Заакцэнтуем увагу на слове “пакінуў”, бо ў маім разуменьні яно зьяўляецца лёсавызначальным што да антычнай цывілізацыі: ніхто гэтую цывілізацыю не бурыў, не зьнішчаў, не заваёўваў (хаця, натуральна, і бурылі, і зьніштажалі, і заваёўвалі — ды не пра тое тут гаворка), — чалавек яе проста пакінуў, пакінуў з ўсёй матэрыяльнай і духоўнай раскошай, і не знайшлося ў антычнасьці нічога, што магло б затрымаць пры сабе чалавека.
У антычнай цывілізацыі, здаецца, было ўсё, акрамя патэнцыі да актуалізацыі я-чалавека, як адзіна пэрспэктыўнай для яго падзеі быцьця — адкуль і вядомы вынік, які сама яна нават ня здолела асэнсаваць: неўпрыкмет сканала, шчасьліва не разумеючы, што здарылася і з чаго так здарылася?!
ТРАНСЦЭНДЭНТНЫ ГАРАНТ Я-ЧАЛАВЕКА
Навідавоку пярэчаньне: “адзіна пэрспэктыўнай” і першай, ува ўсіх сэнсах, падзеяй быцьця ў хрысьціянскую эпоху быў ня я-чалавек, а Бог. Фармальна, пагодзімся, гэта безумоўна так. Але разам з тым заўпарцімся: сутнасным зьместам монатэістычна сфармалізаванай трансцэндэнцыі стаўся менавіта я-чалавек, які, праз пэрсанальны хаўрус, у Богу рэалізаваў насьпелую патрэбу абгрунтаваць сваю значнасьць у значэньнях лучнасьці з пэрсаніфікаванай ісьцінай быцьця.
Скуль раптам узьнікла менавіта такая патрэба? Прычына быццам нечаканага скоку з наяўнасьці ўва ўнівэрсалісцкім агульным у сынгулярную тоеснасьць з Богам мне бачыцца ў наступным: Тэкст пашырыў расьцярэблены ў эру Міту лапік а-рэальнасьці да памераў практычна неабмежаванай прасторы, якая з прычыны сваёй неабмежаванасьці змагла запрапанаваць “вакансіі” на ўласнае мейсца ў быцьці кожнаму асобнаму чалавеку, з чаго ў я-чалавека зьявілася магчымасьць індывідуальных стасункаў зь ісьцінай быцьця.
Улучна з тым Тэкст, рассунуўшы прастору ёсьць у бязьмежжа было і трывала замацаваўшы вэрсію верагоднасьці будзе, адначасна з “вонкавай” прасторай (двукосьсі тут таму, што а-рэальнасьць онталягічна паходзіць зь інтэлігібэльнага патэнцыялу чалавека і хаця наяўна яна фіксуецца ў тэхнагібельным рэльефе цывілізацыі, але быційна адбываецца ўнутры я-чалавека) зьмяніў і “нутраную”, экзістэнцыйную прастору я-чалавека, якая павялічылася праз парамэтры было і будзе да той меры, што ўжо дазваляла я-чалавеку зьмясьціць Бога ўнутры сябе. Вось із гэтай, падвоенай перамены сытуацыі (гранічнае пашырэньне “нутраной” прасторы я-чалавека) узьнікла запатрабаваньне такога Бога, які б улічыў гэтую перамену, улучыўшы яе эмбівалентны сэнс у сваю трансцэндэнтную сутнасьць.
Сярод вядомых нам паганскіх багоў не знайшлося такога, які б здолеў, не пакідаючы ўнівэрсальнага космасу, засвоіць сынгулярны космас я-чалавека, абжыць яго як свой уласны дом і тымсамым гарантаваць кожнаму я-чалавеку статус унікальнай падзеі. Як ні блізка да я-чалавека мясьціліся багі (Дзэўс на гары Алімп, Ярыла за бліжэйшай хмурынкай...), аднак ім было не па сілах пераадолець тую дыстанцыю абыякавасьці, што адмяжоўвала іх ад я-чалавека, і хаця субстанцыянальна паганскія багі нібыта ўдзельнічалі ўва ўсіх чалавечых справах, але гэты ўдзел меў адно значэньне пры-сутнасьці, прысутнічаньня ля сутнасных акцыяў я-чалавека і не прадугледжваў магчымасьці трансфармацыі ў бок экзістэнцыйнага збліжэньня зь я-чалавекам, тым болей — таясамасьці зь ім у адзінай сакральнай прасторы...
Бог, які прыйшоў да эўрапейскага чалавецтва з Тэкстаў Вялікай Кнігі юдэяў, быў гранічна чалавечым Богам. Ён перадусім апекаваўся чалавекам і таму ў яго атрымалася забясьпечыць я-чалавеку насьпелую перамену статусу: пад апякунствам гэтага Бога я-чалавек зь меры існага стаўся тым, што вымяраецца існым, як ягоная, існага, ісьціна.
У Богу я-чалавек знайшоў найбольш важкі аргумэнт на карысьць каштоўнасьці самога сябе. Калі бог стасуецца непасрэдна да мяне, калі ён заангажаваны мною, то пэўна я патрэбны Богу як тое, без чаго яму цяжка абыйсьціся. Адсюль вынікае, што ў нейкім сэнсе маё “я” — апірышча Бога і значыць у прасторы а-рэальнасьці яно ўяўляе супольную з падзеяй Бога падзею быцьця.
Бог, як я-чалавек, адсунуты ад самога сябе ў неверагодную далеч і я-чалавек, як Бог, ссунуты з гэтай неверагоднай далечы ў прыхапкі я-чалавеку — такой была аснова новай сытуацыі, якая далей аб’ектыўна вымагала натуралізацыі богачалавека ў значэньнях чалавекабога.
Пэрсаналізаваўшы Бога ў Ісусе Хрысьце, хрысьціянскі чалавек канчаткова паставіў знак тоеснасьці паміж сабой і Богам і тымсамым улучыў сябе ў ісьціну быцьця. Разам з тым гэтая працэдура сталася і вырашэньнем праблемы я-чалавека ўвогуле, бо дзякуючы пэрсаналізацыі Бога, чалавек амаль на тысячагодзьдзе пазьбег пытаньня: хто я? Яно цалкам патанула ў праблеме Бога: што ёсьць Бог і наколькі Бог вымыкаецца са сваёй трансцэндэнцыі для чалавечага веданьня?
Читать дальше