Буцеры
Агата і Яначка крадуць з аўтамата бутэрброды.
Усе грошы яны спусцілі на новую Яначкіну куртачку: “Ты паглядзі, колькі гузікаў! Не, ты паслухай, яна звініць!..”
А есці хочацца. Да заробку яшчэ тры дні, таму дзяўчаты цягаюцца па горадзе, зазіраюць у крамы, дзе ёсць вазы з бясплатнымі цукеркамі. І раптам гэты аўтамат, відаць, закінуты — вунь сырны сандвіч ужо плесняй пайшоў. Высакароднай, калі глядзець на пусты страўнік.
Але ж як ты яго здабудзеш? Агата тройчы абыходзіць бутэрбродны стод з загадкавым мармытаннем: “А калі выцягнуць шнур, то… Можа, ззаду блок кіравання?” Ды аўтаматны дух не заклінаецца. Яначка суне яму сваю крэдытку, спустошаную шопінгам, але нахабная машына той карткай проста плюе дзеўцы ў твар. Пакуль Агата ломіць пазногці, спрабуючы адкалупнуць шыльду з намаляванай маланкай, Яначка выцягвае з торбы кастынгавыя абцасы і разбівае шпількай вітрыну.
...Калі яны нарэшце аддыхваюцца, сірэна ўсё яшчэ вые ўвушшу. Дзяўчатам пляскае зверху чыясьці бялізна, развешаная між вокнаў, котка корпаецца ў смецці і шыпіць, бо Яначка праганяе яе, каб усесціся на вечка сметніцы.
— Е-сці, е-сці! — радасна скандуе Яначка, старанна аддзяляючы памяты буцер ад цэлафану. Пахне кіслым селядцом.
— Фу-у! Я гэтага не буду! — абураецца Яначка. — Яны ж з маслам!
— І шы-то?.. — набіўны рот, цікавіцца Агата.
— Як шы-то? Эта ж цы-лю-літ будзе!
Агата, падавіўшыся бутэрбродам, сутаргава смяецца. Яначка ж сядзіць на сметніцы і песціць котку, якая наелася бутэрбродам з маслам і палагаднела. Разам яны глядзяць на зоры: “Амаль столькі ж, колькі гузікаў на маёй куртачцы … Не, ты паслухай, як звініць…”
Вежа
Агата і Яначка ўцякаюць ад паліцыі. Малады таўсматы японец у форме з самым радасным выглядам твару бяжыць за дзяўчатамі — “стоп, стоп, рашан просціт’юц!” Вось-вось адна з іх падверне нагу — як яны ўвогуле ўмудраюцца так хутка бегчы на сваіх высачэзных абцасах? — вось-вось ён іх дагоніць, ды пад белы ручанькі, ды ва ўчастак, а там, а там… Але радасць хутка знікае: пабегай па спёцы пры поўным парадзе, не трэба было запіваць у абед макс-чыкен колай, казала старая — адна шкода ад гэтых заходніх цацак, ну ды я з вамі разлічуся, і гамбургераў вам, і дайце мне толькі вас да ўчастка… Аднак куды гэта ж вы, не, не туды, у мяне інструкцыі, сюды толькі патруль ходзіць, вярніцеся, чуеце, вярніі-і-і-цеся-а, ну па-добраму прашу, там жа небяспечна, чуеце!..
Дзяўчаты чуюць, ды не тое: чуюць расчараванне пераследніка, чуюць, што ён застаецца ззаду, што ён толькі крычыць, а не бяжыць услед, але самі спыніцца не могуць. І толькі калі Яначка сапраўды падварочвае нагу — абцас па самую пятку вязне ў зямлі, — уцёкі нарэшце завяршаюцца. Вакол намёты, хаткі са смецця, і адусюль на ўцякачак зіркаюць нейкія валасатыя людзі. Хто б паверыў, што толькі хвіліны кульгавага бегу аддзяляюць іх ці не ад самай люднай і ажыўленай часткі горада. “Янка, — ледзь выдыхае Агата (ад такой прабежкі нават у алімпійскіх спартсменаў дыхалку сапрэ), — Янка, кідай туфлю, трэба цікаць!” Прапанова відавочна слушная і своечасовая, аднак — “Не магу!.. Ну, гэта ж… кензо!” Пакуль валасаты, барадаты і яўна даўно нямыты натоўп збіраецца вакол няпрошаных госцяў, Агата ліхаманкава пракручвае ў галаве падзеі гэтага ідыёцкага дня: ці ведае хоць нехта, дзе іх шукаць…
А дзень пачынаўся, як звычайна, у смогу і душнай гарачыні, ад якой на твары Яначкі плавілася касметыка, а валасы ліплі да голых лапатак. “Хораша табе, стрыжанай!..” — ныла Яначка. “А я табе казала, апрані тую, у гарохі, з закрытай спінай”, — адказвала Агата, якая дзякуючы сваёй хударлявасці і правільнаму адзенню спёку пераносіла няблага. — “Ды я ў ёй як бегемот!” — “І хто цябе прасіў яе купляць?” — “Ну дык жа на зніжцы была, уяві, макартні — і ўсяго за такую дробязь!..”
Як заўжды, Маса забіраў дзяўчат на паркінгу а палове дзявятай — каб даехаць на першы кастынг, трэба не трапіць хаця б у некаторыя з затораў. Па дарозе Яначка ўгаворвала Масу зрабіць кандыцыянер яшчэ халаднейшым, Агата — наадварот, цяплейшым (“Вось схопіш запаленне — а мне насі перадачы і за цябе кэтвокі адрабляй?!”), кіроўца смяяўся, дзяўчаты астывалі, прыводзілі сябе ў парадак, Яначка нават пазногцікі ўмудрылася падфарбаваць: “Ну, усё адно ж не едзем?.. Пахне? Каму пахне? А ты зацісні нос!” Потым, як заўжды, ішлі кастынгі — дзень пры дні, з ранку да вечара: рыхтаваўся вялікі фэшн-івент, дызайнеры рабіліся ўсё больш узвінчанымі, капрызнічалі, па сто разоў пераглядалі ўжо абраных дзяўчат, ганялі на прымеркі, фоткалі, здымалі на відэа, зноў і зноў кастынгавалі... Масаў мінівэн матаўся па Токіа, ды горада дзяўчаты так і не бачылі — толькі машыны ў заторах, а яшчэ матацыклістаў, старажытных бабулек на навюткіх роварах і зрэдку токіа-таўэр на даляглядзе. “Аднойчы я на яе падымуся”, — у чарговы раз уздыхала Агата. “Ага, як жа ж”, — пад’южвала Яначка, але і сама прагным вокам вежу мерала: з яе, напэўна, бачныя ўсе буцікі, вунь якая высозная…
Читать дальше