-Яны таксама загінулі? – Свенсан раптам адчуў, як сарваўся, задрыжэў ягоны голас. – Дзе яны?
-Нам таксама хацелася б гэта ведаць, - змрочна буркнуў хтосьці з дэсантнікаў, а ягоны суседраптам ні з таго, ні з сяго засмяяўся.
-Ніколі я яшчэ не ўдзельнічаў у такой правальнай аперацыі! – прагаварыў ён амаль весела. – Яны ж нас проста вакол пальца абвялі, гэтыя… коткі!
І ён гучна, са смакам вылаяўся.
Ніяк не ўцяміўшы, аб чым ідзе гаворка, Свенсан проста пераводзіў погляд з аднаго дэсантніка на другога.
- Яны што, засталіся жывыя? – прагаварыў ён нарэшце.– У гэтым пекле?
Дэсантнікі пераглянуліся.
-Хутчэй за ўсё, “кошак” ужо не было тут у момант бою? – сказаў адзін з іх. – Пытанне толькі, куды яны маглі падзецца? Не маглі ж яны проста прасачыцца праз усе нашыя кардоны… такое наогул немагчыма…
- Гэта ж “дзікія кошкі”! – выгукнуў хтосьці. – Для іх магчыма ўсё!
Пасля гэтых слоў дэсантнікі загаманілі ўсе разам.
- Так ужо і ўсё?
- Мы, здаецца,таксама чагосьці вартыя!
-Пачакайце! – Свенсан усё ніяк не мог прыйсці ў сябе ад толькі што атрыманай інфармацыі. –Выходзіць, яны зноў абдурылі нас?
* * *
- Яны абдурылі нас! – праз зубы цадзіў хударлявы, бегаючы па пакою з кутка ў куток. – Яны зноў абвялі нас вакол пальца, гэтыя… гэтыя…
Ён спыніўся насупраць прыгнечана маўклівага Тома Ліўскі.
- Гэта твая віна, Ліўскі! Толькі твая і нічыя больш!
І, выкрыкнуўшы абвінавачвальную гэтую фразу, хударлявы зноў пачаў бегаць уздоўж і ўпоперак па пакою.
- Ды супакойся ты! – буркнуў таўстун. – І сядзь, не матляйся перад вачыма!
- Не твая справа! – вызверыўся на яго хударлявы. – Не табе складаць справаздачу ў Цэнтр, а мне!
- Ну, ты складзеш, - усміхнуўся таўстун. – Ты на такія справы майстра!
Хударлявы нейкі час моўчкі глядзеў на яго.
-Што ты гэтым хочаш сказаць? – не прагаварыў нават, а прашыпеў ён.
-Ды тое толькі, што ў гэтай справаздачы ты перавернеш усё з ног на галаву! – прыняў выклік таўстун. – Ты зробіш адзіным вінаватым у няўдалым гэтым штурме мяне! І, зразумела ж, ні словам адзіным не ўспомніш, што сам гарой стаяў за сілавое вырашэнне праблемы!
-Не трэба! – закрычаў хударлявы, нервова махаючы перад носам таўстуна доўгім вузлаватым пальцам. – Не трэба перадзёргваць карты! Я стаяў за поўнае і неадкладнае знішчэння ангара з усімі, хто там знаходзіцца, а зусім не за гэты ідыёцкі штурм! Але ж там былі твае патэнцыяльныя пакупнікі… вось чаму ты мяне і не падтрымаў з самага пачатку! І што ў выніку?! Дзе яны зараз, гэтыя твае пакупнікі?
-Там, дзе і твае! – агрызнуўся таўстун.
-Панове, панове, супакойцеся! – прымірэнча прашаптаў маленькі. – Крыкам справе не дапаможаш!
-Гэтай справе нічым не дапаможаш! – усё ніяк не жадаў супакоіцца хударлявы. – Мы селі ў лужыну ды яшчэ якую!
Ён зноў пачаў вымяраць таропкімі крокамі пакойі раптам, нечакана змяніўшыся ў твары, застыў на месцы, нібы аслупянелы. Маленькі прадстаўнік ФІРМЫ таксама паспешліва ўзняўся з месца, за ім, не менш паспешліва, ускочылі таўстун і Том Ліўскі, пры гэтым яны сутыкнуліся, з грукатам паваліўшы на бок цяжкае крэсла. Але на гэтае крэсла ніхто не звярнуў нават увагі, усе выцягнуліся, нібы салдаты на парадзе, расправіўшы па магчымасці плечы і максімальна ўцягнуўшы жываты. У таўстуна, праўда, апошняе атрымалася не вельмі…
Холін, які ўвесь гэты час сціпла і нерухома сядзеў каля чорнай матавай сцяны(што пры жаданні магла рабіцца велізарным экранам),з цікаўнасцю ўслухоўваючыся ў лаянку высокага кіраўніцтва, спачатку не ўцяміў нават, у чым тут справа. Потым азірнуўся на дзверы і таксама таропка ўскочыў з месца.
У дзвярным праходзе стаяў яшчэ адзін прадстаўнік ФІРМЫ… і Холін не адразу нават зразумеў, што гэта РАДЖА. Зразумеў гэта ён не па адзенню таго, хто стаяў зараз каля дзвярэй, бо апрануты РАДЖА быў вельмі проста, нават сціпла… вызначыць ягоны ранг дапамагла Холіну тая пачцівасць і нават рабалепства, з якой усе прысутныя глядзелі навысокага госця.
Тытул “РАДЖА” мелі толькі найбольш значныя і ўплывовыя кіраўнікі ФІРМЫ. Калі верыць чуткам (а не верыць ім не было аніякіх пастаў), такі тытул насілі адначасова ўсяго толькі калядвух дзесяткаў чалавек, ну, можа, крыху больш… Прадстаўнік ФІРМЫ такога рангу яшчэ ніколі не наведваў Аграполіс, і Холін адчуў раптам нейкае ўнутраннае хваляванне. Хоць… яму чаго хвалявацца, дробнай сошцы? Няхай хвалюецца кіраўніцтва… ды яно і сапраўды хвалюецца, яшчэ як хвалюецца…
А РАДЖА, абвёўшы усіх прысутных халодным позіркам блакітных вачэй, павольна падыйшоў да стала, сам узняў крэсла, якое незадоўга да гэтага павалілі Ліўскі і таўстун, нетаропка ў яго апусціўся.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу