Нечакана ўсхопліваецца «палымянец» Клышка:
– Праца Залескай ня можа ўспрымацца пасьпяховым і завершаным дасьледаваньнем. У ёй шмат прымітыўнага! Да прыкладу, у «Баладзе пра ваўка» Аркадзя Куляшова паэтычны вобраз трактуецца рэалістычна! А вазьміце ейныя абвінавачваньні некаторых паэтаў… Уладзімера Дубоўкі, у прыватнасьці… Гэта ж высновы яшчэ сталінскіх гадоў!
У пакоі – мёртвая цішыня. «Акадэмікі» паўгіналі галовы і штось разглядаюць у сваіх запісах…
І тут узьнімаецца Дубоўка. Агледзеў усіх уважліва, уздыхнуў – і мовіў спакойна:
– Таварышы! Можа, тут наш малады сябар занадта абвастрыў праблему… Гэта ўласьціва ўсім маладым. Кніга ж вартая добрых водгукаў. Яна папулярызуе нашу літаратуру на абсягах усяго Савецкага Саюза…
Пасьля такіх словаў праца секцыі зноў ажыла…
Пагаршалася здароўе. Балела сьпіна, надакучаў страўнік. Дубоўка пачаў хутка стамляцца. Знаёмыя параілі аформіць дакументы на персанальную пенсію.
«Што ж, працаваў ня мала. Чаму ж не?»
У цэнтральнай паліклініцы Літфонду СССР выпісалі медзаключэньне: «…наблюдается… с 1960 года по настоящее время по поводу кардиосклероза с хронической коронарной недостаточностью, общего атеросклероза, церебросклероза». Да яе паклаў даведку з ЖЭКу, сабраў з тузін даведак з выдавецтваў – аб ганарарах… Атрымаў выпіску з пратаколу пасяджэньня прэзідыуму праўленьня СП БССР за подпісам намесьніка старшыні Івана Шамякіна: «1) …устанавіць творчы стаж пісьменьніка У. Дубоўкі з 1923 году. 2) Хадайнічаць перад Саветам міністраў БССР аб устанаўленьні пісьменьніку Дубоўку У. М. персанальнай пенсіі».
У сярэдзіне жніўня 1962 году сабралася адпаведная саўмінаўская камісія, якая вынесла сваю пастанову: «Хадайніцтва аб устанаўленьні персанальнай пенсіі рэспубліканскага значэньня тав. Дубоўку У.М. адхіліць».
«Адхіліць дык адхіліць. Шкада толькі патрачанага часу…»
А на стале яго ціхай кватэркі-«паўтарачкі» ў Цьвярскім-Ямскім завулку – недапісаныя казкі, накіды аўтабіяграфічнага нарысу. Ды і Шэксьпіравы санеты – узьнёслае і прачулае спадужніцтва з класікам…
Перад самым Новым годам – радасьць. За «Палескую рапсодыю» яго ўганаравалі літаратурнай прэміяй імя Янкі Купалы. Дыплом урачыста атрымаў ад старшыні Саўміну Кісялёва.
СПэшнае начальства адразу ж загаварыла пра магчымасьць выданьня двухтомніка.
І пачаў жыць двухтомнікам, зноў адшукваць і аднаўляць колішняе, парадкаваць цяперашняе.
4.
Для яго, звыклага чакаць доўгімі – галоднымі і халоднымі – гадамі, новыя месяцы праходзілі незаўважна. Да двухтомніка зрабіў прадмову Вітка, ён жа і патэлефанаваў тады ў менскую гасьцініцу:
– Мне здаецца, Мікалаевіч, ты засядзеўся ў сталіцах… Тут адзін мой зямляк, настаўнік, запрашае нас да сябе ў школу, на Случчыну. Можа, пракоцімся?
– А чаму ж не?
Настаўнік аказаўся добрым маладзёнам, багатым на ўсьмешку, з шчырым адкрытым позіркам. Ды і прозьвішча меў адмысловае – Дайліда.
Яны паволі выязджалі з гораду на чырвоным «Масквічы», за рулём – малады сябар.
– Гэта ж трэба: такое прозьвішча адхапіць… – нечакана загаварыў, нібы правяраючы, Дубоўка. – А вы ведаеце, даражэнькі, адкуль і з чаго яно пайшло?
– Канешне, – шафёр трымаўся ўпэўнена. – Ад дойліда. Дойлід – па-руску зодчий.
– Так! – ажывіўся Дубоўка. – І слова, і прафесія харошыя! У 20-х гадах я слова «дойлід» у друку пачаў ужываць адным з першых. Дык што вы думаеце? За гэта на мяне наскочылі некаторыя крытыканы… Маўляў, старую сьмярдзючыну я папулярызую. І што дзіўна: найбольш злосна накінуўся тады Алесь Дудар, паэт і крытык, які меў прозьвішча… Дайлідовіч! Такое ж, як ваша, толькі з «овіч». – Дубоўка кіўнуў галавой і працягнуў: – Я ўпэўнены, што і Віктар Дайліда піша…
– Так-так, – адазваўся з задняга сядзеньня Вітка. Толькі ён на прозу націскае. – Слухай, – і патрос Дубоўку за плячук. – А ці ня сумна табе ў Маскве? Перабіраўся б на радзіму. Весялей было б!
– Так то яно так… – Дубоўка задуменна пакамячыў у кулаку бараду. – Толькі ж там спакайней ад некаторых маіх колішніх таварышаў, з якімі аніяк не магу дзяліць адно паветра. Ды і да магілкі сына бліжэй…
Сустрэча ў школе была запамінальнай. Спадабаліся вучні – актыўныя, кемлівыя, усе добра гаварылі па-беларуску.
Назад выбраліся пад вечар. «Масквіч» пачаў капрызіць.
– Не хвалюйцеся, – супакойваў кіроўцу Дубоўка. Не вялікае бяды, калі і станем. Колькі тут да таго Слуцку! Ногі ж ёсьць. Як каму, а мне не прывыкаць: я на сваіх дзьвюх паўтайгі абхадзіў…
Читать дальше