АЛЕСЬ ПАШКЕВІЧ
РАЗВІТАННЕ З БЫКАВЫМ
1
Амаль аксіёма: людзі павінны вандраваць па свеце, а жыць - на Радзіме. Асабліва ў паважаным узросце. Асабліва - свае апошнія гады.
Такой простай раскошы беларускі лёс не падараваў Васілю Быкаву: напрыканцы 90-х была змушаная эміграцыя ў Фінляндыю, Нямеччыну, Чэхію...
Вось, да прыкладу, гатэль “Bogota” - 100 метраў ад любімай ім берлінскай вуліцы Курфюрстэрдам (дзе, наведваючы сталіцу аб’яднанай ФРГ, ён спыняўся). Вось яго любімая берлінская кнайпа на Момсэнштрасе - “ Дом 100 піваў”. Вось скрайні столік, дзе ён звычайна сядзеў з жонкай і рэдкімі сябрамі... Утульна, спакойна, аднак...
Аднак што можа думацца чалавеку напрыканцы жыцця, адарванаму ад свайго кута, мовы, таварышаў? Чалавеку, які паўстагоддзя таму перамог нацызм, што панаваў у Берліне - а цяпер гэты горад і гэтая краіна абараняюць яго ад чалавека, які “ ўсё робіць для ветэранаў”...
Што можа думацца - чалавеку такога ўзроўню?
- Прэзідэнт Лукашэнка не разумее, што такое - пісьменнік Васіль Быкаў? - спытаў аднойчы ў беларускага літаратара-паязджаніна карэспандэнт Расійскай службы радыё “Свабода”. - Вы ж не займаецеся палітычнай дзейнасцю. Вы ж не пішаце аніякіх антылукашэнкаўскіх артыкулаў, выступленняў...
У тым пытанні была аб’ектыўная логіка еўрапейца ХХІ стагоддзя, хоць ёй і бракавала інфармацыі: ідэі і высновы артыкулаў ды апавяданняў Васіля Быкава апошніх гадоў дыяметральна супярэчылі ідэалагічным устаноўкам А. Лукашэнкі. Думаецца, што па-за ўвагай “кампетэнтных органаў” не засталася і згаданая гутарка на “Свабодзе”. Васіль Быкаў на агучанае пытанне 16 студзеня 2000 года адказаў наступнае:
- Яму [Лукашэнку] не патрэбен Быкаў. У яго ёсць спаяная, магутная кагорта ўласных асабістых пісьменнікаў, якія пішуць яго біяграфіі. Пішуць пра яго, пішуць ягонае жыццё, і славяць рэжым, і яму гэтага дастаткова. А ўсяго астатняга ён не прымае. <...> тое, што робіць Лукашэнка і ягоны рэжым, накіравана на ліквідацыю, на поўную ліквідацыю [дзяржаўнай] суверэннасці. <...> Акрамя гэтага, ён жа ліквідуе нацыянальную культуру, нацыянальную літаратуру, нацыянальную мову.
- Лукашэнка ўжо адчувае сваю поўную беспакаранасць? - спытаў журналіст.
- Ён цалкам пакарыў гэты народ. <...> да кіраўніка ў мінулыя часы, у савецкія, патрабаванне элементарнае: ён павінен мець магчымасць “дастаць” і “выбіць”. Дык вось па гэтай частцы Лукашэнка якраз аптымальны кіраўнік. <...> сваёй гэтай незвычайнай энергіяй, гэтым сатанінскім напорам ён можа выбіць.
Новае пытанне:
- Гэта азначае, ён кіруе рэспублікай, як у свой час кіраваў саўгасам?
Адказ Васіля Быкава:
- Поўнасцю дакладна, поўнасцю дакладна.
Небяспеку аднаўлення ўладнай дыктатуры ў неакрэплым постсавецкім грамадстве на пачатку 90-х бачылі нямногія. Як і нямногія разумелі, што Беларусь мусіць чакаць горшага не ад ціхмянага першага сакратара ЦК КПБ Сакалова ці ад наменклатурнага стаўленіка Кебіча, а ад той светапогляднай прорвы, якая яшчэ на доўгія гады адлучыць беларускі народ ад звання мацмі, а новаабвешчаную Рэспубліку Беларусь - ад еўрапейскай дэмакратыинай дзяржавы.
Тое змаглі адчуць толькі тыя, каго назавуць нацыянальнымі прарокамі. І яны - як і належала быць - прарочылі несуцешнае. Васіль Быкаў на пытанне «Ці рэальны варыянт працяглай, крывавай дыктатуры, якая зноў адкіне нас у эпоху «класавых баёў»?» адказаў адкрыта:
- Улада цвёрдай рукі, дыктатура, адкіне нас не ў эпоху «класавых баёў», а ў адзін вялікі канцлагер, дзе будзе выдатны лагерны парадак. Лагернае аднадумства, лагерны тэрор. І будзе парадак - роўны і дакладны. Усё - строга па норме, у свой час. Пры поўнай згодзе. І ні табе мітынгаў, ні забастовак, ні апазіцыі. Затое будзе вялікі, Шаноўны, Усімі Любімы Правадыр - Дыктатар. Як, зрэшты, ужо і было... Толькі каб быў хлеб у крамах. Хлеба яшчэ трохі ёсць - не хапае дыктатара... Але ён будзе. / Будучыня рэспублікі. Гутарка Васіля Быкава з Сяргеем Навумчыкам, 1991 г. // Цыт. па: Быкаў В. Крыжовы шлях: Артыкулы, эсэ, інтэрв'ю, выступленні. - Мн.: Рэспубліканскі літаратурна-мастацкі фонд “Гронка”, 1998, с.98-99.
Словы пісьменніка-франтавіка палічылі (той, хто пачуў ці прачытаў) перабольшаннем, эфектнай метафарай. А яна - тая метафара - узяла ды ўсяго праз некалькі гадоў ажыццявілася...
За год да першых прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі В. Быкаў у інтэрв’ю радыё “Свабодзе” дакладна спрагназаваў, калі «ён будзе»:
- Новыя выбары <...> - цяпер галаўны боль нацыянальнай дэмакратыі. Сапраўды, каго выбіраць? І як выбіраць? Пры цяперашняй палітычнай апатыі грамадтва нават вельмі магчыма, што да салодкага пірага ўлады палезуць не самыя лепшыя, а як і раней - самыя нахабныя, бессаромныя, хцівыя... / Цыт. па: Быкаў на Свабодзе. - Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2004, с.23.
Читать дальше