Адаму Міцкевічу не проста спадабаліся беларускія песні Яна Чачота — і тыя, што ён сам чуў на імянінах Юзафа Яжоўскага, і гэта, апошняя, «Да пакіньце горла драць», пра якую ён ведаў з пісем сяброў-філаматаў. У гэтых песнях ён убачыў нешта больш значнае, больш важнае, чым звычайныя творы. Сваё захапленне песнямі Яна Чачота ён выказаў у пісьме да яго ад 27 лістапада таго ж года: «Што мяне... узрадавала — прызнаюся табе па-філамацку — гэта твая песня, правільней, твае песні, я бачу ў іх агромністы і хуткі прагрэс з часу твайго ўступлення на пісьменніцкую дарогу. Лёгкасць, ды прытым агонь, сапраўды піндараўскі 11, пераўзышлі нават тыя надзеі, якія я ўскладаў на цябе. Прэч з дарогі, Заны, прэч, Адамы! Не лянуйся, калі ласка! Ты пішаш усё лепш...»
Беларускія песні Яна Чачота ведалі і спявалі ўсе філаматы. Ведаў і спяваў іх з сябрамі і Адам Міцкевіч. Адзін маленькі факт, пададзены ў пісьме Тамаша Зана да Верашчакаў ад 31 кастрычніка 1820 года. Едучы неяк у Вільню, Тамаш Зан заначаваў у заезным доме ў Канвалішках. Раптам сярод ночы яго будзіць гучны і вясёлы спеў:
Да пакіньце горла драць!..
Калі ён прахапіўся, то ўбачыў перад сабой двух сваіх сяброў Адама Міцкевіча і Яна Чачота. Яны ехалі з Вільні ў Наваградак і таксама спыніліся на гэтай станцыі. Даведаўшыся, што тут начуе іх сябар Тамаш Зан, яны такім во чынам і выказалі сваю радасць ад сустрэчы.
Бачачы такую прыхільнасць Адама Міцкевіча да твораў на беларускай мове, Ян Чачот і ў гонар ягонага вельмі чаканага ўсімі філаматамі прыезду з Коўна піша прывітальны верш зноў-такі на беларускай мове. У час хвалюючай сустрэчы ён пад бурныя воплескі сяброў і прачытаў Адаму Міцкевічу гэты верш, у якім выказаў радасць іх усіх:
Едзе міленькі Адам,
Глядзіце, а онь, а онь,
Ды ён харашэнькі сам,
Пад ім — вараненькі конь.
Золатам пояс ззяе,
Аж ад бляску снег тае,
На шапцы сіні баран,
Хто бы думаў, што ён пан!
Так а дзет харашэнька,
Едзе, едзе барздзенька.
Гайда...
Заканчваўся верш такімі шчырымі сяброўскімі прызнаннямі:
Без цябе ўсё тут смутна,
Па табе плача гай,
І рэчкі плывуць мутна,
У жалобе ўвесь край.
Наш ты міленькі Адам,
Насмуціў жа ты нас досць.
Наградзі смутак нам
І будзь у нас доўга госць.
Калі разам з іншымі філаматамі і філарэтамі Ян Чачот быў кінуты ў турму ў Вільні, ён свае самыя гарачыя пачуцці выказвае якраз у беларускіх песнях, на мове свайго народа. Пра тое, як узрушыла сяброў па няволі адна з такіх песень Яна Чачота, расказваюць у сваіх мемуарах філарэты Оттан Слізень і Антоні Эдуард Адынец, прыгадваючы адзін і той жа выпадак — развітанне з Янам Чачотам, Тамашом Занам і Адамам Сузінам перад самай адпраўкай іх у далёкі і цяжкі нявольніцкі шлях, ва ўральскую ссылку. Вось згадкі студэнта Віленскага універсітэта Отана Слізеня: «Колькі дзён перад адпраўкай трох асуджаных да пакарання (Зана, Чачота і Сузіна) усім дазвалялася іх наведаць. Дзверы ў камеры Зана ў кляштары ўсе гэтыя дні амаль не зачыняліся...» Калі Слізень таксама прыйшоў развітацца з дарагімі сябрамі, «у камеры было ўжо некалькі філарэтаў, сярод іх — Міцкевіч, Адынец, Пясецкі, Фрэйенд, два Таматавы браты, Чачот, Сузін і хтосьці яшчэ... Усіх я знайшоў моцна расчуленымі, бо якраз у гэтую хвіліну Чачот пад акампанемент гітары Тамаша спяваў толькі што складзеную ім песню на народнай гаворцы, песню жаласную, развітальную, што сваей мелодыяй і зместам выклікала ўсеагульны плач...» Калі Чачот скончыў свой спеў, успамінаў Оттан Слізень, усе ў вялікім расчуленні пачалі абдымаць Тамаша, Сузіна і Чачота, а Міцкевіч, стаўшы ў цэнтры, «бледны і ўзрушаны», пачаў сваю імправізацыю... З іншымі дэталямі расказвае пра гэтае ж развітанне Антоні Адынец: «Было нас некалькі дзесяткаў вечарам у камеры Тамаша Зана, куды неўзабаве зайшлі Сузін і Чачот. Апошні заспяваў пад гітару толькі што складзеную ім песню на народнай гаворцы:
Да лятуць, лятуць да дзікія гусі,
Да нас павязуць да далёкай Русі...
Далей у песні расказвалася пра гусей, якія адлятаюць на поўдзень, у той час як асуджаных павязуць на поўнач, і хто ведае, ці вернуцца яны калі-йебудзь назад. І так глыбока ўзрушыла ўсіх гэтая песня, што яна выклікала агульны плач, а спявак стаў аб'ектам абдымкаў». Тут Адынец таксама згадвае імправізацыю Адама Міцкевіча, што пачыналася такой страфой:
О любыя сёстры! І што ж гэта стала?
Я бачу: вязуць на вазах праз туманы
Па гразкіх дарогах, палях-перавалах
Зусім маладзенькіх хлапцоў у кайданах...*
Читать дальше