Расказваючы пра гэтыя дзікія катаванні, Ян Чачот бескампрамісна становіцца тут на бок пакрыўджаных, на бок запрыгоненага селяніна, якога хоча абараніць ад разбэшчаных «уладароў падданых душ», ад прыгону наогул:
Дачка дарагая! Унучка мая ты!
Каб быў там я ў гэту часіну,
Я ганьбіць цябе не дазволіў бы катам,
Лепш сам пры табе я загінуў!..*
Дзяўчына, расказвае далей Ян Чачот, не вытрымала катаванняў:
Памерла ад голаду, болю і сораму,
Адпомсціць за ўсё даручаючы Богу*.
З дарослых у сям'і застаўся цяпер стары дзядуля. Каб пакарміць унукаў, дзядок падаўся ў бліжэйшае мястэчка — выжабраваць хлеба. Па дарозе ён зайшоў у лес і пачаў выламваць сабе падарожны кій. Гэта ўбачыў той жа ляснічы, які і прывёў старога да панскага палаца. Пан размахваецца і б'е дзядка, які падае долу і тут жа памірае, «за ўсё сваё загубленае племя помсту даручаючы Богу».
Пасля гэтага малыя дзеці пайшлі самі жабраваць, а гаспадарку пан перадаў другому селяніну. Так жорстка была загублена панам сялянская сям'я.
Але на гэтым балада не заканчваецца.
Калі надышоў час збору арэхаў, апавядае далей Ян Чачот, гаспадар Узногаў едзе з сям'ёй і слугамі ў лес. Тут усім гуртам збіраюць арэхі, якіх багата ўрадзіла ў той год. Але нечакана грыміць сярод яснага неба гром, што запальвае лес. Аўтар падрабязна апісвае лясны пажар, у якім гіне панскае дабро.
Каб узмацніць эфект кары пану за ўсе яго злачынствы, паэт уводзіць у канву апавядання казачныя матывы. Лясныя птушкі, замест таго каб уцякаць ад пажару, ператвараюцца раптам у прывіды закатаваных панам мужыкоў, кідаюцца на свайго прыгнятальніка і яго сям'ю і раздзіраюць усіх на кавалкі...
Сваю баладу Ян Чачот заканчвае разважаннем пра сялянскую нядолю, заклікае да вызвалення селяніна ад прыгону — так, як гэта зроблена за мяжой, у «чужых краінах», дзе сяляне цяпер быццам бы сталі самі «як паны».
Пра тое, як дапамагалі Яну Чачоту ў яго паэтычнай практыцы пачутыя ў маленстве беларускія народныя казкі, паданні, песні, прыказкі і прымаўкі, а таксама захаваныя ў памяці звычаі, павер'і селяніна, можна б было гаварыць яшчэ вельмі многа.
Прывабліваюць балады Яна Чачота і тым, што ў іх даюцца апісанні рэальных, а не выдуманых мясцін, паказваюцца часта рэальныя людзі, якіх аўтар ведаў сам, сапраўдныя жыццёвыя факты. Адзін толькі цікавы момант. У баладзе «Звон на горцы ў Пазяневічах» сустракаецца імя нейкага Антосіка, якому прысвячаецца цэлая страфа:
Тут быў і Антоська, пра «цуды» якога
Пагудкі хадзілі усюды,
І людзі, дурныя, няслі, як да Бога,
У Дарава золата груды*.
Аўтар нідзе не дае тлумачэння, што ж гэта быў за Антосік. Як паказваюць польскія даследчыкі, Ян Чачот упамінае тут рэальную асобу — непісьменнага пастуха з вёскі Дарава пад Баранавічамі Антося Голеца, які з пятнаццаці гадоў стаў вядомы як знахар, што лячыў у 1814-1816 гадах самыя розныя хваробы. Цікава, што да яго трапіла была і маці Адама Міцкевіча са старэйшым сынам Аляксандрам, пра што ён успамінае сам у адным з пісем.
Многа пісалася тады пра цудадзействы Антосіка ў віленскім друку. Наслухаўшыся пра незвычайныя здольнасці Антосіка, гродзенскі губернатар у 1816 годзе накіраваў у Дарава спецыяльную камісію. Камісія паведамляла, што Антосік лечыць сваіх пацыентаў «углядваннем у вочы і твар, а потым інстынктам вызначае, якое трэба даць лякарства». Лякарствы тыя камісія прызнала няшкоднымі, а іх незвычайную «эфектыўнасць» тлумачыла «сляпой верай у іх». І ўсё ж распараджэннем губернатара Антосіку была забаронена «лячэбная практыка». У абарону незвычайнага лекара выступіў на старонках перыядычнага выдання «Паментнік магнетычны Віленьскі» палкоўнік польскага войска Міхал Пашкоўскі. Ён расказаў, што Антосік у 1816 годзе вылечыў яго падданага ў Налібаках Кароля Шэмета, якога ніяк не маглі вылечыць дактары. Але і абарона палкоўніка не памагла ўжо Антосіку. Як хутка стала вядома з віленскіх газет, ён быў аддадзены памешчыкам Чаркоўскім у рэкруты.
Пра Антосіка Ян Чачот, вядома ж, чытаў у газетах. Але ведаў ён пра незвычайнага лекара яшчэ, як зноў сцвярджаюць польскія даследчыкі, да шуміхі вакол яго імя ў друку: Антосік жа быў з родных мясцін паэта...
І такіх прыкладаў «жыццёвасці» балад Яна Чачота можна б было даць тут нямала.
Інакш кажучы, калі добра прыгледзецца да творчасці Яна Чачота, то няцяжка ўбачыць, што якраз тут, у Рэпіхаве, у ваколіцах Новай Мышы і Баранавіч, яе самыя глыбінныя карані.
Читать дальше