Ледзь-ледзь дасунуліся да слуцкага аўтавакзалу. Госьці ўзялі таксі, разьвіталіся.
– А што гэта за бацюшка, з барадой? – ціха спытаў таксіст у Дайліды.
А той прыязна ўсьміхнуўся і ўдакладніў:
– Так, бацюшка… Літаратурны бацюшка…
5.
Пошта прынесла – нібыта з мінулага – ліст ад Анастасіі Паўлаўны Маркавай, па мужы даўно ўжо – Хмары.
Колішняя Наля жыла ў Ленінградзе, дзе ў 1967-м выйшаў у перакладзе на рускую томік яго вершаў і паэмаў.
І патрапіў ёй на вочы той томік.
І вось адшукала адрас. А да пісьма далучыла верш.
«Осенняя мелодия звучит в душе моей…»
Аднак песьняй Дубоўкава душа ўжо не магла адазвацца: стрымана падзякаваў за ўвагу – і выслаў з аўтографам выданьне сваіх перакладаў Шэксьпіра…
Спраўна прыходзілі беларускія газеты і часопісы, лісты з Беларусі. Сярод іх – і віншаваньні з выхадам двухтомніка.
Разгарнуў аднойчы «ЛіМ» – а там артыкул «Імя яго не забыта», артыкул пра Жылку, падпісаны… ягоным прозьвішчам, ягоным ініцыялам. У фальшыўцы сьцьвярджалася, што ў высылцы Дубоўка знаходзіўся ў Яранску – дваццаць кіламетраў ад Жылкі. «Якіх дваццаць?! – брала злосьць Дубоўку. – Нават напрамкі Яранск ад Уржуму, дзе трымалі Уладзю і адкуль ён ужо не вярнуўся, каля ста дваццаці кіламетраў, а па дарозе пад дзьвесьце будзе!» А напрыканцы зьдзеклівае: Жылка быў вызвалены з-пад нагляду НКВД і яму ва Уржуме жылося добра…
Напісаў у «ЛіМ» абвяржэньне, хоць і разумеў, што дарэмна, бо – усьведамляў напоўніцу – нагляд колішняга НКВД заставаўся яшчэ жывучым.
Бо ўбіраліся ў сілу Брэжнеў і тыя, хто вакол яго.
І тыя, хто пад ім – таксама. Як і былі, так і засталіся: у геніях, у трыумфатарах.
Крапіва, да прыкладу… Толькі ў 1971 годзе – ордэн Кастрычніцкай рэвалюцыі (указ Прэзідыуму Вярхоўнага Савета СССР), Дзяржаўная прэмія СССР «за комплекс работ па беларускай лінгвагеаграфіі» (пастанова ЦК КПСС і Савета міністраў СССР за подпісамі Брэжнева і Касыгіна). А яшчэ праз тры гады – Дзяржаўная прэмія БССР ад Машэрава…
Барані бог: у яго не было ні зайздрасьці, ні злосьці. «Усё праходзіць, усё мінае, – думалася яму бяссоннымі старэчымі начамі. – Аднак жа чаму так проста сходзяць і хлусьня, і здрада, і подласьць, і грэх?!»
І маладым ён не мірыўся з гэтым, і цяпер – не зьмяніўся. Раніцай аддрукаваў на машынцы незвычайны ліст – да Крапівы, паклаў у канверт і надпісаў: «Паслаць пасьля маёй сьмерці». Рукапіс жа схаваў у шуфляду:
Падобны з твару да машчэй,
А па душы даўно нябожчык,
Ты жыў яшчэ, стары кашчэй,
Усё мінаеш хату з дошчак.
Жывеш і сохнеш – мільянер!
Адхватчык прэміяў і лаўраў,
Абы накалупаўся верш,
Адразу ладзіш гром літаўраў.
<���…>
А шмат каго папрыбіраў,
Каб на шляху не заміналі,
І выйшаў суха з мокрых спраў
Ды выстукаў яшчэ медалі.
Ты страціў бы і зрок і слых,
Калі б судзіць цябе зьявіцца
Маглі Сымон Баранавых,
Макар Шалай, Сымон Куніцкі.
Іх без віны і без пары
Бяда зьмяла ў апошні вырай.
Ці не дарма твае сябры
Былі з табой занадта шчыра?
<���…>
Ты думаеш, згубіўся знак,
Забыты словы, сьцёрты крокі,
І час мінуў, і сьведак брак? –
А я, а Бог, а сьвет шырокі?
Знацьця ў людзей не адбярэш,
Як ты ні ўпраўны на расправы,
Ды захлынешся ўрэшце рэшт
Сваёю славаю крывавай.
Правін ня зьмесьціш на гарбе,
На шыю зьві сабе вяроўку.
Без прывітаньня да цябе,
З труны
Уладзімір Дубоўка.
P. S.
Чаму з труны? Апаскі менш.
Хачу крыху пажыць сягоньня,
А то бяз часу ў жвір сапхнеш,
Як гэты верш цябе дагоніць.
Калі ж адвееш ты, як дым,
Мой запавет наконт вяроўкі, –
Сьвет зьдзейсьніць сам, сьвет мае чым…
Клянуся барадой Дубоўкі.
Як сустрэча са сьветлым – новы ліст ад Гаўрылы Гарэцкага, сябраў адказ – хуткі і расчулены:
«Засмуціла нас вестка, што і Марыя Пятроўна, і Ты пакрысе хварэеце, а часам – нават і цяжка нядужаеце.
А словы Твае “Адным словам – надышла зіма майго веку” сьціснулі сэрца…
Зімы ў паэтаў не бывае – дух у іх, і асабліва Твой, не старэе. Ты ўсё яшчэ малады Волат, Асілак, і слова Твайго, і песень Тваіх чакае Бацькаўшчына.
Неяк у Маскве ў 1944 годзе выпадкова сустрэўся я на станцыі метро “Бібліятэка Леніна” з Максімам Танкам. Гаманілі пра аднаўленьне Беларусі. Гаманілі пра беларускую паэзію і яе будучыню праз 50–100 гадоў.
“Хто застанецца незабыўным з беларускіх паэтаў?” І Максім Танк сказаў: “Купала, Колас, Багдановіч, Дубоўка”.
Читать дальше