У далейшых радках вобраз Радзімы раскрываецца-карэктуюецца паўней: « Быццам / дрэва галіны, / гамоняць лісцём, цвітуць, – / жывуць у табе Скарына, / Шаўчэнка, / Пушкін жывуць… » [92, c. 3]. Натуральна, што малады паэт адчувае сябе ў адзіным культурным кантэксце з пералічанымі ў вершы асобамі, імёны якіх сімвалізуюць адраджэнне нацыянальнай свядомасці трох усходнеславянскіх народаў на розных гістарычных этапах, але ўрэшце пафасная інтанацыя зводзіць гэтыя імёны да яшчэ аднаго «святога імя»: « Чаго варты плён пакаленняў, / палёгшых у барацьбе, / калі не ўсміхнецца Ленін, / калі не будзе цябе?! » [92, c. 4]. Вядома, нельга забывацца на час выхаду зборніка, а таксама на яго «мастацкую апрацоўку» (ці ўтварыў бы, скажам, філолаг-выдатнік дзеепрыметнік «палёгшых», калі маецца форма «палеглых», – пытанне), праз што ўзнікае пэўная клішаванасць, але без якой, тым больш у загалоўным вершы, зборнік наўрад ці наогул пабачыў свет... Тут жа і радкі пра небяспеку, што ўвесьчасна пагражае вялікай дзяржаве. Але пры гэтым няма аніякіх падстаў сумнявацца ў шчырасці агульных інтанацый.
Разабрацца ў сутнасці «ленінскай тэмы» у творчасці і А. Разанава, і іншых паэтаў таго часу дапамагаюць аддаленыя адно ад другога на тры дзесяцігоддзі сведчанні пісьменнікаў Н. Гілевіча і У. Калесніка. Так, паводле Н. Гілевіча, «ленінская тэма» у савецкай паэзіі 1960 – 70-х гадоў была даволі папулярнай нават сярод тых, каго пазней запішуць у «антысаветчыкі», пра што ён сведчыць у сваіх мемуарах, называючы, да прыкладу, паэта А. Вазнясенскага як таго, хто «найлепш і найталенавіцей» уславіў Леніна. Гэтую тэндэнцыю паэт тлумачыць тым, што «для бальшыні «шасцідзесятнікаў» грунтам іх ідэйнага, духоўнага і маральнага аптымізму была вера ў вяртанне да Леніна, у аднаўленне ленінскіх прынцыпаў арганізацыі грамадска-палітычнага, эканамічнага, сацыяльнага і культурнага жыцця ў краіне» [42, с. 192 – 193]. З іншага ракурсу асвятляе гэтую тэму У. Калеснік, які, гаворачы пра верш А. Разанава « Ленін – гэта мы» (на якім, уласна, «ленініяна» у творчасці Разанава і завяршаецца), сведчыць: «Ленін – гэта сцяг той кагорты эксперыментатараў, пераўтваральнікаў свету, да якой залічвае сябе паэт» [51, 368].
Дакладны час напісання верша «Радзіме» невядомы, але агульная манера пісьма (бедная рыфмоўка, тэматычная клішаванасць) дазваляюць аднесці яго да зусім ранніх. Пры гэтым, У. Конан ужо на прыкладзе гэтага твора заўважае і ілюструе працэс зменаў у эстэтычнай сістэме А. Разанава: «Узыходжанне паэзіі А. Разанава ад звыклай і простай да элітарнай і складанай вобразнай сістэмы адбывалася... па традыцыйным шляху. У вершах «Адраджэння» прыкмячаецца элімінацыя, адпрэчванне вершаванага бытавізму, перакадзіроўка пластычна-рэчавых, натуральных вобразаў у сімвалы, наданне ім духоўнага сэнсу. Узнікае тэма спрадвечнага, касмічнага, і адпаведна мяняюцца кампазіцыя, інтанацыя і рытміка першага твора «Адраджэння» [58, c. 244].
Наступным разгледзім верш « Радзіма», якога з аб’ектыўных прычын няма ў кнізе (напісаны пасля яе выхаду і змешчаны ў зборніку «Назаўжды»). Ён, гэтак жа, як і вышэй разгледжаны, пачынаецца са звароту да Радзімы, але гэтым разам пранізлівая пафаснасць гэтага звароту скіраваная ўжо не да Краіны Саветаў, але да Беларусі (няхай і не названай , у нечым нават віртуальнай). Голас лірычнага героя ўжо з зусім іншай, інтымна-спавядальнай інтанацыяй гучыць свядома і напоўніцу, поруч з высокай ступенню тэхнічнага майстэрства паэта: « Радзіма, да цябе з мальбой / і нараканнем / не скрануся. / Я ў весялосці не з табой, / з табой у роздуме і скрусе… » [93, c. 11].
Звернем увагу на пары слоў «мальба і нараканне» і «роздум і скруха», што ў гэтай першай страфе ўтвараюць лагічны шэраг з проціпастаўляльнымі адносінамі. Магчыма, мальба мае вынікам нараканне, а роздум над лёсам Радзімы прыводзіць лірычнага героя да скрухі? Ізноў недагаворанасць, ізноў намёк на праблемнасць, што прысутнічала і ў вершы «Радзіме», толькі не ў абстрагаванаабагульненым ключы (радкі « Мо не заўсёды тое / робім, / што трэба рабіць »), а выказаная ўжо ад першай асобы (хаця і афарыстычна). Ва ўрачыстасці агульнага настрою тут ужо не адчуваецца клішаванасці.
У наступнай страфе паэт спявае гімн персаніфікаванай, нават сакралізаванай Радзіме-багіне, старанна падбіраючы лексічны і гукапісавы матэрыял: « Высвечвала бяздонным дном, / ў акно ўзіралася з’інела, / і ведзьмавала туманом, / і летам бабіным звінела » [93, c. 11]. Тут заўважым прыклад разанаўскага аксюмарана (« Высвечвала бяздонным дном »), што выяўляе імкненне да нечаканай вобразнасці, а таксама аказіяналізм (« ведзьмавала »).
Читать дальше