Анатоль Івашчанка
Паэтыка Алеся Разанава: між медытацыяй і рацыяй
УВОДЗІНЫ
Раздзел І. ТРАДЫЦЫЙНЫЯ ПАЭТЫЧНЫЯ ЖАНРЫ Ў ТВОРЧАСЦІ АЛЕСЯ РАЗАНАВА І ІХ ЭВАЛЮЦЫЯ
1.1. Мастацкія асаблівасці паэтыкі твораў А. Разанава 1960-х – пачатку 1970-х гг. Спроба рэканструкцыі.
1.2. Структурны аналіз паэм з паэтычнага зборніка «Каардынаты быцця». Ідэйна-тэматычная інтэрпрэтацыя і сістэма вобразаў.
1.3. Тыпалагічныя рысы паэм канцэптуальнай трылогіі «Гліна», «Камень», «Жалеза».
Раздзел ІІ. ЭКСПЕРЫМЕНТАЛЬНЫЯ ПАЭТЫЧНЫЯ ФОРМЫ А. РАЗАНАВА І ІХ ЖАНРАВАЯ СПЕЦЫФІКА
2.1. Медытацыя як творчы метад: жанравыя асаблівасці і эвалюцыя квантэм і пункціраў.
2.2. «Паэзія думкі». Сінкрэтызм і статычнасць версэта
2.3. Паэтыка «гукасэнсу»: тыпалогія і жанравая спецыфіка вершаказаў
ГУТАРКА «Паэзія: уводзіны ў невымоўнае» (Гутарка Анатоля Івашчанкі з Алесем Разанавым)
Паслямова, альбо КОЛЬКІ СЛОЎ НЕ ДЛЯ ПРАТАКОЛУ
БІБЛІЯГРАФІЧНЫ СПІС
Алесь Разанаў – адна з самых заўважных і неардынарных фігур у сённяшняй беларускай паэзіі. З моманту выхаду дэбютнага зборніка паэта да яго творчасці скіраваная пільная ўвага крытыкаў і чытачоў. У 1990 г. за кнігу «Вастрыё стралы» А. Разанаў быў уганараваны Дзяржаўнай прэміяй імя Янкі Купалы. Сярод іншых важкіх узнагарод – еўрапейская літаратурная прэмія імя Ёгана Готфрыда Гердэра (2003). Творы А. Разанава перакладзены больш чым на 20 моў свету.
Радыкальнае пераасэнсаванне літаратурнай традыцыі і напружаны творчы пошук новых шляхоў у мастацтве асабліва наглядна адбываліся ў творчасці А. Разанава на мяжы 70-80-х гадоў мінулага стагоддзя. Рэзкі паварот ад традыцыі да «чыстага эксперыменту» (У.Ю. Верына [32, с. 32]) пакінуў свой прыкметны след у зборніку паэм «Каардынаты быцця» (1976), хаця асобныя яго адзнакі заўважныя ўжо ў папярэдняй кнізе вершаў паэта «Назаўжды» (1974). Менавіта гэтая мастацкая з’ява зацікавіла паэта Васіля Вітку, які ў цыкле артыкулаў 1984 г. пад паказальнай назвай «Традыцыя, пошук, эксперымент» абгрунтоўваў права мастака на «на пошук і творчае самасцвярджэнне» [92, с. 7] і называў А. Разанава «эксперыментатарам», супрацьпастаўляючы гэты тэрмін вызначэнню «наватар».
Яшчэ раней у артыкуле «Права на пошук» (1980) М.А. Тычына вызначаў месца А. Разанава сярод творцаў яго генерацыі – «новай хвалі» беларускіх літаратараў, што ўзнікла на зломе 1960 – 1970-х гг., – і іх папярэднікаў, даводзячы адметнасць гэтага месца [126, с. 159 – 171]. Знакавай у гэтым сэнсе была і назва артыкула літаратуразнаўцы А.К. Кабаковіч «Права на складанасць» [50, с. 155 – 172], дзе размова таксама ішла пра эксперыментальную творчую лабараторыю А. Разанава.
Як адзначыў літаратурны крытык П.В. Васючэнка, «Алеся Разанава ў літаратуру прывялі пад канвоем» [27, с. 238], маючы на ўвазе чацвёрты зборнік паэзіі А. Разанава «Шлях-360» (1981), які выходзіў з прадмовай Народнага паэта Беларусі Пімена Панчанкі, пасляслоўем Варлена Бечыка і пад агульнай рэдакцыяй Уладзіміра Караткевіча. Аўтарытэтныя рэцэнзенты, са словаў П.В. Васючэнкі, «абаранялі тэкст спераду і ззаду ад мажлівых абвінавачванняў у авангардызме і нацыяналізме, хавалі яго за аўтарытэтам паэта-камуніста П. Элюара» [27, с. 238].
Як відаць ужо з назваў артыкулаў, крытыка 1980-х гг. больш змушана была займацца тым, што даводзіла паэтава «права на пошук», «на складанасць», на эксперымент, тлумачыць натуральнасць і неабходнасць развіцця паэзіі жанрава і стылёва. Пры гэтым, недастаткова заўважанай і малаасэнсаванай застаецца прыкметная частка ўнутраных сувязей эстэтычна значных элементаў зместу і формы, абумоўленасць выкарыстання тых ці іншых жанрава-стылёвых сродкаў, прынцыпы стварэння і арганізацыі тэксту.
Традыцыйная нарматыўная паэтыка, якая даследуе законы ўнутранай сувязі і суадносінаў розных узроўняў мастацкага цэлага, пераважна апісальная. Яна разглядае эстэтычны аб’ект звонку, уводзячы яго ў гісторыка-культурны кантэкст літаратурнай нормы, замацаванай традыцыяй. Вылучаючы і сістэматызуючы асобныя элементы мастацкага тэксту, нарматыўная паэтыка на працягу свайго існавання – ад Арыстоцеля да Буало, ад Дзідро да Гумбальта – глыбока вывучыла эвалюцыю асобных паэтычных прыёмаў і мастацкіх сістэм (жанравых, стылёвых), сувязь часткі тэксту і яе вобразнай цэласнасці і інш.
Аднак навукова-тэарэтычнае асэнсаванне складанага механізма нараджэння мастацкага тэксту, яго змястоўнага напаўнення і ідэйнаэмацыйнага сэнсу традыцыйная паэтыка не заўсёды здольная ажыццяўляць. Такім парадкам, узнікае аб’ектыўная неабходнасць у распрацоўцы найноўшых метадаў вывучэння дынамікі творчага працэса. Сёння гэтым займаецца структурна-семіятычнае літаратуразнаўства.
Читать дальше