На стале дыміўся кубачак з гарачай пахучай кавай.
— Містэр Леан! — звярнуўся ён да Лявона. — Мы можам прапанаваць вам новую работу.
Нязвыклае ў дачыненні да сябе «містэр» здзівіла. Ён ажно пачырванеў. Каб да вясны не страціць добрага работніка, бос прапанаваў яму новую працу — ужо ўнутры будынка — ліфцёрам.
— А вясной зноў!.. — Бос пакруціў рукой у паветры, нібы выціраючы нябачнае шкло.
Як звычайна і робіцца ў такіх выпадках, з Лявонкам заключылі кантракт і тут жа выдалі уніформу з блішчастымі гузікамі і жоўтымі галунамі. Давялося асвоіць яшчэ адну прафесію: хто б думаў, што некалі яму давядзецца працаваць ліфцёрам. Цяпер абавязкам было развозіць людзей па паверхах — каму на які трэба. Час ад часу прыходзілася працаваць у начную змену — паднімаць і апускаць не толькі людзей, але і грузы. Аплачвалася праца слабавата, але, як кажуць, дзякуй і за гэта. Калі пасажыраў не было, ён старанна драіў латунныя дэталі ліфта.
Змена цягнулася дванаццаць гадзін. І ўдзень, і ўночы прасторнае мармуровае фае напоўнена зыркім святлом мноства электрычных лямп. У цэнтры і па кутках стаялі вялікія мяккія крэслы, у якія сядалі людзі з ганарліва-незалежным выглядам. Ля сцен у ёмістых плеценых карзінах раслі пальмы. Пячэй не было — грэлі радыятары, размешчаныя пад вокнамі. Спяшаліся на работу заклапочаныя канторшчыкі і розны падсобны люд. К канцу дня дзелавая гарачка спадала, рытмы слабелі і замаруджваліся. Лявонка чакаў ля адчыненых дзвярэй ліфта, але кліентаў не было, і ліфцёра адольвала нудота. І аднойчы здарылася непрадбачанае. Непадалёк, у гардэробе, ішла гульня ў косці, і ён — як нячысцік падштурхнуў — пакінуў ліфт і падышоў да гульцоў. Якраз у гэты момант яго і аклікнуў старшы парцье, паказаўшы рукой на расчыненыя дзверы ліфта. Што ж ты, маўляў, пакідаеш рабочае месца? Пагэтаму ці не пагэтаму, але пасля таго, як захварэў апальшчык, яго прызначылі ў кацельную.
— Хутка ж ты мяняеш спецыяльнасці,— пацвельваў з яго Цімоша. — Як толькі вывучвацца паспяваеш? Шанцуе табе, не інакш.
Сам Цімоша па-ранейшаму мыў посуд.
— Шанцуе, — з сумнай усмешкай пагаджаўся Лявонка.
Раніцай яны хуценька пілі каву і спяшаліся на працу.
Частку дарогі яму даводзілася ісці па вуліцы Баверы, бруднай і цёмнай, амаль закрытай зверху памостам паветранай дарогі. Лявонка ішоў па ёй як па тунелі. Народу шмат, але адчуваеш сябе яшчэ больш адзінокім, чым тады, калі застаешся сам-насам з сабой. Кожнага дня, апроч выхадных, ён уліваўся ў людское мора, якое плыло ў напрамку станцыі метро. Там разам з усімі апускаўся ў цёмны лаз падземкі. Бывае, столькі народу набіваецца, што не зачыняюцца дзверы. Каб ушчыльніць пасажырскую масу, на станцыі метро ёсць спецыяльныя людзі — забівалы, якія ў такіх выпадках дзейнічаюць без асаблівых цырымоніі умінаючы сваіх падапечных кулакамі і каленямі. Кожны раз, ідучы сціснуты натоўпам, ён успамінаў прускаўскія прасторы — абсягі палёў, шырокі луг, надрэчныя далягляды, лес. У электрычцы, калі вяртаўся з работы, яму амаль заўсёды саступалі месца, нават прыязна ўсміхаючыся. Поезд у метро ідзе хутка, грыміць на стыках, хістаецца з боку ў бок. Пасажыры, трымаючыся за поручні, чытаюць ранішнія газеты, жуюць гумку, маўчаць, пра нешта думаюць…
* * *
Першы набыў гадзіннік Цімоша. Дастаючы яго з кішэні камізэлькі, падносіў да вуха і працягваў Лявонку:
— Паслухай, як ідзе! Лявонка слухаў і хваліў:
— Добрая рэч!
— А ланцужок?
— І ланцужок.
— Сярэбраны, сказалі ў краме, і крыху пазалочаны. Піліпко таксама пахваліў, прыгадаўшы валаснога пісара:
— Лепшы, чым у Пацея!
Лявонка ўспомніў, што і камянецкі шавец Нохім марыў пра такі гадзіннік. Цікава, ці набыў…
— Быў мужыком, а цяпер чалавекам стаў! — падміргнуў Цімоша, хаваючы гадзіннік у кішэньку.
Усе дружна і з задавальненнем засмяяліся.
— Так то яно так, але пазарасталі мы! — сказаў Лявонка, паглядзеўшы на сябрукоў і памацаўшы рукой патыліцу. — Пастрыгчыся трэба!
Пастрыгчыся ў цырульні тут каштавала пятнаццаць цэнтаў. Вырашылі, дачакаўшыся выхаднога, усім разам пайсці ў цырульню. Галіцца — галіліся дома, праз дзень-два. Брытву «Solling» купілі ў складчыну, і адной карысталіся ўсе трое. Лявонка, каб не здавалася, што ён надта малады, вырашыў адпусціць вусы.
Цырульнік — насаты і вірлавокі мужчына — пастрыг іх пад бокс, толькі над ілбом пакінуўшы трохі чупрыны. Лявонавы кончыкі вусоў закруціў уверх. Канчаючы стрыжку, пстрыкнуў на кожнага з гумовай грушы — запахла адэкалонам. Потым узяў у рукі люстра і паднёс да кожнага, каб прускаўцы маглі на сябе паглядзець.
Читать дальше