Ездзячы па Беларусі, я ніколі не прамінаў пазнаёміцца з мясцовымі краязнаўчымі музеямі. Колькі ў іх штатах сустракаў я абыякавых, зусім выпадковых людзей! «І падабаецца вам гэтая работа?» — папытаўся я неяк у адным раённым краязнаўчым музеі ў маладой, расфарбаванай дзяўчыны, яго работніцы. «Не вельмі, — прызналася яна. — Але недзе ж трэба рабіць...» Такіх вось «Недзе ж трэба рабіць» — хоць плот гарадзі ў нашых краязнаўчых музеях. Часцей за ўсё гэта «пазваночныя» (па выразу Анатоля Вялюгіна) — асобы, якіх «па званку» ўладкавалі «добрыя дзядзькі» на быццам бы «не пыльную» для іх музейную работу. Такія работнікі толькі займаюць чыёсьці месца ў гэтых важных асяродках культуры, што мацуюць нашы повязі з гісторыяй, выхоўваюць у нас высокую духоўнасць.
Таму прыход у музеі такіх, як Алесь Жамойцін, энтузіястаў трэба толькі вітаць.
Адразу па нашым прыездзе ў Кушляны Алесь наважыў паказаць нам напытаную ў адной хаце ў ваколіцы цікавую старую камоду, каб набыць яе для будучага музея. Я быў рады такой прапанове: мне вельмі цікава было пабачыць кушлянскія ваколіцы, бліжэй пазнаёміцца з зямлёй Багушэвіча.
Паехалі туды сваім аўтобусам. Дарога ішла лесам. Аўтобус ледзь праціскваўся між галінастых хвой, не без цяжкасці пераадольваючы глыбокія гразкія лужыны. Праз колькі часу выбавіліся на святло, паехалі ледзь прыкметнай палявой дарогай, якая неўзабаве зусім скончылася. Аўтобус пачаў валюхацца па ўдзірванелых грудах нейкага лугу, потым зусім суняўся, бо далей можна было вельмі лёгка засесці: між травы паблісквала вада. Мы пайшлі пеша, пераскокваючы з купіны на купіну, і праз які кіламетр убачылі адзінокую закінутую сядзібу ў старых прысадах.
Апрача пашарэлай, але ўсё ж даволі моцнай хаты, якая была на замку, у двары стаялі яшчэ пакінутыя гаспадарчыя пабудовы, таксама з моцнага, не кранутага шашалем бярвення. На панадворку раскашаваў быльнёг, між штакецін пахіленага плота лезла жыгучка-крапіва, шугала цемналістая, надзіва буйная лебяда, на сярэдзіне двара, пачуўшы нежылы дух, адваёўваў сабе надзелы жорсткі сівы палын — горкая трава запусцення.
Якая гэта тыповая цяпер карціна! Такія во пакінутыя хаты, зарослыя травою двары можна напаткаць сёння ў любым кутку Беларусі. Катастрафічна гіне, адыходзіць у нябыт традыцыйная беларуская вёска, самі сабой рушацца цяпер і гэтакія адзінокія хутары, якія неяк жа выстаялі ў бязлітасных бурах часу, перажыўшы бязглуздыя кампаніі па іх ссяленні.
З аднаго боку пад хутар, каля якога мы тупалі, падыходзіў лес. На ўскрайку яго, адышоўшыся на сіўцовую лугавіну, стаяў не блізка — на адлегласці адзін ад аднаго — гурт шырокіх цяністых дубоў. Каля іх пасвіўся статак пярэстых кароў — відаць, недзе за лесам была вёска. На другі бок ад хутара — аж да асмужанай паласы далёкага хвойніку — ільснілася сівавата-зялёным жытам вялікае раўніннае поле, па якім часам беглі цені ад воблакаў, што зрэдку наплывалі на сонца. І хоць бы дзе гук ад машыны ці якога матацыкла! Нават дарогі нідзе не відаць было. Як быццам мы трапілі ў нейкі іншы свет, на зусім іншую планету, якая не дайшла яшчэ да «машыннай» цывілізацыі, ці проста вярнуліся ў мінулае стагоддзе! Цішыня, прастор, воля. Не веру, што не знайшлося б ахвотніка ўзяць тут зямлю, пасяліцца у гэтым выдатным для жыцця кутку, самастойна, без чыёйсьці ўказкі павесці тут гаспадарку, стаць ўладаром сваёй долі!
З гэтымі думкамі я падышоў да Леаніда Уладзіміравіча, пацікавіўся, як у іхнім калгасе прыжываецца арэнда, ці дае калгас каму-небудзь зямлю.
— А хто яе возьме? — адказаў Леанід Уладзіміравіч.
— А мо трэба б пашукаць такіх людзей? Вы шукалі?
— Не, не шукалі і шукаць не думаем. У нашым калгасе і так усё добра. Прадукцыі здаём дзяржаве шмат. Да таго ж яшчэ невядома, як павернецца палітыка з гэтай арэндай... — прыкладна так адказаў мне сакратар калгаснай партарганізацыі.
Дзіўна, гэта ж самае я чуў у другім баку Беларусі, у Слуцкім раёне. На семінары творчых работнікаў, які праводзіў там Мінскі абком партыі. У шыкоўным Доме культуры вёскі Казловічы, дзе падводзілі вынікі знаёмства з калгасам імя Кірава, аднаму з калгасных старшынь, што прысутнічаў там і выступіў з расказам пра поспехі свайго калгаса, я паставіў рубам такое пытанне: «Калі б вам прынёс хто-небудзь з калгаснікаў заяву з просьбай выдзеліць яму ў доўгатэрміновую арэнду ўчастак зямлі, ці далі б вы на гэта згоду?» — «Не, не даў бы», — цвёрда, нават з ноткай выкліку адказаў старшыня перад вялікай аўдыторыяй. І гэта нягледзячы на афіцыйную ўстаноўку на арэнду як на адзін з самых дзейсных метадаў гаспадарання. У адказе чулася і прыхаванае тлумачэнне гэтай цвёрдасці: «У нас і так усё добра». Ён гэтак, праўда, не сказаў, але такія словы вынікалі з яго паведамлення-выхваляння. Смеласць старшыні, як я зразумеў з далейшых нашых афіцыйных і неафіцыйных гутарак на семінары, грунтавалася яшчэ на тым, што і пэўныя партыйныя кіраўнікі са скептыцызмам ставіліся да арэнды, робячы стаўку на калгасы і саўгасы. Мне яны ў прыватных размовах даказвалі, што гэтая форма яшчэ не зжыла сябе. Тое, што калгасная сістэма давяла сельскую гаспадарку да развалу, яны тлумачылі адміністрацыйным націскам на калгасы зверху, рэгламентацыяй іх дзейнасці, грубым камандаваннем імі. Калі б цалкам вызваліць іх ад залішне клапатлівай апекі вярхоў, даць ім поўную самастойнасць, тады б яны быццам бы паказалі, на што здатныя.
Читать дальше