Сюрпрыз. Сюрпрайз! Бар. Стары падраны стол, скасабочаныя зэдлікі, на сьценах жоўтыя дагератыпы, Сафі кажа, што бару трыста год, я ахвотна веру. Сядзім насупраць адно аднаго. Нам падносіць афіцыянт (вясёлы хлопец гадоў дваццаці) дзесяць кілішкаў празрыстай вадкасьці й сыходзіць.
Сафі кажа: "Гэта рашн водка, пі! Гэта як у цябе на Радзіме? Так прынята?"
Я кажу: "Дзякуй, мне вельмі прыемна, але мы так ня пʼём!"
Сафі: "Я думала, што ў вас там усе вось так і пʼюць, таму вырашыла зрабіць табе ласку, мой рэспэкт".
Я ўдзячны Сафі за ўсё, настолькі ўдзячны, што за паўгадзіны выпіваю дзевяць кілішкаў гарэлкі, заядаючы іх тытунёвым дымам, сплёўваючы ў попельніцу гідкую гарэлкавую сьліну... Б-р-р-р... Дзякуй, казачная Сафі, я ніколі не забудуся на такі дзіўны пачатак дня нараджэньня!
Дзень нараджэньня скончыўся ў дзікім клюбе "Фабрык", штамп — клюбе для замежнікаў... там было шматлюдна, была неверагодная колькасьць вельмі пʼяных, як сьвіньні, расейскамоўных людзей, якія толькі мацюкаліся й падалі, і было зашмат моладзі, якая знаходзілася пад сінтэтычнымі наркотыкамі, валялася там на вялікіх ложках і рабіла ўсё, што прыходзіла ім хутчэй не ў галаву, а ў іншае месца. А потым я памятаю, што мы шмат езьдзілі ў кэбе, і хто плаціў за кэб, ня ведаю да гэтага часу, але дамоў я прыехаў, трымаючы ў руках пакет з Макдоналдза, пакунак зь пірагоўні, пачатую бутэльку "Грантс", карабель марыхуаны, трымаючыся за плячо маёй беларускай суседкі, якая штосьці мармытала пра "сапраўдных англікаў", але мне было не да гэтага.
Мае суседкі, мае цукерныя сяброўкі, мае пякельныя спадарожніцы, якім, як і мне, пашчасьціла трапіць у акадэмію, былі нястрыманымі ў пытаньнях сэксу, і, на жаль, гэтая нястрыманасьць мяне не тычылася, бо іхныя мэты, кропкі дасягненьняў былі абмежаваныя ангельцамі, на скрайні выпадак — замежнікамі, але замежнікі й эмігранты краін трэцяга сьвету не лічыліся. Так вось і атрымалася, амаль кожным вечарам, ноччу, хтосьці зь іх па чарзе прыводзіў дамоў мужчыну, і адна зь іх вымушаная была саступаць пакой і ночыць са мною. Ня ведаю, на што гэта залічыць, на карысьць маёй джэнтльмэнскасьці альбо няўдачы, але за ўвесь час я не скарыстаўся такімі гарачымі момантамі. А трэба дадаць, варта было б і скарыстацца, але я вельмі хацеў захаваць між намі сяброўства, амаль сямейныя стасункі, і гэта атрымалася. Пакуль яны шукалі сабе сапраўднага гарачага, але стрыманага ў ложку ангельца, я толькі чуў гукі, грукат і скрып, пакуль бяссоннымі начамі, апынаючыся дома, ляжаў і глядзеў у цёмныя куты, стараючыся ня думаць, што сплю не адзін.
Адна з суседак, найстарэйшая з нас, правярнула выдатны плян: на ўікэнд да яе прылятаў муж, яна толькі пасьпела прачнуцца, выпхнуць з ложка чорнага ангельца аўстралійскага паходжаньня... менавіта выпхнуць: ногі ў рукі — і давай, да пабачэньня!, як ва ўваходныя дзьверы пазванілі. На парозе стаяў муж суседкі, вясёлы, кахаючы, ледзь ня плача ад шчасьця (яны на такі доўгі тэрмін рассталіся ўпершыню)... Муж відавочна сумаваў — пакамечаная адзежа, сам неахайна паголены, бледны нейкі.
І вось яно — муж на парозе, клясыка, чорны ангелец-аўстраліец сядзіць на кухні, чакае, калі яму другая суседка заварыць гарбаты, я вітаюся з мужам, мне цікава назіраць за ўсім, што зараз адбудзецца. Старэйшая суседка абдымае мужа, цалуе, вішчыць ад шчасьця, мы рукаемся, другая суседка вітаецца крыкам з кухні... чорны мужчына выходзіць у калідор. Старэйшая суседка кажа: "Гэта Ніко, ён сябра Сяргея!"
— Хай!
— Хэло.
Так муж маёй суседкі цяпер ведаў, што я зусім бясшкодны гомік, які любіць чорных мужыкоў. Ну нічога... А што ж я мог зрабіць у той момант?! Зруйнаваць шчасьлівы пятнаццацігадовы шлюб?! Аднабаковае каханьне? Але якое каханьне?! Усім каханьням прыклад!
Праз вучобу я быў сталым наведнікам суседняга з акадэміяй ксэракс-інтэрнэт цэнтру, дзе ўсё было вельмі танна, з пахам вакзалу і вялікай колькасьцю рознакаляровых прадстаўнікоў чалавечай расы. Я хадзіў у гэты цэнтар кожную раніцу, а калі заўважыў вельмі прыгожую, ну вельмі-вельмі прыгожую дзяўчыну за касаю, то пачаў завітваць (раздрукаваць тэкст, скапіяваць старонку, фотаздымак, ілюстрацыю, узяць 30 хвілін інтэрнэту) яшчэ ў дадатак у абед і вечарам. Адсачыў, калі яна перакусвае, а якой гадзіне абедае, колькі разоў выходзіць папаліць... Як яна мне падабалася, неверагодна! Невысокая, страйнюткая, тонкая, з роўнаю паставаю, быццам танцаўшчыца, яна мела лялечныя ручкі й ножкі, вельмі густыя сьветлыя валасы, блакітныя вочы, пухлыя вусны, носік бульбачкаю... Я ніяк ня мог завязаць зь ёю размову, заўсёды толькі па справах, але й праз гэтыя рэдкія сказы я пачуў, што яна размаўляе зь лёгкім усходнеэўрапейскім акцэнтам, а такі акцэнт мне толькі на руку. Хадзіў я вакол яе й сваёй думкі пра знаёмства й запрашэньне на вечар у ангельскай пірагоўні пяць тыдняў, ужо варта было б альбо адважыцца, альбо пакаваць валізы перад адʼездам... І тут я нарэшце гэта зрабіў — пазнаёміўся й дамовіўся на сустрэчу ўвечары каля мэтро Тотэнхэм Курт роўд. Аказалася, што завуць яе Даша, і я думаў, што яна якраз з Украіны, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Расеі, Малдовы, Баўгарыі, Польшчы альбо Чэхіі...
Читать дальше