“Наступны кастынг місі спадабаецца”, — Маса падміргнуў Агаце ў люстэрка і завярнуў на чарговы вузенькі правулак, запаркаваны так шчыльна, што даводзілася крыху пашморгаць па чужым транспарце, каб прасунуцца наперад. — “Ды я ж наступны прапускаю, там толькі Марціну чакаюць і тых, рудых, з яе агенцыі? Мы іх зараз падбіраем, так?” “Така-так”, — Маса ўсміхнуўся яшчэ шырэй і махнуў рукой наперад: “Лук, місі, куды едзем!”
А наперадзе красавалася тая самая вежа — як Эйфелева, толькі яшчэ больш недарэчная, у бела-чырвоных колерах. Кастынг быў у двух кварталах ад правай нагі вежы, Яначка з Агатай засталіся ў машыне чакаць…
— Давай мо збегаем? — не ўцярпела Агата. — Зірнем зблізку? А машына... Ды што машына, ты ж ведаеш, як тут транспарт кідаюць: з ключамі ў замку… Каму наш вэн трэба, такі старэнькі, пашорганы…
І дзяўчаты пабеглі глядзець вежу. А як дабеглі ды пабачылі, што на ўваход чаргі няма, то не ўтрымаліся і зайшлі ў сярэдзіну. А як зайшлі ды пабачылі, што і на ліфты асаблівай чаргі няма, і кошты цалкам прыстойныя… Залезлі дзеўкі на тую вежу, ды на самую макаўку. Паглядзіце налева, паглядзіце направа, вой, а вунь Фудзі, вой, а гэта, напэўна, наш парк, шкада, праз смог кепска бачна, але ж і далёка, ну аграменны горад! Пакуль на ўсе бакі агледзеліся — вой, мы тут ужо з паўгадзіны, трэба бегчы назад.
Прыбеглі — няма ані вэна, ані Масы, ані іншых дзяўчат. І знаку няма. Ну, усё, скралі, значыцца, мінівэн, а з ім і ўсе рэчы... Добра, што Агата ўважлівая — запомніла, у якія дзверы сяброўкі на кастынг уваходзілі, пацягнула разгубленую сяброўку туды. Але ж і там Масы няма, і нікога знаёмага, і ўвогуле хоць нейкая англамоўная цётка знайшлася з цяжкасцю. Цётухна, родная, любая, дай тэлефона пазваніць! Ну, вось вам тэлефон, а нумар які? Ды хто ж яго ўпомніць, усе нумары ў мабліцы, а мабілка ў мінівэне, а вэн недзе ў горадзе, а горад — на ўласныя вочы бачылі — аграменны. На шчасце, добрая жанчына сама распытала дзяўчат, з якой яны агенцыі, вызваніла кагосьці з тых, хто праводзіў кастынг, і здабыла нумар, які адразу падаўся Агаце знаёмым. Агата чакала чаго заўгодна (а яна, як больш англамоўная і больш вінаватая — спакусіла малую дурнічку на вежу залезці, — сама ўзялася з іхняй агенцыяй гутарыць) — што давядзецца доўга тлумачыць сітуацыю, што крычаць на яе будуць, што заробку пазбавяць на месяц наперад… Але спадарыня дырэктар была надзіва стрыманая: букер ёй ужо званіў, яго з іншымі мадэлькамі адправілі на наступны кастынг, і радуйцеся, што вы ў ім не ўдзельнічаеце, але калі не перахопіце Масу каля выхаду Е са станцыі метро, то прапусціце свой кастынг, і гэта падарве імідж нашай агенцыі ў вачах кліентаў, гэта будзе такая ганьба…
— Нам тэрмінова трэба ў метро, а то з краіны дэпартуюць, — рэзюмавала Агата для Яначкі непрыемную гутарку. — Ну, не плач, таварны выгляд сапсуеш, метро паблізу, памятаеш, мы там Марціных сябровак падбіралі, час яшчэ ёсць, дзякуй місіс за тэлефон…
Дзяўчаты пабеглі. І толькі калі ўбеглі на станцыю, выявілася, што грошай, якія яны маюць пры сабе, ледзь хапае на паўдарогі. Ім бы адразу турнікет пераскочыць, з натоўпам змяшацца, да цягніка дабегчы і потым паўтарыць гэтыя аперацыі на дзвюх зменах ліній, ды вось толькі натоўпу няма. А здавалася б, станцыя недалёка ад такой бачнай турыстычнай забаўкі, ад вежы той няшчаснай… Можа, у іх якое свята нацыянальнае, і ўсе японцы разам з турыстамі дома святкуюць?
Агата ў соты раз вывучала маршрут і шукала па кішэнях драбязу, калі Яначка пацягнула яе са станцыі назад у пераход, бо з будкі каля турнікетаў на іх усё больш строга глядзела дзяжурная ў белай фуражцы і пальчатках, вось ужо і рацыю дастала, і нешта там такое кажа, ну дакладна пра іх і дакладна штосьці нядобрае…
— Ты спяваць умееш? — пытае Яначка, раскладваючы Агаціну насоўку на бруднай падлозе пераходу. — Каб яшчэ нештачка круглае, форму задаць… Ага, вось, завязка, як добра, што ты мне ў машыне хвост была зрабіла… Ну, што глядзіш як баран на баранý, умееш ці не?
— Ці табе, дзеўка, у галаву напякло? Не да спеваў цяпер, і ўвогуле, што ты робіш?
— Як гэта не да спеваў? Самы час! Давай манеткі!
— На халеру табе тыя манеткі, хадзем хутчэй, мо спынам дабярэмся…
— Ага, спынам, па ўсіх гэтых заторах яна праз паўгорада немаведама з кім хоча даехаць, у самы розрух… Манеткі, кажу, давай! — зараўла Яначка: рэдкі выпадак, калі яе сяброўка разгубілася, як тут не скарыстацца момантам і крыху не пакамандаваць. — Бачыш — гэта гняздзечка, а ў ім павінны быць залатыя яечкі, я спяваць буду, а ты, як не ўмееш, во тут пры мне сядзь і глядзі як-небудзь пажаласлівей, каб мінакі шкадавалі…
Читать дальше