І вось Агата і Яначка жабруюць у метро: Яначка крыху прытанцоўвае і выводзіць рулады, Агата сядзіць на пятках, як ёг, і выбівае на каленках рытм, а на рэдкіх мінакоў глядзіць так жаласліва, што яны спачатку спяшаюцца хутчэй прабегчы міма, потым на бяспечнай адлегласці спыняюцца, абарочваюцца, адзін нават на фоцік паспрабаваў зняць, ды дзяўчаты хутка навучылі хітруна, колькі каштуе фотасесія.
— Не, нешта не ідзе.
Яначка раптам перастала гукаць жавароначкаў і патрабаваць ад іх, каб прынеслі вясну-лецейка, і пералічыла грошы ў насоўцы: усяго на некалькі прыпынкаў па жоўтай лініі.
— Гэй, толькі не раскісаць! Зрэшты, раскісай, раскісні як след, яшчэ жаласлівей будзеш глядзецца. Ну, падумаеш, этна-фольк ім не смакуе… А калі я зараз вось гэтае, га, вы такога не чулі…
Тут Яначка зараўла калядны харал: “Не-ба ізЯм-ля, не-ба-ізЯмля ра-даа-сна-спя ваааа-юць!” — падміргваючы ў паўзах Агаце (якая ад здзіўлення перастала румзаць) і напаўжартам патрабуючы чытаць уголас усе вядомыя малітвы: а раптам нейкі анёлак залётны іх пачуе дый пашкадуе, прышле падмогу.
Ці то змена жанру падзейнічала, ці то сапраўды хтосьці наверсе, недзе там, далёка над гарачым асфальтам, смогам і туманнай Фудзі, злітасцівіўся з бядачак, але не паспела Яначка даспяваць “Дзіва-дзіваабвя-шча-юць!”, як насупраць дзяўчат спыніўся сярэдні японец: не высокі і не нізкі, у цёмным гарнітуры і пры гальштуку, чаравікі начышчаныя, чорныя валасы бобрыкам, з-пад бобрыка пот па невыразным твары так і цячэ. Уласна праз пот ён і спыніўся — абціраўся насоўкай ды выраніў, а пакуль падняў, пачуў тое Яначкіна “дзіва”. Пастаяў, даслухаў — а мо проста ад спёкі адпачываў, усё ж у пераходзе якая-ніякая прахалода. Калі Агата пачала сяброўцы пляскаць, ужо асабліва не зважаючы на слухача, — ну, сапраўды ж добра праспявала, вунь пераход даў цудоўнае рэха, не горш чым у якім саборы, — дзядзька падышоў і давай дзяўчат на добрай ангельскай распытваць, што, ды як, ды чаму. І тут ужо Агата салаўём запела…
Турнікеты яны прайшлі разам з дзядзькам-дабрадзеем, які набыў ім квіткі да патрэбнай станцыі, але сам ехаў у процілеглы бок. Строгая дзяжурная больш не здавалася такой строгай. Агаце нават здалося, што белая пальчатка памахала ім здалёк на развітанне.
— Ты, напэўна, спявала у нейкім хоры! — выпытвала Агата, пакуль цягнік скакаў з цемры ў святло і зноў у цемру. А Яначка трыумфальна адмоўчвалася, маўляў, ды так, усяго патроху, — нарэшце і ёй удалося здзівіць сяброўку, хай памучыцца… Але вытрымала нядоўга:
— …і не ў нейкім хоры, а ў самым што ні ёсць царкоўным!
Агата толькі пырснула: уявіць гэту заўзятую шоперку, модніцу і тусоўшчыцу на клірасе ды яшчэ з хустачкай на галаве не атрымлівалася нават пасля сённяшняга выступу ў пераходзе. — Дык ты, хіба, звечара на дыскатэку, а зранку на службу, грахі замольваць?..
— От ужо нічога табе не скажы, — Яначка перастала смяяцца і пакрыўдзілася. — Што ты разумееш? Дыскатэкі, тусоўкі ўсялякія — гэта ж вельмі карысна для мадэлінгу, для прафесійнага росту. Дзе, ты думаеш, дызайнеры з дзяўчатамі сяброўства завесці могуць, ну не на паказах жа, калі ўсё дагары нагамі, суцэльны вэрхал, і абы гэта цаца маляваная паспела ў калекцыі выйсці ды не звалілася, ды апратку не сапсула… Вось на афтапацях — тут табе і шампанскага, кактэйльчыкаў усялякіх, расслабіцца і пагаварыць троху можна, а ты думаеш, як я на паказ “Кензо” трапіла, як мне гэтыя туфлікі дасталіся? Ага, ага, вось і не крывіся на дыскатэку, яшчэ зморшчыны раннія накрывіш… Між іншага, мяняем лінію ці не?
Калі дзяўчаты выбіраліся з натоўпу, які нарэшце сабраўся і панёс іх — дзве каляровыя трэсачкі сярод чорна-белай, цёмна-карычневай, шэра-офіснай плыні, — у непатрэбным кірунку, Агата была надта занятая падземным арыентаваннем, а Яначка тым, каб не згубіцца. Калі ж новы цягнік загаварыў з імі салодкім дзявочым голасам і вандроўніцы разабралі ў ім назвы наступнай і канцавой станцый, Яначка пачала расказваць, карыстаючыся зацішшам прыпынкаў і моўчкі прыгадваючы нешта прыемнае, пакуль цягнік ляцеў праз тунель. Яна расказвала, што спявае столькі, колькі сябе памятае: “…баба кажа, што я нават у пялюшках не хныкала, а напявала. У школе ў нас хору не было, вядома, якія на раёне школы, не тое што ў іх, сталічных… Затое ў царкве быў, мяне туды часта цягалі, як малая была, дык я ўсе малітвы павывучвала і пачала хору падпяваць… І нешта так добра атрымлівалася, ажно самой падабалася, калі яшчэ сонца праз вокны б’ецца, струменіцца, а ў сонечным святле пыл лётае, міра і ладан курацца… Прыго-о-ожа… І ты сабе спяваеш, і здаецца, голас разам з водарамі наверх ляціць, і Госпад з іконкі ласкава так глядзіць, як па галаве цябе позіркам гладзіць… Мяне спярша бабулькі слухалі ды хвалілі, ну, тыя, што свечкі абгарэлыя падбіраюць і кветачкі на святах папраўляюць… а тады ці то яны сказалі, ці то што, ды неяк матушка-рэгентша да мяне пасля службы падышла, запрасіла, вось я і пачала з тамтэйшым хорам спяваць, у іх заўжды людзей не хапала… Але ж блазнюкі гэтыя маладыя царкоўнікі, я табе скажу… Ты, між іншага, не першая, каго мае спевы ўразілі, я неяк была з адным дызайнерам сустракалася… Ну як сустракалася, быў паказ, смелая такая калекцыя, не так апранае, як распранае… Потым ён мяне запрасіў у кавярню, я прапанавала пагуляць па горадзе, гуляем, ён мне ўсё нешта пра нейкіх філосафаў гаворыць, я ўголас “ага, ага”, а сама думаю, хто гэта, і ўсё баюся, чым усё скончыцца, ну, бо ж малая была, гадоў чатырнаццаць, хлопцаў у мяне да таго не было ніколі, што з імі рабіць, не ведала… Бацькі настрашылі, што ўсім хлопцам быццам бы аднаго толькі трэба… А тут якраз бачу — у кірунку царквы ідзем, і вечар, і пачынаюць званіць званы… Дык я яму і кажу, што мне, маўляў, на службу трэба, адспяваю і праз паўтары гадзінкі зноў з ім магу гуляць… Бедны хлопец з твару перамяніўся, вочы так неяк пагаслі, ён хуценька развітаўся і знік, і не званіў больш, так што калі ты выпадковых кавалераў не цярпіш, рэкамендую…”
Читать дальше