– А гэта магчыма?
– Ну канешне. Вось нядаўна Звонак аднавіўся. Трэба тры рэкамендацыі, бо ты ж не ўступаў, тады, у трыццаць чацьвёртым… І даведкі аб рэабілітацыі. Па кожнай справе. – Броўка ніякавата крутнуўся на крэсьле. – Сам разумееш, такі парадак…
– Так-так, – Дубоўка нярвова прыраўняў бараду. – Мне б яшчэ з хлопцамі пабачыцца…
– З кім?
– А хто яшчэ мяне памятаць можа… З жывых… Па «Узвышшы» колішнім. Крапіва, Лужанін, Глебка…
– Гэта мы ўраз! – абудзіўся Броўка. – Адно Глебка цяпер у ад’езьдзе, на сесіі ААН, у Нью-Йорку. – Прысунуў тэлефон, хутка набраў нумар. Прапішчэлі тры доўгія гудкі, і за імі прахрыпела гучнае «Алё». – Дабрыдзень, Кандраце! – Броўка ўсьміхнуўся. – У мяне госьць, госьць здалёку і з вялікай барадой. Хоча пабачыцца з табою…
– А што за госьць?
– Дубоўка.
– О, прыехаў… – і нечакана доўгая паўза. А затым менш бадзёрае: – Ты ведаеш, аніяк цяпер не магу. Нарада ў Акадэміі. Разумееш… Ды і юбілейныя клопаты даймаюць…
Броўка паціснуў плячыма, пабарабаніў па стале пальцамі, затым – як у апраўданьне – сказаў:
– Так, Кандрату ж праз колькі дзён шэсьцьдзесят стукне. Яму народнага зьбіраюцца даць…
А затым набраў новы нумар. Зноў гудкі і «Алё» – ужо Лужанінскае.
– Прывітаньне, Амбросьевіч. – І слова ў слова тое ж: пра далёкага госьця і яго вялікую бараду.
– Ён перад табой? – у пытаньні насьцярога.
– Так.
– Калі ласка, перадай маё вітаньне. А пра сустрэчу… Папрасі на іншы раз. Цяпер аніяк не выпадае…
Броўка паклаў слухаўку і разьвёў рукамі.
– Можа, сходзім у сталоўку, перакусім, па кроплі возьмем? – прапанаваў, каб прыхаваць ніякаватасьць.
– Ды не, дзякуй, – усьміхнуўся Дубоўка. – Прайдуся па горадзе, а там зноў на вакзал, у дарогу.
– А з грашыма як? – Броўка ўстаў, каб правесьці госьця.
– Ёсьць, ёсьць грошы, не турбуйся. – Паціснуў старшынёву руку – і запытаўся ўжо ад прачыненых дзьвярэй: – А Крапіва дзе цяпер працуе?
– У Акадэміі навук, дырэктар Інстытута мовазнаўства.
– Ага-ага, – Дубоўка хітнуў галавой і разьвітаўся яшчэ раз.
Да вакзала вяртаўся прасьпектам – сонна, нясьпешна. Надзіва проста купіў білет да Краснаярску, з перасадкамі, – і ажно спалохаўся: «Гэта ж зноў – тысячы кіламетраў…»
Перакусіў у вакзальнай сталоўцы і сядзеў на пероннай лаве. Чакаючы цягнік, скурыў пачак «Беламору» (да тытуню прывучыўся яшчэ ў Мінгрэліі). І з кожнай новай папяросай на лоб успаўзала новая маршчыніна, а на вачах глыбела продумна-журботная смуга…
Вярнуўся разьбітым, зьняможаным. Суткі спаў, забыўшы пра ўсё на сьвеце. Прытрызьніў сябе маладым – у Маскве, студэнтам Брусава. Разам з ім вучацца Бабарэка, Пушча, Жылка. Вялікая бібліятэка, безьліч кніг. І ўсе – у крывава-пунсовых вокладках.
Калі прачнуўся і сеў піць гарбату, прыгадалася брусаўскае: «Острым серпом, безболезненно режущим, Сжаты в душе и восторг и печаль…»
Жонка была на працы. Узяў адзін з яе сшыткаў, пачаў пісаць сваё:
Колькі сярпом тым бязьлітасна зжата
нашых дзянёчкаў, гадочкаў і вёсен,
покуль прыйшла, не спытаўшыся, восень…
Задумаўся, перагарнуў старонку – і тэлеграмна напісаў Пушчу:
«Братка, Язэп, я быў у Менску ў Вярхоўным судзе, дзе атрымаў паперку аб рэабілітацыі. Я там бачыў і тваё прозьвішча. Так што зьбірайся дахаты.
Я прадаю ўсю сваю маёмасьць: хату і ўсю гаспадарку, і едзем у Маскву. Буду праязджаць праз Мурам, калі здолееш, то спаткай мяне, пагаворым хоць некалькі хвілінаў…».
2.
Вырвацца з наседжанага і зробленага сваімі рукамі гнязда – няпроста. Купцоў на гаспадарку знайшлі хутка: Почат рос, абзавёўся электрастанцыяй, клубам, новымі сем’ямі. З сабой пакідалі толькі самае неабходнае.
– Вось каб наш садок забраць, – ужо некалькі разоў загаворваў Дубоўка і зноў абыходзіў, разьвітваючыся, свае саджанцы.
– А з гэтым што рабіць будзем? – паказвала жонка на цэлую скрыню рубанкаў, фуганкаў, стамесак.
– Іх я не магу пакінуць! – гаспадар быў катэгарычным. – Забяром…
Зноў паўмесяца дарогі, шмат перасадак. У Мурам прыехалі з вялікім спазьненьнем, ноччу. Калі Дубоўка выйшаў на пусты перон – вачам не паверыў: дачакаўся-такі яго Пушча!
Толькі абняліся – а цягнік адыходзіць.
– Ну нічога, цяпер прасьцей пабачыцца будзе. Дзякуй, што сустрэў, – Дубоўка дагаворваў ужо з вагону.
У Маскве, пакуль зьнялі жытло, жылі ў невялічкай сестрыной кватэры. На другі ж дзень паехалі на станцыю Вярбілкі, на магілку Альгерда. Магілка прыбраная (прыглядала сястра), побач – клёнік у сілу ўбіраецца.
Читать дальше