руку Маі Леанідаўны, тую, у якой быў партыйны білет, і таропка памахаў ёй у паветры. Белтэр’ер паслабіў хватку, а спадар Яська, выцягнуўшыся на дыбачках, замармытаў нешта жаласьліва ў каменныя грудзі ахоўніка...
– Жыд? – спытаў той басам.
Спадар Яська агаломшана затрос тонкім падбародзьдзем. Вакол іх адразу ж утварыўся затор, дэлегаты зь цікавасьцю прыслухоўваліся да размовы, моршчыліся, аднак маўчалі. І хто ведае, як далей разьвіваліся б падзеі, калі б шпаркім вайсковым крокам у залю не ўвайшоў бы вусаты хлопец з прышпіленым да пінжаку крыжам. Уладным позіркам ён абвёў падначаленых, якія імгненна занялі ранейшыя пазыцыі ўздоўж сьценаў. “Бацькаўшчына або сьмерць!” – выгукнуў ён хрыпла, і кожны з жалезных хлопчыкаў выкінуў руку над галавой: “Назаўжды!”
– Зондэркаманда, – зь невясёлай усьмешкай прамовіў спадар Яська, з палёгкай апускаючыся ў крэсла побач з Маяй Леанідаўнай і выціраючы з ілба пот. – Што рабіць, даводзіцца выкарыстоўваць іх як ахову, а то ведаеце: правакатары могуць быць, так, так... Я пасяджу трохі з вамі...
Цяжка дыхаючы й гнілазуба пасьміхаючыся, ён пачаў гаварыць пра партыйныя справы. Мая Леанідаўна імкнулася падтрымліваць гаворку, а сама ўпотай, прагна ўзіралася ў абноўлены інтэр’ер кінатэатру. Ну чаму, чаму ўсё гэтак злачынна тупа ў гэтай дзяржаве? Можна ж было зрабіць рамонт яшчэ тады, падчас яе дырэктарства, яна ж і пісала, і бегала па кабінэтах мэрыі, і да Гагулевіча хадзіла на паклон. Недастаткова, відаць, нізка кланялася. Можна ж было нават мірна суіснаваць з гэтым тэатрам пад дзіўна матэматычнай назвай: што ім, месца б тут не хапіла б – тры дні ім, тры нам? Пахавалі кінатэатр, пахавалі зажыва, як пісаў той журналіст, пахавалі і костачак не пакінулі. Вытруцілі нас, як пацукоў. Зрабілі з храму краму. Усё вярнулася, не навучылі іх семдзесят страшных гадоў нічаму, нічаму.
– Я ў прэзыдыюм, – сказаў нарэшце спадар Яська. – Прабачце. Калі што, махніце мне рукой. Хутка пачнем.
90.
Ёй не пашанцавала: зьлева ад Маі Леанідаўны ўладкаваўся нехта з маладых, можа, нават той, з кім яна гаварыла па тэлефоне – у дарагім касьцюме, з дагледжанымі пазногцямі й надта ўжо вострым пахам дэзадаранту: апошняга Мая Леанідаўна не любіла, дакладней, ахайнасьць, чысьціню і іншыя гігіенічна-эўгенічныя рэчы яна, безумоўна, шанавала, аднак пры гэтым заўжды была ўпэўненая, што паміж жаночай і мужчынскай дагледжанасьцю мусіць быць адрозьненьне. Малады палітык займаў значна болей прасторы, чым дазваляла крэсла, і Мая Леанідаўна, адсунутая ўправа элегантным дэмакратычным локцем, была вымушаная пасягнуць на суседа справа, балазе той апынуўся непераборлівым. Гэта быў нізенькі, пляшывы й тоўсьценькі мужчына гадоў пяцідзесяці пяці, які ўвесь час сьмешна ікаў, намагаючыся пры гэтым рабіць сур’ёзны выгляд. Сусед хацеў пагаварыць зь ёй, і калі зашаптаў нешта Маі Леанідаўне кудысьці пад завушніцу, усё стала зразумела: дэлегат пасьпеў добра прыняць за каўнер перад пачаткам імпрэзы.
– Гаварыльня, – ікнуў сусед. – Трэба рабіць справу.
Мая Леанідаўна, іранічна зірнуўшы яму ў заплылыя вочкі, коратка кіўнула.
– А я вас ведаю, – сусед прысунуўся да яе амаль ушчыльную. – Глядзіце, якія хлопцы (дрыжачы тоўсты палец падкрэсьліў тлустай уяўнай рысай шыхт ля сьцяны). Гэта ж хлопцы...
Адкуль яму знаёмая Мая Леанідаўна, сусед не парупіўся патлумачыць, пазяхнуў цыбуляй і селядцом, выцер рукі аб падлакотнік, Маю Леанідаўну хітнула ўлева, і малады палітык пагардліва фыркнуў. Тут па-над катэдрай вырас адзін зь яе ўлюбёнцаў, сівы й хударлявы мастацтвазнаўца, артыкул якога ў абарону кінатэатру калісьці абыйшоўся партыйнай газэце не ў вадзін мільён штрафу, і Мая Леанідаўна забыла пра сваіх суседзяў. Прамаўляў гэты ўсімі паважаны чалавек надзвычай цікава, зусім як калісьці ў Жданаве:
Читать дальше