– Лепш бы я за яго тройчы з жыцьця пайшоў, – толькі й змог вымавіць Дубоўка за ўсю тую паездку…
Другога сьнежня ён быў у Менску. Узяў і натарыяльна заверыў новыя даведкі з Вярхоўнага суда, паводле якіх адмяняліся (за недаказанасьцю абвінавачваньняў) і пастановы ад 1931-га і 1935 гадоў, і ўжо з імі пайшоў у Саюз пісьменьнікаў.
З Броўкам не пабачыўся, затое была новая сустрэча з Алесем Якімовічам, колішнім знаёмцам – па яшчэ дваццатых. Дубоўка некаторы час узначальваў рэдакцыю дзіцячага часопісу «Піянер Беларусі», а Якімовіч быў яго супрацоўнікам.
І вось – шчыра ўзрадаваўся, абняў, пасадзіў за свой стол (Якімовіч працаваў у саюзным апараце).
– А мы ўжо занепакоіліся, дзе гэта ты дзеўся, – крактануў і паклаў перад Дубоўкам аркуш паперы. – Пішы аўтабіяграфію, а тут… – дастаў з шуфляды друкарскі разьлінеены бланк, – узгадай сваё апублікаванае. – І падсунуў асадку.
Дубоўка размашыста ўпісаў асноўнае з адвучанага-адпрацаванага, а калі дайшоў да 1930-га, спыніўся. Зірнуў на Алеся, нібы жадаючы штось спытаць, абмакнуў пяро – і з абзаца: «У 1930 г. выбыў з Масквы на Усход СССР (даведкі № 1, 2, 3). На цяперашні час працую рабочым, хварэю (інвалід ІІ групы)». Ніжэй – дату і подпіс.
– Тут яшчэ, кажуць, тры рэкамендацыі патрэбны, – адзначыў, як між іншым.
– Так. Табе, разумею, нязручна. Я сам дагаваруся. Адну сам напішу, – адказаў Алесь. – А дзьве… Глебку і Лужаніна папрашу. Толькі пакінь адрас, каб выклікаць на прыём.
А потым Якімовіч вызваўся праводзіць на вуліцу.
– Я рады, што ўсё з табой на свой круг паварочваецца. – расшчырыўся ён па дарозе ў гасьцініцу. – Цяпер галоўнае табе – агледзецца і пачаць зноў пісаць. І не зважаць на розныя старынкі…
– Гэта ты пра што? – не зразумеў Дубоўка.
– Ды так… Яшчэ ня ўсе тут старое павыкідвалі з галоў… Вось, скажам, Крапіва. Нядаўна кнігу выдаў, а там, у каментарыях, яшчэ берыеўскія характарыстыкі на цябе, Пушчу ды іншых. Мы яму: «Можа зьняць гэта? Яны ж рэабілітаваныя». А ён: «Гэта яшчэ паглядзім!»
– Канешне паглядзім! – упэўнена ўсьміхнуўся Дубоўка, чым заўважна зьдзівіў суразмоўцу.
Якімовіч стрымаў слова: напісаў рэкамендацыю, папрасіў іншых, а на Новы год, віншуючы Дубоўкаў, паведаміў, што паседжаньне прэзідыума праўленьня Саюза пісьменьнікаў адбудзецца ў сакавіку. Ажно ў сакавіку…
А іншыя «рэкамендатары» цягнулі да апошняга.
«Ул. Дубоўка выступіў у беларускай літаратуры ў пачатку 20-х гадоў. Ужо першыя яго вершы звярнулі на сябе ўвагу сваёй арыгінальнасцю і сапраўднай мастацкасцю. Неўзабаве, калі з друку выйшлі кнігі паэта «Строма», «Трысцё», «Там, дзе кіпарысы», «Credo», «Наля», паэмы «Браніслава», «Кругі» і рад іншых, творчасць Ул. Дубоўкі набыла ўсеагульнае прызнанне. Больш таго, многія паэты 20-х гадоў пачыналі сваю работу пад безумоўным уплывам паэзіі Ул. Дубоўкі…»
Гэта з рэкамендацыі Глебкі, датаванай 11 сакавіка 1958 году. Глебкі, якога ў тых, 20-х, апекаваў ва «Узвышшы» Дубоўка, якога, маладзейшага на пяць гадоў, вучыў. І, калі ня мог пабачыцца, дасылаў лісты, – як гэты, з Масквы, пасьля выхаду ў 27-м Глебкавай кніжкі «Шыпшына»:
«…З усіх іншых зборнікаў “Шыпшына” вылучаецца цэльнасьцю і апрацаванасьцю. Гэта плюс. Мінусамі можна было б лічыць некаторыя ўплывы, у тым ліку і мой. Пра іншыя хібы пагаворым у Менску. А зараз не магу не падзяліцца з табой сваімі пажаданьнямі адносна далейшай тваёй працы. Апрача вывучэньня тэарэтычнай літаратуры <���…> старайся больш чытаць…».
Але гэта было ў тым жыцьці, нават па-за-тым, а ў гэтым яму пісаў рэкамендацыю на права быць прафесійным пісьменьнікам не ягоны вучань, а савецкі акадэмік:
«Вершы і паэмы Ўл. Дубоўкі насычаны глыбокім пачуццём, арыгінальныя і дасканалыя па сваёй форме. Яны былі прысвечаны станаўленню і ўмацаванню савецкай рэчаіснасці, у іх паказвалася барацьба працоўных Заходняй Беларусі супраць белапанскай акупацыі<���…>, адлюстроўвалася жыццё ў старыя дарэвалюцыйныя часы…».
Аднак улашчаны акадэмік ня мог забыць і напісаны ім, яшчэ не акадэмікам, артыкул «Нацдэмаўшчына, замаскаваная марксісцкай фразай», апублікаваны тады, калі Дубоўка чакаў прысуду ў турме на Валадарскага: «Творчасьць Уладзімера Дубоўкі, ад першага зборніку “Строма” і да апошняга так званага “комбайну” “Штурмуйце будучыні аванпосты”, зьяўляе сабою адзіны і просты шлях ад нацыяналістычных момантаў да закончанага контррэвалюцыйнага беларускага нацыянал-дэмократызму», ня мог забыць, а таму і зрабіў (на ўсялякі выпадак) у рэкамендацыі агаворку:
Читать дальше