«Праўда, у некаторых творах, асабліва паасобных лірычных вершах паэта(,) часамі адчуваўся нейкі невыразны налёт смутку, а некаторыя творы канца 20-х гадоў мелі і сур’ёзныя ідэйныя недахопы. Аднак пры ўсіх гэтых ідэйных хістаннях асноўная творчая лінія была накіравана на жыццесцвярджэнне савецкай рэчаіснасці…»
«Ну, гэта ўжо штосьці, гэта ўжо не прыклейваньне мне, як калісьці, Кайзера, Пілсудскага ды Балаховіча… – думалася Дубоўку, чытаючы рукапісную рэкамендацыю колішняга сябра. – Толькі ж да чаго ты, Пятро, сам дакаціўся з гэтай савецкай рэчаіснасьцю… Перагартаў я твае апошнія зборнікі, і як ты з гэтым жыцьмеш? Там жа праз старонку – песьня Сталіну, праз старонку – гімн яму…»
Лужанін напісаў рэкамендацыю – па-расейску – 12 сакавіка – у дзень паседжаньня прэзідыума. І Дубоўка прачытаць наступнае ня мог:
«Дубовка Владимир Николаевич – автор многих известных книг и поэм, зрелый мастер стиха, знаток народного языка, отличный переводчик Пушкина, Байрона… Стихи Дубовки свидетельствуют о большом поэтическом даровании, он тонкий лирик и мастер эпических форм. Поэт успешно разрабатывает разнообразные темы, произведения его отличаются яркостью поэтической мысли, полновесными средствами изображения, цельностью и завершенностью построения… Все это дает полное основание рекомендовать товарища Дубовку В. Н. в члены Союза Советских писателей».
Зрэшты, тое ж сказаў Лужанін і на прэзідыуме, а Дубоўку, як ні адганяў з памяці, уваччу паўстала тая старая рэзалюцыя, якой трос перад ім на допыце сьледчы, тая сьвежая, пахкая друкарняй, «Зьвязда»:
«Патрабуем жорсткай кары агентам міжнароднай буржуазіі ў Савецкай Беларусі… Беларускі нацыянал-дэмакратызм… пранік і ў літаратурнае згуртаваньне “Узвышша”. У асобе яго былых лідэраў – Бабарэкі, Пушчы і Дубоўкі… ён стараўся пашырыць свой уплыў на ўсё згуртаваньне… Мы вітаем дбайнага вартаўніка рэвалюцыі – АДПУ, які выкрыў контррэвалюцыйную нацдэмаўскую арганізацыю…»
«Вось бачыш, – крыва ўсьміхаўся сьледчы, – гэта гавораць твае сябры, усё «Узвышша», а ты бычышся… Мы ж павінны рэагаваць на такое…»
А пад той юдаўскай «рэзалюцыяй» першы подпіс – Лужаніна, і сярод прысутных тут, на прэзідыуме, – Крапівы і Глебкі. Усіх, хто вырас з «Узвышша» і абышоў лагер…
Дубоўка ціха гладзіў сваю маісееўскую бараду, спакойна пазіраў на прысутных і думаў па-біблейску: калі б’юць па адной шчацэ, падстаўляй другую.
Прэзідыум закончыўся хутка. Аднагалосна пастанавілі прыняць Дубоўку ў члены Саюза пісьменьнікаў БССР і выдаць яму матэрыяльную дапамогу ў памеры шэсьць тысячаў рублёў – «у сувязі з рэабілітацыяй» (у сьпісе рэабілітаваных беларускіх пісьменьнікаў, зацьверджаным у ЦК, яго прозьвішча на той час стаяла апошнім – трыццаць сёмым).
…А летам агульны зьезд Саюза пісьменьнікаў абраў яго ў праўленьне.
Здавалася б – пачынай усё спачатку: пішы, узвышайся. А дзе ўзяць на тое ранейшы імпэт, ранейшыя сілы?
Ды і сябе – ранейшага…
3.
І так, ён вярнуўся на Беларусь. Вярнуўся пісьменьнікам. Праз дваццаць восем гадоў. Пісьменьнікам бяз… кніг. Бо ўсе яго кнігі за гэты час ці зьнішчылі, ці перадалі ў сьпецсхоў. Куды патрапілі і колішнія часопісныя публікацыі.
Таму трэба зьбіраць кнігу. Да лета ажывіў напісанае ў 20-я – што па захаваным, што па памяці. Назьбіралася і сьвежага. Напісанае ў высылцы, каб ня муляла вока цэнзарам, падпісаў 1958 годам… Перадрукаваў і па-слаў у Менск у выдавецтва.
Не было задаволенасьці. Адчуваў, што ня той голас, ня тыя мелодыі ў яго цяперашняга. Не дрыжаць, не трымцяць струны.
Пачаў чытаць іншых, розных, запоем. І апякло Шэксьпірава, яго 66 санет – у перакладзе Барыса Пастарнака:
Измучась всем, я умереть хочу,
Тоска смотреть, как мается бедняк,
И как шутя живется богачу,
И доверять, и попадать впросак…
Паехаў у бібліятэку, замовіў арыгінал. Перачытаў па-ангельску. І па дарозе назад прыйшло сваё, ад Шэксьпіра ўзятае і ў сабе адпакутаванае:
Зьнябыўся я. Памерці б нават рад,
Каб не глядзець на ўсю няпраўду ў сьвеце,
Дзе кпіць з людзей і зьдзекуецца кат,
Дзе ў рызманы адзеты праўды дзеці…
А летам прыйшоў адказ з выдавецтва: прыязджайце пагаварыць наконт кнігі.
Адразу ж і набыў білет у Менск. Якраз і супадала добра: клікаў у вандроўку па Палесьсі паэт Васіль Вітка, – як галоўны рэдактар часопіса «Вясёлка» арганізаваў і машыну.
У выдавецтве ж імпэт ягоны патух. Рэдактарам кнігі паставілі Алеся Кучара – крытыка-аглабельшчыка з кагорты Бэндэ. Хоць і далікатна, але пачалося: гэта адкласьці, гэта зьнімем, тут праясьніць… Не ўваходзіла ў выбранае многае з найбольш дарагога, любімага. А многае трэба было з’іначваць.
Читать дальше