У гэтым раздзеле будуць разглядацца традыцыйныя паэтычныя жанры – вершы і паэмы, што ствараліся цягам усёй творчасці А. Разанава. Варта падкрэсліць, што ў самім размежаванні твораў на традыцыйныя і не-традыцыйныя ці эксперыментальныя паводле іх аднесенасці да таго ці іншага жанру ёсць пэўная доля ўмоўнасці. Так, немагчыма назваць традыцыйнымі падкрэслена наватарскія прыёмы, што выкарыстоўваюцца ў паэмах сярэдзіны 1970-х – пачатку 1980-х гг. Па сутнасці, паэма А. Разанава з’яўляецца самастойным жанрам (звышжанрам) са сваімі спецыфічнымі рысамі.
Мы палічылі мэтазгодным абраць храналагічны прынцып структурнага аналізу твораў азначаных жанраў і прасачыць іх мастацкую эвалюцыю. У першым падраздзеле выкарыстоўваецца метад тэксталагічнага аналізу, абазначаны як рэканструкцыя. Другі падраздзел прысвечаны аналізу паэм са зборніка «Каардынаты быцця». Тут адбываецца ідэйна-тэматычная інтэрпрэтацыя твораў з названай кнігі. У трэцім падраздзеле даследуюцца тыпалагічныя рысы паэм канцэптуальнай трылогіі «Гліна», «Камень», «Жалеза».
1.1. Мастацкія асаблівасці паэтыкі твораў А. Разанава 1960-х – пачатку 1970-х гг. Спроба рэканструкцыі.
Ніжэй будуць разгледжаны першыя дзве кнігі паэзіі А. Разанава – «Адраджэнне» (1970) і «Назаўжды» (1974). Тое, што аналіз твораў, якія склалі гэтыя паэтычныя зборнікі, адбываецца ў межах аднаго падраздзела, абумоўлена імкненнем адлюстраваць творчае сталенне паэта з улікам храналогіі стварэння пэўных паэтычных тэкстаў. Шэраг вершаў, што ўвайшлі ў зборнік «Назаўжды», па часе напісання мусілі быць змешчаны яшчэ ў дэбютнай кнізе паэта. Для нашай працы важным з’яўляецца асэнсаванне жанрава-тэматычнай разнастайнасці паэзіі А. Разанава канца 1960 – пач. 1970-х гадоў як мага шырэй. Пры гэтым, разгляд твораў будзе адбывацца з улікам асаблівасцей кампазіцыйнай пабудовы зборнікаў, тэматычнай і часавай тоеснасці разгледжаных паэтычных тэкстаў, а таксама – кампетэнтнай думкі літаратуразнаўцаў пра паэтыку А. Разанава перыяду, што разглядаем.
Спрабуючы зірнуць на паэтычны зборнік «Адраджэнне» як на цэласную кнігу з пэўнай канцэптуальнай задумай, неабходна адразу звярнуць увагу на важны момант, які ў многім вызначыць далейшую працу: выгляд большасці тэкстаў, змешчаных у зборніку, не адпавядае іх першапачатковаму (найпрасцей упэўніцца ў гэтым праз кнігу выбранага «Танец з вужакамі» [105]).
Час выхаду зборніка быў не самым спрыяльным для з’яўлення ў нацыянальнай літаратуры яркага і самабытнага паэтычнага таленту. Адміністрацыйна-камандная сістэма вымагала ад творцы шаблоннасці ды трафарэтнасці ў адлюстраванні рэчаіснасці. Усялякі выхад за межы патрабаванняў сацыялістычнага рэалізму як галоўнага творчага метаду выклікаў негатыўную рэакцыю афіцыйных кіраўнікоў літаратурнага працэсу і літаратурнай крытыкі, якая мусіла праводзіць «лінію партыі ў галіне літаратуры і мастацтва».
Паказальна, што Ларыса Геніюш заўважыла-прадбачыла паэтычны талент А. Разанава яшчэ ў 1966 г. – калі ў паэта былі надрукаваныя ўсяго чатыры вершы ў газеце «Літаратура і мастацтва» (калі не лічыць вучнёўскіх публікацый у «Бярозцы» і «Піянеры Беларусі»). Вось, як піша паэтка ў лісце гісторыку Міколу Прашковічу: «Разанаў многаабяцаючы, будзем думаць, што вырасце ў сілу, якая нам цяпер найболей патрэбная» [41, с. 79]. Да гэтага Разанава на семінары школьных паэтаў заўважыў У. Калеснік, які пазней адыграе адметную ролю ў фармаванні творчага светапогляду паэта.
Паэтычны зборнік аўтара з не самай «добранадзейнай біяграфіяй», які выходзіў у серыі «Першая кніга паэта», мусіў прайсці пільную «мастацкую апрацоўку», у выніку якой многія творы змяніліся далёка не ў лепшы бок. Нават назва зборніка, «Адрачэнне», пераменена выдавецтвам на дыяметральна іншую – «Адраджэнне». Вось як А. Разанаў каментуе гэтую акалічнасць у інтэрв'ю 2007 г.: «Тут адбылася пэўная транскрыпцыя. Назва зборніка мела на ўвазе іншае – адрачэнне. Адрачэнне ад таго, што мне не падабалася, прымушала хадзіць па нейкіх кругах і абмяжоўвала жаданне думаць, разумець... Ну, прапанаваў выдавецтву, але выдавецтва, відаць, палічыла, што гэта занадта рызыкоўная назва...» [111].
Першапачаткова рэдагаваннем кнігі займаўся Рыгор Барадулін, але выратаваць зборнік ад цэнзарскіх нажніц, відаць, не здолеў. Вядома, што да скарачэння вершаў «Адраджэння» спрычыніўся Хведар Жычка – галоўны рэдактар Дзяржвыдату БССР. Насупраць жа пазнакі «рэдактар» у кнізе стаіць прозвішча Пятра Прыходзькі.
Читать дальше