У тэме “Ніцшэ і жанчыны” звычайна акцэнтуецца ягоны раман з Лу Саломэ, “пэрсаніфікаванай філязофіяй Ніцшэ” (па трапнай характарыстыцы ягонай сястры, якая вымаглася, каб раман не завяршыўся шлюбам).
Лу Саломэ была расейкай, ёй тады (1882 г.) яшчэ ня споўнілася дваццаці год, яна мела выключны розум, надзвычайную інтэлектуальную чуйнасьць і паэтычны талент. Яе паэму, прысьвечаную Ніцшэ, спачатку палічылі за твор самога Ніцшэ. “Гэта самая разумная жанчына ў сьвеце”, — так пісаў Ніцшэ пра Лу Саломэ ў лісьце да аднаго зь сяброў. Пэўна, у гэтай ацэнцы болей ад звычайнай закаханасьці, чым ад сапраўднасьці, але калі такі магутны талент найперш бярэ пад увагу розум, то мусім пагадзіцца, што гэта была сапраўды неардынарная жанчына.
Натуральна, нічога ў Ніцшэ з Лу Саломэ “не атрымалася”, і наўрад ці маюць рацыю тыя, хто ў гэтым абвінавачваюць сястру Ніцшэ, Лу Саломэ ці Паўля Рэ (тады сябра Ніцшэ). Жанаты Ніцшэ — аксюмарон, ён мог выдумляць побач з сабою жанчыну і рабіць нейкія захады, каб паспрабаваць пазбавіцца адзіноты, аднак калі б справа з кімсьці насампраўдзе зладзілася, ён, пэўна, уцёк бы ад нявесты ў апошні дзень перад шлюбам, як ад Рэгіны Ольсэн уцёк Сёрэн Кіркеґар...
Цікава, што Ніцшэ “сваталі” і да Наталі Гэрцэн, аб чым ён паведаміў сваёй сястры ў адным зь лістоў: “Мяне пераконваюць тут у адносінах да Наталі Гэрцэн... Але і ёй трыццаць гадоў, было б лепей, каб яна была на год дванаццаць маладзейшай. А ўвогуле мне пасуе яе характар і розум”.
Тэма “Ніцшэ і жанчына” набывае трагедыйную “пікантнасьць” у зьвязку з даволі распаўсюджаным меркаваньнем, што прычынаю ягонага вар’яцтва сталася хвароба на пранцы. Але яшчэ пры “жыцьці” Ніцшэ гэтая вэрсія абвяргалася ці бралася пад сумнеў шэрагам знакамітых мэдыкаў. Доктар Ґільдэбрант: “Няма і сьледу доказу таго, што Ніцшэ ў 1866 годзе захварэў на пранцы”. Д-р Г.Эмаюэль: “Зь цяперашняга стану клінічнай псыхіятрыі вядомыя нам факты з гісторыі хваробы Ніцшэ недастатковыя для таго, каб рабіць станоўчыя высновы да дыягназу paralysis progressiva”. Д-р О.Бінсванґер: “Дадзеныя анамнэзу, датычныя хваробы Фрыдрыха Ніцшэ, настолькі няпоўныя і абарваныя, што канчатковая выснова аб энталёгіі ягонае хваробы не ўяўляецца магчымай”.
Да гэтых меркаваньняў спэцыялістаў згадаем яшчэ сьмерць бацькі Фрыдрыха Ніцшэ, які таксама пакутваў ад боляў у галаве і апошні год пражыў, ужо страціўшы сьвядомасьць.
Ніцшэ не аднойчы пісаў (і ня толькі ў лістах) пра бацькаву хваробу і сьмерць. Ён ведаў, якая яму дасталася спадчына, толькі не даваў веры свайму веданьню.
Аднак лёс на кані не аб’едзеш. Памёр Фрыдрых Ніцшэ апоўдні 25 жніўня 1900 году.
2. АПОШНІ ЧАЛАВЕК
Ён быў падобны да чалавека, які выйшаў з краіны, дзе ніхто не жыве.
Эрвін Родэ
Калі над хвалямі быцьця некалі і лунаў больш магутны дух адпрэчвы, то гэта — дух Сатаны.
Хаця, каб гаворка тут была пра Сатану, то я, напэўна б, сказаў наадварот: калі над хвалямі быцьця некалі і лунаў больш магутны дух адпрэчвы, то гэта — дух Ніцшэ.
Дарэчы, у другой канструкцыі мы апынаемся значна бліжэй да сапраўднасьці. Сатана (натуральна, я маю перад вачыма не абы-якога сатану, а гожага высакароднага волата із “Страчанага раю” Джона Мільтана) не ўтрываў Бога над сабою, паўстаў і ў жорсткай бойцы быў пераможаны ды скінуты зь вяршыні эмпірэяў у бездань смуроднага пекла.
Так і Ніцшэ ня вытрываў... толькі вынік на гэты раз быў зусім іншы...
Народжаны не з жаночага чэрава, а з духу трагедыі, Ніцшэ імкліва і нязмушана ўзыходзіў па стромкім схіле нігілізму, пакуль на вышыні 6000 футаў над узроўнем чалавека не патрапіў па той бок дабра і зла. Тут, у блакітных нябёсах нявымернай адзіноты, ён распачаў вайну з Другім як зь лішнім і дамогся таго, на што не хапіла моцы ў Сатаны.
Калі Ніцшэ вярнуўся з вайны і зазначыў перад людзьмі, што Бог памёр (заўважым, ён не сказаў: “Я адолеў яго!”), то людзі палічылі Ніцшэ за вар’ята. (Ня станем папікаць недаверкаў, яны яшчэ не жылі ў XX стагодзьдзі.)
Ніцшэ і сапраўды звар’яцеў, але не тады, як вярнуўся, а значна пазьней — потым, і зусім не таму, што быў выкляты пераможаным Богам (ёсьць такое, і досыць устойлівае, меркаваньне)... Цяпер ён ня ведаў, каго яму больш перамагаць, і таму амаль на дзесяць год схаваўся ў вар’яцтва, каб ніхто не здагадаўся, што магутны вой — нікчэмны дойлід.
Перамагае ня той, хто перамагае, а хто творыць іншае (як Бог калісьці зь нічога нешта). А Ніцшэ мог ствараць толькі праз абвяржэньне, разбурэньне, адпрэчваньне. Дакладней, вось гэтае бурэньне (“Я паўночны вецер для сьпелых пладоў”) і ставала ягоным творывам.
Читать дальше