Кастусь Бандарук:На сустрэчы з сябрамі Сіноду Беларускай Праваслаўнай Царквы з вуснаў кіраўніка дзяржавы і Мітрапаліта Філарэта прагучалі запэўненні ва ўзаемнай адданасці і прыхільнасці. Кіраўнік дзяржавы заявіў: «Царква — гэта дабро. Мы высока цэнім міратворчую місію БПЦ, асабліва ейную стрыманасць і мудрасць. Я вельмі хацеў бы, каб БПЦ не была выведзеная за рамкі дзяржавы. Яна павінна стаць адным з важнейшых апірышчаў нашай дзяржавы».
Шмат для каго відавочна, што гэта — палітычны гандаль кіраўніка дзяржавы з галоўнай канфесіяй за спінаю іншых канфесіяў. Маўляў, я гарантую Вам манапольны статус, буду абараняць ад іншаверцаў і ад раскольнікаў, але ж і вы ўзамен падтрымайце мяне. Ці згодныя вы з падобным меркаваннем?
— Будзем шчырымі. З даўніх давён улада духоўная і ўлада палітычная ў самых розных спосабах хаўрусаваліся паміж сабою, шукаючы асабіста для сябе выгады з гэтага хаўрусу. Але ў ХІХ—ХХ стагоддзях ужо канчаткова адбыўся падзел улады на духоўную і свецкую. Гэта была адна з буйнейшых цывілізацыйных падзеяў, якую еўрапейскае чалавецтва выпакутавала не адно стагоддзе і якая так дорага яму каштавала. І вось сёння кіраўнік краіны кажа: я спадзяюся, што Царква будзе адным з інстытутаў дзяржавы. Гэта значыць, што мы зноў радыкальна абрынаемся ў мінулае… Я рашуча супраць палітычнага хаўрусу Дзяржавы і Царквы, бо дастаткова выразна ўсведамляю, што рана ці позна, але гэты хаўрус нам вылезе бокам.
Валер Карбалевіч:Складваецца ўражанне,што Царква (зрэшты, як і інстытуты іншых культаў) выяўляе нейкае раўнадушша да вострых грамадскіх праблемаў, пазбягае іх закранаць. Грамадства са сваімі праблемамі існуе само па сабе, а Царква — сама па сабе. Ці згодныя вы з такою ацэнкаю? Калі так, дык у чым прычыны такой з’явы?
— Царква — гэта стары, вельмі стары інстытут улады. Створаная ў зусім іншыя эпохі, яна праіснавала дзве тысячы гадоў і дажыла да нашага часу. Але ўжо страшэнна стамілася. Яе патэнцыялу цяпер хапае адно каб берагчы самую сябе. Да таго ж, калі ў пару традыцыйных грамадстваў яе існаванне было актуальным, бо палягала ў адным фармаце з тагачаснымі грамадствамі, дык у эпоху мадэрну, а асабліва — постмадэрну, Царква перастала адказваць на выклікі грамадства. Рэч у тым, што палітычная ўлада ў эпоху мадэрнасці змагла трансфармаваць свае базавыя прынцыпы (дэмакратызаваць іх), а схема функцыянавання Царквы засталася той самай. Яна сёння ёсць ні чым іншым, як жывым музеем дыспатычных эпохаў. Таму мы цяпер сапраўды маем сітуацыю, калі грамадства існуе само па сабе, а Царква — сама па сабе (і дзеля самой сябе).
Алег Абламейка:Апошнім часам у Беларусі паўсюль аднаўляюцца разбураныя і будуюцца новыя праваслаўныя храмы ў класічным візантыйскім стылі, які рэзка кантрастуе з традыцыяй беларускага культавага дойлідства. Ці не паўплывае ўсё гэта на беларускую нацыянальную свядомасць?
— Я не магу стрымаць скептычнага посмеху, калі гляджу на ўсе гэтыя свежапафарбаваныя «макаўкі», якія ў мяне асацыіруюцца не з высокім дагматам, а, прабачце, з рускімі «ряженымі»…
Ніяк не магу забыцца на праваслаўны храм у сталіцы Македоніі. Яго кідкая, нават агрэсіўная мадэрнасць проста такі агаломшыла — і захапіла. У такой царкве ты апынаешся побач і з сваім мадэрным часам, і з вечнасцю. А пад гэтыя «макаўкі» і зазірнуць не вабіць.
Што да ўплыву праваслаўных навабудаў на беларускую нацыянальную свядомасць, дык ён, безумоўна, ёсць, толькі гэты ўплаў не на саму свядомасць, а на нейкія яе перыферыйныя ўскраіны. І зусім не таму, што праваслаўныя навабуды не звязаныя з традыцыямі беларускага культавага дойлідства. А таму, што культавыя пабудовы ўжо даўно не дамінуюць у гарадскіх ландшафтах, якімі б эстэтычна выразнымі і аб’ёмнымі яны не былі. Як Царква ў сваім цэлым, так і яе храмы сёння знаходзяцца на маргінэзе што сацыяльнага, што духоўнага жыцця. А маргінальнае ніколі не можа фармаваць свядомасць грамадства, яно можа хіба што прыўносіць у яго нейкія лакальныя характарыстыкі.
Сабор Парыжскай Божай Маці і сёння захапляе ды ўражвае. Аднак не ён, а Эйфелевая вежа ўжо другое стагоддзе з’яўляецца сімвалам не толькі Парыжа, але і ўсёй мадэрнай Еўропы. Калі не памыляюся, у Мінску неўзабаве пачнецца будаўніцтва некалькіх ужо сапраўдных хмарачосаў. Вось яны і будуць, разам з нацыянальнай бібліятэкай і да таго падобным, вызначаць на бліжэйшы час як архітэктурную дамінанту краіны, так, верагодна, і нешта надзвычай істотнае ў нашай свядомасці.
Читать дальше