Я не ведаю: што трэба зрабіць, каб усё гэта было i ў вёсцы, у калгасе. Ведаю адно: рабіць нешта трэба. Бо сёння таксама — я думаю, з гэтым згодзіцца кожны — зямлі патрэбны, побач з нашай новай выдатнейшай сучаснай тэхнікай, паэты — людзі, якія любяць гэтую зямлю, якія не ўяўляюць без яе жыцця, якія адчуваюць сябе тут дома.
Зямлі патрэбны—
паэты,
якія
ёю жывуць i дыхаюць,
аб ёй, як аб маці, дбаюць,
якія,
перш чым з плугам прайсці,
думкамі
яе саграваюць.
Яны яшчэ ў снежні снежным,
калі за хатамі свет увесь белы,
у галаве
раўнютка ўзаруць яе i прабарануюць!
Яны яшчэ ў лютым лютым,
калі замятае снег зоры,
Кожны палетак засеюць
зярнят золатам.
А потым зноў яго перасеюць,
i не раз, a разоў, можа, дваццаць ці сорак.
I доўга думаць будуць,
дзе жыта пусціць, дзе проса,
куды колас вось гэты
Паставіць звінець...
Адным толькі ім, паэтам
(сапраўдным, не вершаплётам),
рада
Аддаць зямля ў рукі ключы
ад
залатаносных складаў.
Крытык Р. Бярозкін, прачытаўшы гэты верш у маёй кнізе «Чарназём», зразумеў яго так, быццам я заклікаю на зямлю паэтаў — членаў i не членаў нашага Саюза пісьменнікаў. A ў мяне i ў галаве такога не было. Што ж, значыць, я недастаткова ясна выказаў сваю думку, не здолеў як след данесці яе да чытача.
Пра ўсё гэта думалася мне, калі я тупаў каля клуба, чакаючы прыезду артыстаў.
Нарэшце яны прыехалі. Я ўбачыў знаёмы мне твар Бражніка. Людзі, што стаялі на вуліцы, паціснуліся ў клубную залу, а я падаўся ў свой дванаццаціложкавы пакой — спаць: заўтра мяне чакала новая частка маёй дарогі.
НЯСВІЖСКІЯ НЕБАСХІЛЫ
На «новай зямлі». «Самаяздачка» i акно, расчыненае ў свет. Калгасны «стражнік». «Шпіён». Сонца горада. Сустрэча з паэтам. Попел князёў. Альба — звярынец Радзівілаў. Кацярынінскія бярозы.
Дзень гойданкі па дарозе Доўгае — Яскавічы — Старобін—Слуцк — Капыль, начлег на раскладушцы капыльскай гасцініцы, i вось, сышоўшы чыстым ядраным ранкам з чарговага аўтобуса, я апынуўся ў Кудзінавічах — вёсцы, куды пераехаў з Яскавіч, намерваючыся знайсці на «новай зямлі» сваё арандатарскае шчасце, Аляксандр Кандратовіч — бацька паэта.
Тут, па гэтай зялёнай мураве, па круглых, як маленькія курганкі, купінах, зрашочаных мурашкамі i чмялямі, па беламу i мяккаму (ступіш — i не пачуеш) пяску вуліцы — працягу палявой дарогі — хадзіла некалі маленства Уладзіслава Сыракомлі, тут, забываючы на вячэру, а то i coн, цэлымі днямі гуляў ён з вясковымі хлапчукамі ў «чыжыка» i «свінню», гарцаваў верхам на бярозавым «кані», тут, на зімовых вячорках, як зачараваны, слухаў ён, поўяня суму i жалю, цягучыя песні прыгонных беларускіх сялянак, адсюль, ахоплены прагай аблегчыць долю забітага беларускага мужыка, падаўся ён з набітым кнігамі i сшыткамі ранцам у Нясвіж па навуку.
Вёска Кудзінавічы знаходзіцца якраз на мяжы Нясвіжскага i Капыльскага раёнаў, але ўваходзіць у склад апошняга. Сельсавет — Пацейкаўскі.
Інфармацыю пра вёску даў мне яшчэ ў аўтобусе дзядзька з Кудзінавіч, які вёз з Капыля сетку хлеба. Мы разам з ім i выйшлі на прыпынку.
— А да каго вы ў Кудзінавічах? — папытаў ён.
Я не ведаў, што i адказаць. Моркавалася проста пахадзіць па вёсцы, пагутарыць з людзьмі. Але так вось i сказаць дзядзьку — ён, напэўна, не зразумее.
— Думаю зайсці ў школу, — адказаў я. Відаць, i сапраўды трэба б было пачаць са школы: з дырэктарам ці настаўнікам, якім легка можна растлумачыць мэту майго з'яўлення тут, усё ж лацвей было б знаёміцца з вёскай.
— Але школа цяпер зачынена, — сказаў дзядзька. — I нi дырэктара, ні пастаўніка няма ў вёсцы — паехалі ў Мінск.
Раз так, сказаў я дзядзьку, то зайду да брыгадзіра. Але перш — пагляджу магазін.
У магазіне я папоўпіў свой сакваяж пачкам пячэння i кульком цукерак — хай ляжаць. Калі зноў выйшаў на ганак, убачыў у акне суседняй хаты тры ці чатыры прыплюснутыя да шыбы жаночыя і, здаецца, дзіцячыя насы i столькі ж пар вачэй па-над імі, што былі скіраваны ў мой бок. Ці не мой гэты чорны сакваяж i «дэголеўка» (капялюшык без палёў, які я купіў у Бабруйску, хоць i не ведаў, носяць яго ў нас ці не, ва ўсякім разе ні ў каго іншага, апрача дзяцей, я такога не сустракаў) выклікалі ў людзей такую цікавасць да маёй асобы?
Ідучы па вуліцы, убачыў на лаўцы дзвюх жанчын немаладога веку. Даў «добры дзень», прыпыніўся. Слова за словам — разгаварыліся, я прысеў да цётак.
Жанчыны былі вельмі словаахвотлівыя, з тых, каго хлебам не кармі, а дай пагаварыць. Цётка, што сядзела бліжэй да мяне, поўная, мажная, была родам з Пухавіцкага раёна. Я сказаў, што мы суседзі, бо я — ca Старадарожскага раёна, расказаў пра сябе, пра сваю маці, якая, так вось, як i яны, жыве ў вёсцы, дзержыць карову. Заадно, нічога не тоячы, як мог, растлумачыў, чаго я тут, у Кудзінавічах. Гутарыць з імі было легка, бо яны разумелі мяне, я — ix. З размовы я даведаўся нямала цікавага пра вёску Кудзінавічы. Напрыклад, тое, што тут раней была невялікая рачулка, якая называлася Бабулька, з яршамі, уюнамі i ракамі. Цякла яна ў Нёман. Цяпер, калі скрозь панакопвалі канаў, асушылі балоты, рачулка знікла. I яшчэ — недалёка ад вёскі ёсць месца пад назвай Двор. Там некалі жыў пан. Цёткі добра яго помняць, хоць былі тады малыя. Помняць, як першы раз убачылі ў пана веласіпед. Спецыяльна хадзілі ў двор глядзець, як пан катаецца на гэтым дзіве з двух колаў, якое яны празвалі — самаяздачка. А зараз — унь якіх машын панараблялі. Да Кудзінавіч некалькі разоў на дзень ходзіць аўтобус. Праўда, зімой, калі намяце снегу, панасыпае гур, ніякая машына ўжо сюды не дапінае. Людзі, акружаныя снягамі, сядзяць тады дома, пры нагрэтых грубках, ды глядзяць тэлевізар — праз гэтае акенца відаць увесь свет.
Читать дальше