– Гандлёвая сетка таксама рыхтуецца, – горда паведаміў дыктар, і я сьцёр яго ў парашок.
64.
Мне вельмі хацелася паліць, аднак апошнюю цыгарэту я выпаліў уночы, і цяпер горкая густая сьліна напаўняла мой рот, не даючы пракаўтнуць рыс як сьлед. Зярняткі хрумсьцелі на зубах, як пясок. Можна было б выйсьці на двор і папрасіць, ды толькі я паліў такім чынам ужо месяц, мяне тут ведаў кожны, і мне было сорамна. Урэшце я ўсё ж выпаўз на вуліцу, накіраваўся на прыпынак. Там было чыста, як зазвычай, ні бычка, ні сучка, яны ж усе культурныя сталі, недапалкі ў сьметніцы выкідаюць, сволачы, а яшчэ напярэдадні Вялікага Сьвята вуліцы прыбіраюць ледзь ня тройчы ў дзень, школьнікаў выганяюць, каб яны здохлі. Мне здалося, народ на прыпынку ад мяне адварочваецца. Хаця выглядаў я яшчэ няблага. Галіўся штодня, адзежу мыў. Я наогул занадта добра выглядаў для беспрацоўнага. Нечакана мае сьлёзавыя залозы закрыліся, я нават раззлаваўся трохі, стаў пасярэдзіне, азірнуўся з выклікам. Паліў толькі адзін, пажылы ўжо, просьценькі, вусаты. Я падыйшоў – адмова апынулася такой грубай і адназначнай, што захацелася памерці. Ён паліў танныя, сьмярдзючыя цыгарэты бяз фільтру, авальныя, амаль пляскатыя, як стужкавыя чарвякі. Адна такая цыгарэта не каштуе Нічога. – Самому трэба зарабляць, – сказаў ён, нібы вылаяўшыся. Зьнясілены, я апусьціўся на лавачку, спадзеючыся, што зараз прыедзе аўтобус. Ён і праўда зьявіўся, як толькі я сеў. О шчасьце – вусаты кінуў недапалак на зямлю й нясьпешна памкнуўся да адчыненых дзьвярэй. Недапалак яшчэ дыміўся, і я ня вытрымаў: кінуўся да яго, уратаваць, уратаваць агеньчык, агмянёк, кінуўся як першабытны чалавек, вырваць агеньчык з лапаў ветру, захаваць яго, гаючы дымок, ты напоўніш моцай мае спакутаваныя лёгкія, яны ўсе паедуць, гэтыя людзі, а я спакойна падыму цябе! Гэта была памылка. Вусаты абярнуўся, зірнуў на мяне з усьмешкай, падняў нагу й з асалодай расьцярушыў недапалак падэшвай. Размазаў па асфальце, гад, з пачуцьцём выкананага доўгу сеў у аўтобус і паехаў далей.
Давялося ісьці да суседа, зноў размаўляць зь ім голасам выпаратага прыгоннага мужычонкі, зноў ржаць зь ягоных жудасных анэкдотаў, лісьліва падтакваць кожнаму слову – а сусед быў сапраўдны прол, хам і паскуда, з тых людзей, якія думаюць, што ведаюць, як жыць правільна. Задавальненьне было сапсаванае. Я вярнуўся дахаты, уключыў кампутар, уставіў дыск. Клявіятура выклікала агіду, хацелася есьці. Кёрлінгісты раздражнялі, нібы людзі, зь якімі правёў пяць гадоў на падводнай лодцы. Я згуляў матч, прайграў, пры думцы пра рэванш у мяне забалеў страўнік. Змахнуўшы пыл з чачэнскага нацыянальнага сьцягу, згінаючыся ад рэзкага болю, ня здолеўшы сьцерці з твару паныласьць, успомніўшы, што сёньня дзень нашага зь Вікай знаёмства, я запіхнуў у сябе апошняе яйка замест пігулкі, сунуў за пояс нож і паехаў на сваю былую працу.
Ня ведаю чаму, але на працы мяне ніколі не любілі. Калі я звальняўся, я бачыў на тварах калегаў палёгку. Ніхто ў мяне тады нават не запытаўся, чым я зьбіраюся займацца па звальненьні. І цяпер нікому да мяне не было справы. Як я не стрымліваўся, як не пераконваў сябе, што знаходжуся на чужой тэрыторыі між варожых істотаў, калідор рэдакцыі мяне ўсхваляваў. Я зайшоў у свой кабінэт, за маім сталом сядзеў нехта барадаўчаты й крэмзаў нейкую актуальную хлусьню. У супрацоўнікаў быў дзень авансу, і цікава было назіраць, як імгненна згасьлі іхныя ўсьмешкі, калі яны паднялі галовы. Я зьвярнуўся да загадчыка адзьдзелу – калі ў нас і не было прыяцельскіх стасункаў паўгады таму, то, прынасмсі, ён размаўляў са мной ня толькі на працоўныя тэмы. Спачатку я папрасіў даволі шмат, потым усё зьмяншаў і зьмяншаў суму, ажно пакуль яна не скарацілася да кошту адной паездкі ў мэтро. Аднак і тут загадчык праявіў цьвёрдасьць. Ён ня даў мне нават на ільготны квіток. Я ў роспачы аглядзеў астатняе насельніцтва кабінэту. Яны маўчалі й глядзелі адно на аднаго з адслоненымі паўусьмешкамі, яны не падымалі галоваў, а я стаяў у цэнтры пакоя, і бачыў плешы на іхных макаўках, стаяў і прасіў. Адзіным ў гэтым памяшканьні, хто дапамог бы мне, быў маленькі бюст Караткевіча, ды толькі ён ня меў рук, мае былыя калегі не маглі дазволіць сабе трымаць у кабінэце кагосьці з працягнутай рукой. У рэшце рэшт я стаў перад імі на калені. Яны апусьцілі галовы й так і не далі мне ні капейкі.
І тады я паехаў да бабулі.
65.
Часам яна давала мне грошы. Няшмат, аднак што такое шмат для чалавека ў маім становішчы? Я ніколі не прасіў у яе, яна давала сама, некалькі паперак з маленькага старэчага кашальку, з усьмешкай, з пажаданьнем купіць што-небудзь для Вікі. Самае галоўнае, у тым, дасьць яна грошы на гэты раз або не, не існавала аніякай заканамернасьці. Я ніколі не адмаўляўся, браў, аднак асабліва не нахабнічаў, часта не заязджаў, так, пару разоў на месяц. За апошнія паўгады яе падарункі некалькі разоў выратавалі мяне ад галоднае сьмерці. Яна ня ведала, што Віка ад мяне сыйшла, а пра звальненьне ведала, усё вучыла, як размаўляць з начальнікамі, каб тыя цанілі цябе. Бабуля думала, што я пасварыўся з шэфам, а я ні з кім не сварыўся, я ціха звольніўся, як папаліць на ганак выйшаў. Я ніколі не сядзеў у бабулі доўга – дзесяць-пятнаццаць хвілін, і бег. Бег жыць.
Читать дальше