Першая паездка па горадзе, на сьвежую галаву, з раніцы, з шырока расплюшчанымі вачыма, зь цьмяным адчуваньнем казачнасьці... і адразу я абіраю сабе кропкаю пачатку шпацыру Таўэр оф Лёндан, і на сваім прыпынку Расэл Скуэр я ўпершыню трапляю ў салён чырвонага двухпавярховага аўтобуса, такога таемнага й адвечна цікавага аўтобуса, які перасьледуе мяне ад самай першай клясы, з урокаў па ангельскай мове... я знаходжу вінтавую лесьвіцу й караскаюся на самы верх, узрадаваны тым, што наперадзе нікога, я займаю месца каля лабавога акна (месца для пацалункаў, бо гэтая камэра зьверху акурат здольная праглядаць увесь салён і пярэдняе сядзеньне — сьляпое месца, месца пад камэрай), і маім вачам адкрываецца неверагодны краявід другога паверху Лёндана, яго жыцьцё зьверху, па-іншаму, калі пабы, кнайпы, пірагоўні — усё недзе ўнізе, а зьверху дрэвы, старая архітэктура, сьветлафоры зазіраюць у акно, рэклямныя расьцяжкі пралятаюць, ажно кранаючыся чырвонага даху... гэта прыцягвае, горад падаецца магічным, я шчоўкаю кадры на сваю "мыльніцу"... вакол сонечна, але гэта цяпер, бо праз хвіліну пачынаецца дождж...
Лёнданскія аўтобусы (каб не заміналі руху па такіх вузкіх вулачках) замест таго, каб пашыраць дарогі, умешвацца, так бы мовіць, у саму існасьць горада, вырашана было пераставіць на спэцыяльныя шасі, якія на паваротах былі здольныя паварочвацца на дзевяноста градусаў ... звонку гэта ня надта заўважна, але калі ты знаходзішся на самым носе аўтобуса, на другім паверсе, то бок на самым ілбе чырвонай машыны, ягоныя рэзкія павароты, крутыя й адчайныя, падаюцца сапраўдным атракцыёнам, і першае падарожжа здаецца ўвогуле экстрэмальным... але ненадоўга, вось ён спыняецца, і я пачынаю сваё першае падарожжа празь Лёнданскі мост да Шэксьпіраўскага тэатру, буйной галерэі Тэйт Мадэрн, да Лёнданскага вока, празь якое пехатою да Біг Бэна, адтуль да Трафальгарскай плошчы... і дадому праз Нацыянальны музэй... часам маршрут заводзіць мяне да Сэнт Пол Катэдраль альбо да ланцуга паркаў — Сэнт Джэймс парк, Грын і Гайд паркі, празь якія, сьцежкаю Лэдзі Дзі я магу дабрысьці й да раёну Кэнсінгтон... гэта мае звычайныя маршруты, якімі я часта пераадольваю, быццам зьбягаючы ад нявыкруткі, скрушныя думкі. Лёнданскія шпацыры — гэта мая ўласная псыхатэрапія, маё лячэньне, дзе я зазіраю ў галерэі, старыя аблупленыя пабы, якія падаюцца такімі роднымі, спыняюся на розных мастах — Міленіюм, Ватэрлоа, Таўэр, Лёндан, Блэкфраярс, Лямбэт, Ваксхол і іншыя... я самотна ўглядаюся ў Тэмзу, таплю ў ёй выявы, думкі, расчараваньні... я мушу вярнуцца дамоў адноўленым, іншым... на кожным сваім шляху я пакідаю частку ад мяне былога, таго, з кім мне ня хочацца камунікаваць... у парках я падоўгу сяджу й назіраю за качкамі, лебедзямі, за англікамі, эмігрантамі, іншаземцамі, я вучуся глядзець унутр сябе, але пакуль што ў мяне атрымліваецца пісаць толькі скрушныя нататкі й злосныя, брыдкія апавяданьні.
У акадэміі акрамя неверагоднага патоку інфармацыі, паскоранага руху часу, шалёных абʼёмаў кавы й ламаньня галавы, як напісаць гэтую варʼяцкую курсавую па разьвіцьці стылю й моды ангельскага "Тоні энд Гай" за пяцьдзясят год, акрамя сумных рознакаляровых і размаітых студэнтаў у мяне ёсьць тры сябры: Алі Аўюн, Сафі Паэт й Кэвін Фостэр.
Алі з Кювэйта, ён цалкам падобны на Эдварда Рукі-Нажніцы, толькі ў яго высокі лахматы іракез і ён сам худы й невысокі, джынсы ў яго заўсёды амаль цалкам споўзшыя з заду, ён майстра круціць сапраўдныя ямайскія спліфы, набітыя самым адборным...
Сафі з Францыі, яна мае вялікія, цёмныя, вельмі прыгожыя вочы, кірпаты носік і кудлатыя валасы, якія віюцца па плячох і заўсёды імкнуцца кудысьці ніжэй сьпіны... праз год я даведаюся, што яна, так і не скончыўшы курс, пакінутая на паўторнае навучаньне, зьехала ў Афрыку й пачала пісаць апавяданьні... цяпер яна ўжо друкуецца й мае гонар ладзіць свае аўтарскія вечары ў Францыі.
Кэвін — ён карэнны англік, жыве на ўскраіне Лёндана, у Сыты навучаецца, бачыць яго, Сыты, упершыню... акрамя жартаў — Кэвін у цэнтры горада ўпершыню, бо ехаць зь ягонай ускраіны ажно чатыры гадзіны... няма чаго рабіць! Падчас вучобы ён здымае жытло побач з акадэміяй... Кажа, што пазнае большасьць месцаў з урокаў ангельскай мовы й гісторыі... У нас зь ім амаль агульнае ўспрыманьне Лёндана, бо ўпершыню... Кэвін апранаецца ў вельмі шчыльную адзежу, заўсёды здаецца, што яна яму вельмі й вельмі малая, яшчэ імгненьне — і пачнуць рвацца кашуля, джынсы, саколка па швох, але яму, здаецца, усё падабаецца, асабліва ўсьміхацца.
Читать дальше