— Нешта гушкаць пачало ці мне так здаецца? — заўважыў ён, лежачы ў гамаку, а падняўшыся, ніяк не мог трапіць нагой у штаны. — Што за халера! — лаяўся ён.
— Гэта гайданка, — тлумачыў Кужаль.
Услед за ім устаў Піліпко:
— Ого, кідае так, што не апрануцца.
Даводзілася пастаянна за нешта трымацца. Яшчэ да снедання падняліся на верхнюю палубу. Акіян выглядаў непрывычна: як бы хто яго раз'юшыў. Высокія хвалі вырасталі перад носам «Santa Maria», крута ўзнімалі яго ўверх і з грымотамі абрушваліся на палубу, змываючы ў акіян усё, што на ёй было. Над гарызонтам пагрозліва ўзнялося крывава-чырвонае вока сонца. Нават знаходзіцца на палубе было небяспечна, і пасля снедання прускаўцы спусціліся ўніз да сваіх гамакоў. Карабель, які ў порце ўяўляўся гіганцкай нерухомай глыбай, непадуладнай ніякім сілам, сцята дрыжэў, хіліўся настолькі, што вада залівала тоўстае шкло ілюмінатараў. Станавілася страшна. Навёўшы на людзей жах, карабель марудна, са стогнам, выпрамляўся і зноў, як лёгкая трэска, узлятаў на шматметровы грэбень хвалі, але нядоўга на ім затрымліваўся, падаў, пад заміранне сэрца, у самае марское прадонне, у невядомасць. Ад разварочаных, упрэлых лахманоў моцна несла церпкім чалавечым потам, мачой. Прускаўцы, звыклыя да палявых прастораў і лясной свежасці, задыхаліся ў гэтых неправетраных трумных памяшканнях. Цімоша з Піліпком увесь час ляжалі ў гамаках і дзіка пакутавалі ад марской хваробы і цяжкіх думак.
— Каб хоць вытрымаў гэты карабель, — уздыхаў Цімоша.
Страшна было і Лявонку. Ён успомніў, як едучы некалі з дзедам Кірылам у Камянец, на Бабіцкай гары іх разам з возам раптам падняло ўверх, да самых сонечных промняў Каб цяпер не апынуцца ўнізе! Недзе па кутках тоненькімі галасочкамі пішчэлі пацукі. Часам здавалася, што яны ўсе, разам з пацукамі, правальваюцца ў невядомасць вадзянога бяздоння. Сэрца сціснулася ад жаху, калі пад гамакамі, у якіх гайдаліся і пакутавалі прускаўцы, паказалася вада.
— Усё, гамон! — разгублена хапаўся за галаву Піліпко.
Таксама думаў і Лявонка: «Ці варта было ехаць, каб памерці ўдалечыні ды яшчэ ў моры? Больш недарэчнага не прыдумаеш. А ў Прусцы чакаюць… Мама, дзядуля, сястрычкі… І Ганна, Ганна…»
Прыкладна ж тое думалі Цімоша з Піліпком. Хлопцы пачалі ўжо развітвацца адзін з адным. Чакалі канца, але яго не было. Шторм працягваўся. Здавалася, што ён так ніколі і не заціхне, і страху не будзе канца. Ні снедаць, ні абедаць не выходзілі — выварочвала ўсё нутро. Адолела бяссонніца…
І ўсё ж такі Лявонка нейкім чынам асвоіў рытм шторму і нават як быццам прывык да яго. Ён даведаўся, што на караблі знаходзіўся ўрач, мелася аптэка, карыстацца якой можна было бясплатна, і часта бегаў да ўрача і ў аптэку, каб хоць як дапамагчы сябрам, якія нерухома гайдаліся ў гамаках. Ён праходзіў праз бясконцыя трумныя памяшканні і калідоры, уздоўж кают і некалькі разоў нават блудзіў, так што Цімоша з Піліпком ніяк не маглі яго дачакацца.
— Мы думалі, можа, ты ўтапіўся? — знайшоў сілы для жарту Цімоша.
— Калі тапіцца, дык лепш ужо ў нашай Лосьне, тут глыбіня вялікая, не дастаць дна, — жартам на жарт адказаў Лявонка.
На караблі яны яшчэ больш пахудзелі, сталі зусім як падлеткі. Дні праз два, пасля шторму, усё ж такі ачунялі ад марской хваробы і падняліся наверх. Сонца свяціла да рэзі ў зрэнках. Яны доўга стаялі, успёршыся на парэнчы, глядзелі на мора. Зрэдку трапляўся сустрэчны карабель.
Тады Піліпко казаў:
— Перасесці б на яго ды дадому.
Сябрукі сумна смяяліся, углядаючыся ў невядомы далягляд, што раскрываўся перад імі. Так праходзілі дзень за днём. Людзі ў труме прачыналіся, пазяхалі, часаліся, выпаўзалі з гамакоў. Той-сёй шаптаў малітву.
Праз тыдзень плавання параход трапіў у туман ды такі густы і белы, што нагадваў малако. Павеяла холадам. Натужна завыла сірэна, і тут прускаўцаў, як і астатніх пасажыраў, што стаялі на палубе, чакала яшчэ адна неспадзяванка. Наперадзе, па курсу, паказаліся нейкія белыя заснежаныя астраўкі, якія там-сям тырчэлі з вады.
— Айсбергі! Айсбергі! — закрычаў нехта з натоўпу. — Гэта небяспечна!
Але карабель абмінаў астраўкі і няўхільна пасоўваўся наперад.
Яшчэ больш здзівіліся прускаўцы, калі недзе за вярсту ад карабля ўбачылі каля дзесятка фантанчыкаў, якія ўзнімаліся над акіянскай паверхняю.
— Гэта — кіты! — растлумачыў нехта з пасажыраў, які, можа, не першы раз пераплываў Атлантычны акіян.
Тут, на палубе карабля, Лявонка адчуў сябе іншым чалавекам; якім — невядома, але не тым, учарашнім, што касіў сена і хадзіў за канём.
Читать дальше