Цікава расказвала нам пані Гражына і пра той даўні бунт. Адчувалася, што яна ведае пра яго не з кніг, а з калектыўнай памяці Крашына, з паданняў старых людзей.
— Нашы дзяды, — казала пані Гражына, — не падлягалі паншчыне: нехта з роду Кабякоў дабіўся ў цара вольнасці ім. Але тут паявіўся Юрага, прымак...
Пані Гражына падрабязна расказала, як Юрага надумаўся адабраць у крашынцаў нададзеныя царом прывілеі, што былі запісаны ў спецыяльнай кнізе. Гэтую кнігу крашынцы хавалі ў патайным месцы, бераглі як вока. Ды знайшоўся нейкі Ролік, п'яніца. Хітры пан даў Роліку гарэлкі і папрасіў паказаць тую кнігу, паабяцаўшы яе вярнуць. Але пан і не падумаў выконваць абяцанку. А людзям аб'явіў, што крашынцы — яго падданыя і таму павінны «ісці на паншчыну». Крашынцы працаваць на пана адмовіліся. Тады Юрага выклікаў «карны полк», што выстраіўся «ад канторы да Шчары». Непакорных крашынцаў разувалі і праганялі скрозь строй салдат, якія білі мужчын палкамі — «кроў аж у Шнару цякла».
Пра тутэйшага пана — я толькі не зразумеў, пра Юрагу ці якога іншага — расказала пані Гражына яшчэ цікавае паданне. Быццам у гэтага пана была вялікая сабакарня. Малых шчанят ён аддаваў сялянкам, каб тыя кармілі іх сваімі грудзьмі. Калі адно такое шчанё прывезлі ў суседнюю вёску Скарчава да маладой сялянкі, яе муж, убачыўшы, як яна корміць яго грудзьмі, схапіў тое шчанё і стукнуў ім аб вугал хаты. Літасці ад пана чакаць за такое было нельга, таму скарчаўскі мужык уцёк у лес, дзе жыў да канца сваіх дзён, хаваючыся ад панскіх паслугачоў.
Потым пані Гражына павяла нас на могілкі, што былі адразу за касцёлам. Магілу Паўлюка Багрыма мы ўбачылі адразу: вельмі прыстойны помнік, з матывамі паэтавай жырандолі, зрабіў над ёй Сымон Свістуновіч.
Мой спадарожнік Аляксандр Пятровіч Шоцкі паказаў мне яшчэ адзін цікавы надмагільны помнік. На ім пісалася, што тут пахавана Серафіна Скаратовіч з дому Стыпулкоўскіх. Гэта не хто іншая, як дваюрадная сястра Адама Міцкевіча — магілу яе Аляксандр Пятровіч адшукаў нейкі час назад зусім выпадкова. Аказваецца, недалёка адсюль, у фальварку Белая, жыла родная цётка Адама Міцкевіча Барбара Стыпулкоўская. Трэба думаць, да сваёй цёткі ў Белую, а значыць і ў Крашын мог прыязджаць у кампаніі «Яна з Мышы» і Адам Міцкевіч — яшчэ адна нітачка сувязі філаматаў з радзімай Паўлюка Багрыма.
Добрае ўяўленне пра Крашын, яго гісторыю, пра паэта-каваля Паўлюка Багрыма дае даволі прадстаўнічы музей народнага мастацтва і рамёстваў яго імя пры тутэйшай сярэдняй школе, які мы наведалі пасля касцёла.
З матэрыялаў, прысвечаных Паўлюку Багрыму, адразу запыняюць увагу наведвальніка знойдзеныя Сымонам Свістуновічам мастацкія агароджы і веснічкі, што былі зроблены кавалём-паэтам — яны віселі на сцяне як экспанаты.
Як расказала нам загадчыца музея настаўніца Лідзія Іванаўна Голас, не вельмі даўно ў Крашыне можна было ўбачыць і зробленую Паўлюком Багрымам адмысловую брытву, але яе забраў у Мінск быццам бы «нехта з пісьменнікаў». Цікава, што пра гэтую ж брытву расказвае ў сваім пісьме да Язэпа Янушкевіча і ксёндз Жураўскі — ён сам трымаў яе ў руках. Ксёндз падрабязна апісаў брытву і нават зрабіў дакладны яе малюнак — на сярэдзіне ляза значылася прозвішча майстра: «П. Багрым». Таму вельмі праўдападобна гучыць пададзенае ў згаданым вышэй нарысе Сцяпана Александровіча легенда пра сцізорык. Легенда расказвала, што крашынскі пан паказаў Паўлюку Багрыму вельмі хітры ножык-складанчык з многімі ўпрыгожаннямі і што праз тыдзень паэт-каваль разам з панскім прынёс цюцелька ў цюцельку падобны на яго другі ножык, зроблены ўласнымі рукамі. Калі каваль паклаў на стол абодва ножыкі, пан не мог адгадаць, дзе свой, а дзе Багрымаў. Толькі надпіс «П. Багрым, Крашын» памог разгадаць загадку.
Лідзія Іванаўна паведала нам, што да апошняга часу жылі яшчэ людзі, якія помнілі сыноў Паўлюка Багрыма. Цікава прыгадваў пра іх, напрыклад, Міхаіл Станіслававіч Собка. Ён расказваў, што былі яны высокія, русыя, адзін з іх служыў на флоце. Урывак з успамінаў Собкі мы ўбачылі ў экспазіцыі музея. На жаль, у Крашыне нікога з продкаў Багрыма ўжо нельга знайсці. Усе дзеці паэта-каваля як быццам яшчэ ў першую імперыялістычную вайну павыязджалі з роднага дома — хто ў Польшчу, хто ў Расію, здаецца, у Сібір...
У Крашыне прыцягваў мяне сваімі нераскрытымі тайнамі парк, дзе стаяў некалі панскі дом. Недзе тут была і кузня, у якой рабіў спачатку бацька паэта, а потым і ён сам. Пані Гражына казала, што яна стаяла амаль насупраць панскага дома, на другім беразе Шчары, каля моста.
Читать дальше