Кожнаму, хто прыязджае ў Наваградак, адразу кідаюцца ў вочы высачэзныя сцены разбуранага старажытнага замка, якія ўзвышаюцца над горадам. Пабудаваны замак быў, здаецца, яшчэ недзе ў XII стагоддзі, калі Наваградак з'яўляўся сталіцай Вялікага княства Літоўскага. З гэтым замкам звязана нямала бурных гістарычных падзей, яркіх старонак гераічнага змагання наваградчан з іншаземнымі прышэльцамі і ў першую чаргу з крыжакамі.
Падняўшыся па крутым схіле на Замкавую гару, мы не без душэўнага ўзрушэння падышлі да магутных сцен велічнага замка, кожны камень якога быў яскравым сведкам неспакойнага мінулага краю. Здаецца, прыкладзі вуха да гэтых абпаленых і пашчэрбленых старажытных камянёў і адразу пачуеш бразгат зброі, шматгалоснае ржанне коней, баявыя воклічы і перадсмяротныя крыкі воінаў. Добра пачуў галасы сівой мінуўшчыны малады Адам Міцкевіч, фантазію якога не магла не абудзіць маўклівая веліч замка:
Замак заснуў — ні агню і ні дыху,
Толькі на вежах бяссонная варта
Воклічам цішу палохае ўпарта...
Раптам дайшло вартавому да слыху:
Постаці нейкія нібы на гонях...
Чорныя цені за імі гурбою...
Блізка ўжо... скачуць у чвалам на конях...
Панцыры ззяюць, і бразгае зброя...
(Пераклад. С. Дзяргая)
Гэта — з паэмы «Гражына», якая стала сапраўдным помнікам Наваградку.
Але ёсць яшчэ адзін, хаця магчыма і сціплейшы, паэтычны помнік гэтаму старажытнаму гораду — балада Яна Чачота «Наваградскі замак», на пісаная на некалькі гадоў раней за паэму Адама Міцкевіча. Балада Яна Чачота каштоўная тым, што захавала народнае паданне пра зруйнаванне замка шведамі. У паданні і ў баладзе расказваецца пра тое, як наваградскі князь здаў ворагу замак. А было гэта так. Князь закахаўся ў шведку, якую падаслалі яму ворагі. Дзяўчына, як яе навучылі шведскія военачальнікі, паабяцала князю выйсці за яго замуж, калі ён здасць замак. Пры гэтым запэўніла, што Наваградак застанецца цэлы, «не дазнаецца згубы». Але аказалася зусім інакш: шведы зруйнавалі замак і з жорсткасцю расправіліся з наваградчанамі. Ян Чачот падае ў баладзе захаваныя ў народнай памяці страшныя карціны гэтых распраў. Як людзей «клалі на воз і ўціскалі жэрдкаю, бы сена», а малых дзяцей ставілі за лаву і прыціскалі гэтай лавай да сцяны: такая «жорсткая забава, кажа, Ян Чачот, была ў гэтых дзікіх тыранаў...».
Пасля Замкавай гары мы зайшлі ў Дом-музей Адама Міцкевіча, у якім, дарэчы, некалі працаваў і мой спадарожнік.
Цяперашні дырэктар музея Лілія Уладзіміраўна Усэнка правяла нас па музейных залах, расказала пра найбольш цікавыя экспанаты, пахвалілася навейшымі набыткамі. Так, у музеі ўсё робіцца, каб найлепш расказаць наведнікам пра вялікага Адама Міцкевіча, пра яго сувязь з роднай Наваградчынай, раскрыць вытокі чароўнай міцкевічаўскай паэзіі.
Ну, а як жа паказваецца ў музеі першы сябар Адама Міцкевіча, беларускі паэт і фалькларыст Ян Чачот, з імем якога столькі было звязана ў генія польскай літаратуры?
Як гэта ні дзіўна, Лілія Уладзіміраўна паказала мне ў экспазіцыі толькі невялікі партрэт Яна Чачота сярод такіх жа партрэтаў іншых сяброў-філаматаў — Юзафа Яжоўскага, Францішка Малеўскага, Ігната Дамейкі і Юзафа Кавалеўскага. І ўсё!
І наогул — ходзячы па Наваградку, я, акрамя гэтага партрэціка ў музеі, нідзе не знайшоў ніводнай, нават самай маленькай, памяткі пра пачынальніка нашай літаратуры і першага беларускага фалькларыста Яна Чачота, хоць яго жыццё таксама было вельмі цесна звязана з Наваградкам і Наваградчынай. У Наваградскім жа павеце нарадзіўся і правёў ён свае дзіцячыя гады: і Малюшычы, і Рэпіхава якраз адносіліся тады да гэтага павета. У Наваградку разам з Адамам Міцкевічам вучыўся паэт, сюды прыязджаў ён і пазней з Вільні — і ў сям'ю сябра, і да сваіх бацькоў у вёску Лоўчыцы, недалёка ад горада (у цяперашнім Мітрапольскім сельсавеце), куды яны пераехалі з-пад Новай Мышы, узяўшы ў арэнду панскі фальварак. На Наваградчыну вярнуўся паэт і пасля ссылкі. Карацей кажучы, Наваградчына — радзіма і Адама Міцкевіча, і Яна Чачота. Дык ці ж справядліва, што наваградчане, аддаўшы ўсю, якую было можна, даніну пашаны Адаму Міцкевічу, амаль зусім забылі Яна Чачота?
Так, вельмі непараўнальныя гэтыя дзве постаці: Адам Міцкевіч і Ян Чачот. Але ж гэта толькі ў дачыненні польскай літаратуры, для якой Чачот сапраўды зрабіў як паэт не вельмі многа. Што ж да нашай, беларускай літаратуры і культуры ў цэлым, то тут значэнне Яна Чачота непамерна ўзрастае. Як-ніяк, ён першы значны беларускі паэт, першапраходзец у новай беларускай літаратуры і адначасова першы наш фалькларыст і, я сказаў бы, першы мовазнавец. Ды і наогул — ці не занадта была заніжана ў нашым літаратуразнаўстве ацэнка дзейнасці Яна Чачота, які аказаўся ў вялікім цяні Адама Міцкевіча, ці не пара нам больш уважліва прыгледзецца да Чачотавай спадчыны?
Читать дальше