З касцёла мы паспяшаліся ў сельсавет — дзяўчатам з музея трэба было аформіць купленыя ў Свіранах рэчы.
У тую сваю першую паездку я таксама заходзіў у сельсавет. Не зусім звычайнае было тое наведванне гэтай паважанай установы. Калі я адчыніў тады сельсавецкія дзверы, то адразу ж памкнуўся ізноў іх зачыніць, бо ўбачыў за імі... шумнае застолле: напэўна, не туды трапіў! Але мне не далі гэта зрабіць: дзве зусім незнаёмыя жанчыны, не цырымонячыся, весела падхапілі мяне, нібы свайго, пад рукі і сілком пацяглі да здвоеных сельсавецкіх сталоў (так, гэта быў сельсавет), за якім сядзела чалавек дванаццаць падлітых жанчын і мужчын. На сталах, у талерках і проста на разасланых газетах, была раскладзена багатая закусь, пасярэдзіне цьмяна пабліскваў напалову спарожнены гранёны графін, стаялі запацелыя бутэлькі віна. Я не паспеў апомніцца, як ужо сядзеў у гэтай шумнай незнаёмай кампаніі, і мне, як «штрафніку», налівалі з графіна і падносілі паўнюткую «малянкоўскую» шклянку празрыстай вадкасці. «Сёння ў Рукойнах вяселле, і, значыць, усе павінны гуляць і весяліцца! Такі ў нас звычай!» — растлумачвалі мне, насядаючы, каб выпіў. Потым на ўсю моц (а каго ж баяцца, калі сама ўлада тут) спявалі песні, сярод якіх, помніцца, была і «Касіў Ясь канюшыну», іншыя беларускія песні. А паўнатвары расчырванелы хлапец у расхрыстанай тэнісцы, бліснуўшы планкамі, расцягнуў спеўныя мяхі баяна... Нягледзячы на такую гаману, мне здолелі тады і пячатку паставіць на камандзіроўцы, і памаглі знайсці начлег. У сваіх ранейшых нататках пра тую паездку я, вядома, пасцярогся пісаць пра гэта аж занадта «цёплы прыём» у сельсавеце, пра шырыню характару рукайнянцаў. Але цяпер, за даўнасцю часу, думаю, можна ўспомніць. Тым больш што і людзі ж ужо амаль праз два дзесяткі гадоў тут, у сельсавеце, пэўне ж, зусім іншыя.
Так, не толькі былі тут іншыя людзі, але і новы будынак сельсавета. Той, помніцца, быў у простай драўлянай хаце. Гэты ж — сучасны, двухпавярховы, з новых матэрыялаў. Прасторны хол з дывановымі дарожкамі, мяккаю мэбляю. Акуратныя светлыя кабінеты. Ну, і адпаведная строгасць.
Я з работнікамі музея таксама зайшоў да старшыні сельсавета. Ім была даволі прыемная і тактоўная жанчына Леанарда Феліксаўна Сапкевіч. І якраз родам са Свіран. Больш таго, тыя дзве этнаграфічныя рэчы дзяўчаты і набылі не ў каго іншага, а ў яе радні — Александровічаў...
Калі мы расказалі пра мэту нашай экспедыцыі, Леанарда Феліксаўна з вялікай ахвотай узялася нам памагаць. Яна ўспомніла, што краязнаўствам займалася ў Рукойнах настаўніца мясцовай школы Рэгіна Станіславаўна Кузьміцкая, і тут жа ўзялася званіць ёй, распытоўваць пра матэрыялы, звязаныя з Францішкам Багушэвічам. Леанарда Феліксаўна таксама знайшла і дала нам адрас краязнаўца — настаўніка гісторыі Медніцкай школы Аляксандра Феліксавіча Алянковіча, які родам з вёсачкі Уляны, суседняй са Свіранамі, — ён даўно цікавіцца сваім земляком Францішкам Багушэвічам, змяшчае пра яго ў віленскіх газетах артыкулы.
Вельмі ўзрадавалася Леанарда Феліксаўна нашай прапанове правесці ў Свіранах літаратурнае свята ў гонар 150-гадовага юбілею Францішка Багушэвіча вясной 1990 года. Яна і сама пра тое ж думала, але не ведала, як гэта зрабіць. Як чалавек дзелавы, Леанарда Феліксаўна папрасіла нумар тэлефона музея, дала свае «каардынаты». Гэтае свята, казала яна, трэба арганізаваць як найлепш. Каб на ім былі не толькі людзі са Свіран, але і з усёй ваколіцы. Хай бы даведаліся яны ўрэшце пра свайго славутага земляка, паслухалі яго творы. Леанарда Феліксаўна папрасіла нас, каб на гэтае свята мы абавязкова сагітавалі сучасных беларускіх паэтаў. Каб землякі Францішка Багушэвіча змаглі паслухаць з вуснаў саміх аўтараў прыгожае беларускае паэтычнае слова.
КУШЛЯНЫ
Другая наша паездка была ў Кушляны.
Фальварак Кушляны Ашмянскага павета набылі продкі Францішка Багушэвіча яшчэ ў сярэдзіне XVIII стагоддзя. Бацька паэта Казімір Багушэвіч перавёз сваю сям'ю са Свіранаў у родавае гняздо недзе каля 1846 года, калі малому Францішку было якіх шэсць гадоў. З Кушлянамі звязаны, можна сказаць, самыя лепшыя гады жыцця Францішка Багушэвіча, тут палюбіў ён маляўнічыя краявіды роднай зямлі, адкрыў для сябе душэўную шчырасць, прыродную дабрыню і працавітасць мужыка-беларуса, тут пачаў шукаць шляхі да яго вызвалення са шматвекавой няволі і цямноты.
Паступіўшы ў 1852 годзе ў Віленскую гімназію, Францішак Багушэвіч ніяк не парываў з домам — Вільня ж адсюль была зусім блізка. У любую вольную хвіліну ён ехаў да бацькоў, бавіў тут канікулы.
Читать дальше