Адчуваў, як на руках і нагах цвярдзеюць мускулы і ўвесь ён становіцца цяжкім і шчыльным. Норма ў яго — сорак вокнаў за дзень. З верхніх паверхаў далёка відаць. Амаль у цэнтры Нью-Йорка вялікімі купінамі дрэў зелянеў цэнтральны парк. На поўнач ад горада віднеўся лес. Калі Лявонка мыў вокны з паўднёвага боку і паднімаўся на чатырнаццаты паверх, то бачыў удалечыні шырокі абсяг акіяна — таго, па якім нядаўна плыў на «Santa Maria».
Заканчваўся кастрычнік, але надвор'е стаяла вельмі цёплае, і ўдзень, і ўночы, — не такое, як у Прусцы, дзе ў гэты час ноччу ўжо пракідаліся замаразкі. А тут і свяціла і грэла гарачае сонца. Лявонка глядзеў знізу на сваю работу — вокны ззялі чысцінёй, і яму было прыемна. Успамінаў Ганну: «Эх, каб яна ўгледзела мяне тут… Там, пэўна, нават і не ўяўляюць, чым я тут займаюся. Ці каб дзядуля Кірыла ўбачыў, як я тут на гэтых вяроўчынах матляюся, от бы здзівіўся!»
У суботу ён атрымаў заробленыя за тыдзень грошы, разлічыўся з гаспадаром — містэрам Лейбе. Вечарам выпіў кружку піва. Больш сабе не дазволіў — работа патрабавала здаровай галавы і незамутнёнай развагі. Ноччу бачыў сон: небаскроб разгайдала так, што, здавалася, крукі вось-вось вырвуцца з петляў і ён паляціць уніз, у бездань вуліцы, заціснутай, як калодзеж, паміж гэтымі высознымі дамамі. А потым прыснілася Ганна…
Але сум не адступаў.
На вачах у Лявонкі раскрываўся новы свет, праявы нязнанага жыцця. Спачатку ён успрымаў іх вельмі няпэўна — як скрозь туман. Цяжка давалася мова. Спярша гэтая чужая гаворка здавалася яму як бы нейкая птушыная: у разнастайных гуках цяжка было ўлавіць сэнс. Але паступова даходзіў да сэнсу пачутых слоў, запамінаў іх: йес, гуд бай, о'кэй, сэнк'ю… На першым часе выручалі рукі і міміка. Даводзілася доўга і цярпліва тлумачыць, ужываючы не столькі мову, колькі першабытна-адмысловыя рухі і жэсты, каб высветліць найпрасцейшыя справы. Аднак з цягам часу запас слоў пашыраўся, ахопліваючы ўсё больш побытавых сітуацый.
У Амерыцы не толькі мова іншая — усё іншае, хлопцы неяк нават былі разгубіліся пад напорам новага жыцця з яго цяжкасцямі, клопатамі і супярэчнасцямі. Гарадская праца супраць ранейшай, прускаўскай, кожнаму здавалася вельмі нязвыклай, нават дзіўнай. І за што толькі, думалася, грошы плацілі! Аднак паступова пачалі асвойвацца.
Аднойчы містэр Грос, паглядзеўшы на сваіх пастаяльцаў, сказаў:
— Калі ты жывеш у Амерыцы, то і апранацца павінен адпаведна па-амерыканску. Вам трэба касцюм, кашуля, гальштук!
Яны ўжо і самі пераканаліся, што на адзенне тут звяртаюць асаблівую ўвагу. Цімоша з Піліпком ужо купілі сабе туфлі — па пятнаццаць даляраў за пару, і Лявонка збіраўся купіць такія ж. У нядзелю, пасля чарговай пэйды (так эмігранты называлі тыднёвы заробак), накіраваліся ў магазін гатовага адзення, які нагледзелі загадзя. У нядзелю магазіны, як правіла, не працавалі — выхадны, а гэты быў адкрыты і ў нядзелю. Гіры ўваходзе сядзеў, задраўшы ногі на стол, прадавец, але, калі прускаўцы ўвайшлі ў магазін, ён увішна ўстаў, сустрэў пакупнікоў усмешкай, прапанаваў свае паслугі. Лявонку і яго сяброў ужо не здзіўляла, што людзі тут пастаянна пасміхаюцца. Усмешка не сыходзіла з вуснаў амерыканцаў.
Пачалі з Цімошы — першы прымяраў ён — як найбольш грашавіты. Прадавец паклаў на прылавак касцюм — тройку з цёмнага матэрыялу ў белую палоску. Цімоша салідна крануў крысо, абмацаў пальцамі матэрыял.
— Дабрэнны! — падахвоціў сябра Піліпко, які таксама памкнуўся мацаць. — Панскі! Камізэлька шоўкавая…
Цімоша апрануў. Камізэлька падышла, а пінжак аказаўся завялікі — вісеў на Цімошу як на калку. Але прадавец, весела ўсміхаючыся, абвёў вакол сваёй таліі рукамі (у будучым, маўляў, містэр стане таўсцей, патрэбен запас) і ёмка паляпаў пакупніка па плячы:
— О'кэй!
Прускаўцы таксама заўсміхаліся, задаволеныя тым, што ўсё складваецца, як яны хацелі. Чалавек ізноў паляпаў Цімошу, цяпер ужо па грудзях, дастаў з-за прылаўка нешта белае, падобнае на кашулю, але без рукавоў, і ўсклаў хлопцу на грудзі.
— Манішка! — крутнуў прадавец пальцам.
Паўбіраўшыся ў гэтую незвычайную апранаху, прускаўцы зразумелі, што тлумачыў ім прадавец: «Гэта рэч, калі прыгледзецца, нават больш практычная, чым кашуля, асабліва для халасцякоў. Выдатна! Трэба купляць!»
Цімоша асцярожна зняў пінжак і апрануў манішку. Увішны прадавец насунуў яму на рукі белыя бліскучыя трубачкі і зашчыпнуў іх на запясцях, лоўка скалоўшы металічнымі запінкамі. Потым адшукаў яшчэ адну неабходную дэталь — белыя шнурочкі, якімі прывязаў манжэты да плячэй. На шыю прымайстраваў цэлулоідны каўнерык. Кліент, глянуўшы ў люстра, быў моцна ўражаны сваім выглядам.
Читать дальше