Пра ролю Яна Чачота ў нараджэнні рамантызму ў польскай літаратуры добра расказаў Станіслаў Свірка ў напісаных ім раздзелах кніг «Народнасць у Міцкевіча», якая выйшла ў Варшаве ў 1958 годзе, «Гісторыя польскай фалькларыстыкі: 1800-1863» (Варшава, 1970) і ў памянёнай яго кнізе «З кола філамацкага перадрамантызму». Вядомы польскі фалькларыст прыйшоў да вываду, што «... тыя «песенькі» і «балады» Чачота былі галоўным імпульсам, які падштурхнуў Міцкевіча ў кірунку народнасці, а калі казаць больш канкрэтна, у кірунку баладнасці...». Вядома, даводзіць даследчык, на Адама Міцкевіча ўплывалі і іншыя філаматы, асабліва Тамаш Зан і Ану фры Петрашкевіч, якія таксама выкарыстоўвалі беларускі фальклор у сваёй паэтычнай творчасці, але ўсё роўна «найвыдатнейшым піянерам народнасці сярод філаматаў быў Чачот, якраз яго ўплыў на Міцкевіча аказаўся ў гэтым плане наймацнейшым...». Так, разважае далей польскі вучоны, Ян Чачот «не навучыў... Міцкевіча пісаць рамантычную паэзію, таму што сам гэтага не ўмеў, аднак паказаў яму новую крыніцу творчасці і новую дарогу. Таму што быў Чачот філамацкім маяком, які стаяў на віленскіх ростанях класіцызму і рамантызму і які нязменна паказваў на народнасць. Міцкевіч пайшоў у тым кірунку, і дарога тая прывяла яго да вялікай рамантычнай і народнай паэзіі».
Вось так — ні больш ні менш.
Ды за адно ўжо гэта трэба б было побач з Курганом бяссмерця ў гонар Адама Міцкевіча ставіць у Наваградку вялікі помнік і Яну Чачоту!
Адам Міцкевіч быў, вядома ж, вельмі ўдзячны за ўсё свайму сябру. Недарэмна, прысвячаючы сваю першую, сапраўды праграмную кнігу «Балады і рамансы» сябрам-філаматам, першым сярод іх ён назваў імя Яна Чачота.
Трэба яшчэ дадаць, што Ян Чачот не толькі паказаў сапраўдную дарогу ў літаратуру Адаму Міцкевічу, але і не скупячыся даў яму з сабой у гэту дарогу добрую кайстру сюжэтаў і вобразаў для яго паэзіі.
Станіслаў Свірка, супаставіўшы балады Яна Чачота з пазнейшымі «Баладамі і рамансамі» Адама Міцкевіча, знайшоў вельмі многа прыкладаў творчага выкарыстання таго багатага фальклорнага і жыццёвага матэрыялу, які ўтрымліваўся ў творах яго сябра.
Так, балада Яна Чачота «Свіцязь» памагла Адаму Міцкевічу напісаць аж дзве балады — «Вяртанне таты» і «Свіцязь». У баладзе «Вяртанне таты» быў выкарыстаны з Чачотавага твора момант вяртання дадому купца і напад на яго на расстайных дарогах рабаўніка, а ў «Свіцязі» — паданне пра затапленне горада. Свірка прыводзіць прыклады і тэкставых запазычанняў Адама Міцкевіча з балады Яна Чачота — такое дапускалася ў філамацкай сям'і.
У баладзе «Свіцязь» Адам Міцкевіч выкарыстаў асобныя моманты і з іншых балад Яна Чачота. Напрыклад, з «Мышанкі» ён узяў, як заўважае польскі даследчык, «матыў воднай русалкі» (дарэчы, гэты матыў добра прыдаўся Міцкевічу і для яго «Свіцязянкі») і матыў чароўнага зелля — толькі ў Чачота гэта зелле канкрэтнае і называецца, як у народзе, мінутка (ён нават прыводзіць у прыпісцы яго лацінскую назву), а Міцкевіч прыдаў той расліне новыя ўласцівасці і назваў яе кветкамі «царамі». Свірка знаходзіць у міцкевічаўскай «Свіцязі» таксама асобныя даволі выразныя запазычанні з балады Яна Чачота «Калдычэўскі шчупак».
Вельмі цікавыя сляды творчага пераасэнсавання фальклорнага матэрыялу Чачотавых балад бачыць даследчык і ў іншых баладах Адама Міцкевіча.
Акрамя таго, многія вобразы і матывы балад Яна Чачота (ды і не толькі балад) выкарыстаў Адам Міцкевіч і ў іншых сваіх творах, у тым ліку ў такіх найбольш значных, як «Дзяды» і «Пан Тадэвуш». Так, жорсткі пан-самадур, гэтак ярка намаляваны Янам Чачотам у баладзе «Узногі», з'явіўся ў другой частцы міцкевічаўскіх «Дзядоў» як прывід, які нідзе не знаходзіць сабе месца: за здзекі з прыгонных сялян гэты ліхі пан прысуджаны цярпець на тым свеце страшэнныя пакуты голаду і смагі. У Адама Міцкевіча, як і ў Яна Чачота, сяляне, якіх закатаваў і замучыў голадам іх пан, ператвараюцца ў птушак, што цяпер нападаюць на яго...
Разам з тым трэба тут сказаць, што Ян Чачот не лічыў літаратуру галоўнай справай свайго жыцця. Ён быў надзіва самакрытычны і ведаў цану свайму таленту. Хоць Адам Міцкевіч вельмі шчыра захапляўся яго творамі, пісаў яму, што не бачыць у сябе вышэйшых талентаў, чым у яго, усё ж Ян Чачот не прыняў такой завышанай ацэнкі сваёй творчасці. У 1820 годзе ў пісьме да Адама Міцкевіча ён, віншуючы сябра з поспехамі ў паэзіі, выказвае разам з тым шкадаванне, што сам ён «улез» у паэзію і трапіў у «лік вершапісцаў»: «Вялікая розніца — пісаць вершы і пісаць вершы сапраўдныя! Як неба ад зямлі!»
Читать дальше