Нарэшце адна за адной з'явіліся чайкі.
— Зямля! — крыкнуў нехта з матросаў.
— Новы Свет! — падтрымалі яго іншыя галасы.
— Амэрыка! — загулі пасажыры.
На дваццаць першы дзень плавання, апоўдні, «Santa Maria» ўвайшла ў Гудзонаў заліў. Уперадзе, над морам, паўстала высокая, асветленая сонцам постаць жанчыны з паходняй ва ўзнятай руцэ. Стомленыя амаль трохтыднёвым падарожжам пасажыры падняліся наверх і са здзіўленнем углядаліся ў яе суровае аблічча.
— Хто гэта?
— Статуя Свабоды, — патлумачыў нехта побач.
Горад уставаў з вады. Узнімаліся рознай вышыні прамавугольнікі будынкаў, безліч фабрычных комінаў, шматлікія карабельныя мачты. Нью-Йорк, па меры набліжэння, рос, шырыўся на вачах, прамавугольнікі ператвараліся ў высотныя хмарачосы. Увайшлі ў порт, які здзівіў мітуснёю і няўрымслівасцю сваіх працоўных рытмаў: вылі сірэны, грымелі якарныя ланцугі, туды-сюды снавалі катэры. «Santa Maria» падцягнулі да прыстані, спусцілі масткі, і пасажыры сталі выходзіць на амерыканскую зямлю. Людзі не таілі радасці, што нарэшце, пасля такой працяглай вадзяной няпэўнасці, апынуліся на беразе. Гэта быў востраў Эліс-Айленд, з якога пачынаўся Нью-Йорк. Тут знаходзіўся галоўны іміграцыйны пункт Злучаных Штатаў Амерыкі. Далёка не кожнаму прыезджаму шукальніку шчасця ўдавалася адолець гэта «чысцілішча» і трапіць у краіну, якая з'яўлялася мэтаю іх падарожжа. Нездарма Эліс-Айленд называлі «востравам слёз».
Пасажыраў «Santa Maria» сустрэлі высокія, аднолькава апранутыя дзецюкі з нейкімі, як падалося прускаўцам, даўбешкамі ў руках. Гэтымі даўбешкамі яны паказвалі ў напрамку шэрых аднапавярховых будынкаў, куды павінен быў кіравацца прыезджы люд. Зайшоўшы ў адзін з такіх будынкаў, пасажыры апынуліся ў распараджэнні чыноўнікаў эміграцыйнай службы і медыцынскіх інспектараў, якія праводзілі апытванні, праверку дакументаў і агляд усіх хто прыехаў. Амерыканскія федэратыўныя законы 1882–1892 гадоў забаранялі ўезд жабракам, палітычна ненадзейным асобам, хворым, а таксама тым, хто мог быць у цяжар грамадству.
Прускаўцы палахліва азіраліся па баках. Перш за ўсё іх чакаў пашпартны кантроль.
— Пашпарт! — загадаў чыноўнік, нават не глянуўшы, хто перад ім стаіць.
Хлопцы прад'явілі дакументы, той доўга іх вывучаў, і нарэшце штосьці запісаў у свой гросбух. Лявонка паглядзеў на незнаёмыя словы. «White Russia», — стаяла ў радку.
У Піліпковым куфэрку адляцела зашчапка, і яго прыйшлося звязаць вяроўкай.
— Вы не анархісты? — строга спытаў чыноўнік, аглядаючы ўсіх трох.
Прускаўцы рашуча заматлялі галовамі, адчуўшы сур'ёзнасць гэтага пытання, хоць і не ведалі, адкуль яна, гэтая сур'ёзнасць. Не ведалі, што ахвярай анархіста колькі гадоў назад стаў прэзідэнт Злучаных Штатаў — Мак-Кінлі.
Пытанні і адказы праходзілі праз перакладчыка.
— Чаму пакінулі свой край? — З твару чыноўніка не сыходзіў халодны выраз.
— Можа, грошай заробім…
Перакладчык пераклаў. Адказ, відаць, задаволіў мытніка, і ён загадаў прапусціць. Затым імі зацікавіўся чалавек у белым халаце. Лявонку здалося, што іх ён аглядаў асабліва прыдзірліва — адцягваў павекі, узіраўся ў вочы. Трахому шукаў ці якую іншую трасцу… Пасля ўрача іх чакала новая праверка. Мытнік, да якога яны трапілі, сядзеў у незвычайнай позе: ногі задраў на стол і курыў тоўстую чорную папяросу.
— Колькі ў вас грошай пры сабе?
У кожнага з прускаўцаў было па дваццаць даляраў, і гэта задаволіла інспектара. Ён нават падняўся і хлопнуў па плячы нізенькага Піліпка, сказаўшы нешта па-амерыканску.
— Ты ў Амерыцы. Амерыка — лепшая ў свеце краіна! — растлумачыў перакладчык.
І тут прускаўцам давялося стаць сведкамі жахлівай сцэны, якая зрабіла на іх цяжкае ўражанне. У іх спадарожнікаў з-пад Берасця, якія ішлі следам, не аказалася належнай сумы даляраў, каб пачаць жыццё ў Амерыцы. Мытнікі былі няўмольныя. Тут жа падскочылі дзецюкі ў форме і літаральна выштурхнулі людзей з памяшкання.
— Іх назад вяртаюць! — жахнуўся Цімоша.
Землякі спрабавалі нешта даказаць, але дарэмна. Эліс-Айленд стаў для іх першым і апошнім пунктам знаходжання на гэтай невядомай зямлі. Хлопцы маўчалі, перажываючы за землякоў. Гэта ж колькі нягод давялося адолець, каб выбрацца ў дарогу і ў самой дарозе. Цяпер трэба было вяртацца…
Драўляныя куфэркі прускаўцаў нікога з мытнікаў не зацікавілі.
З Эліс-Айленда яны пераправіліся на бераг і апынуліся на шырокай плошчы з процьмай народу. «Ну, чалавеча, лаві сваё шчасце!» — мільгатнула ў Лявонкавай галаве. Відаць, у гонар прыезджых увесь час іграла музыка, і гэта падбадзёрвала.
Читать дальше