— У Евангеллі ад Лукі сказана: «Гора вам, багатыя»! — Кузёмка абвёў усіх уважлівым позіркам. — Чулі? Людзей пастралялі!
«Канец свету ідзе! Канец свету! Праўду тады Кузёмка гаварыў…» — падумала Марыля і жахнулася:
— Ашалець можна!
— Дзе? Далёка? — занепакоіўся Кірыла.
— Пад Высокім. Там вёска ёсць — Бардзёўка. Хіба не ведаеце? Каля Такароў.
Вёску гэту ведалі.
— Графіня Патоцкая войска выклікала, каб сялян настрашыць. Плаціць не хацела, сена касіць наняла, а плаціць… — Кузёмка склаў пальцы ў дулю і падняў кулачок уверх. — Тады людзі спынілі работу. Яна другіх наняла, а тыя іх прагналі. Косці, кажуць, паломім і саміх пазабіваем. Прыбыло, аднака, тое войска. На чале — камандзір ахвіцэр з залатымі пагонамі і з шабляй. Капітан, нейкі Гніласыраў. Пад'ехаў да сялян на брычцы. «Разыдзі-і-ся!» Тыя стаяць. А ён ізноў: «Разыдзіся!» А яны хоць бы што. Вядома, злосныя ўсе. А ён: «Апошні раз сказываю: разыдзіцеся! Інакш загадаю страляць!» Але ёсць, аднак жа, адпаяныя людзі! Васька Клімчук — малады яшчэ дзяцюк — кулаком яму памахаў, кажа: «Я табе пакажу страляць!» А той рэвальверт дастаў і — «бах!». Не папаў. А Васька — хутчэй, каб за грудкі яго ўзяць. Тады ён ізноў — «бах!». У нагу пацэліў. Васька ўпаў, схапіўшыся за нагу. Тады людзі сталі патроху абкружаць ахвіцэра, каб адрэзаць яго ад салдат. Ахвіцэра гэта дужа напалохала, і ён са страху стаў крычаць: «Страляйце, мяне абкружаюць!» Салдаты, такое дзела, страляць пачалі. Шэсць чалавек забілі, сем паранілі. З тых параненых двое памерлі на раніцу, а трэці да вечара датрываў і кончыўся. От, якое дзела.
— А мы Падгурскаму сена пакасілі за капейкі,— сказаў з крыўдай у голасе Пракоп.
— І жнём, і картоплі выбіраем, — пацвердзіў Масей, але каваль нават не паглядзеў у яго бок, думаў, відаць, пра штосьці сваё.
Цімоша з Піліпком уважліва слухалі, пра што гаварылі старэйшыя.
— Памешчыкі цяпер у сіле. Калі што — тут жа Казакаў выклікаюць, — сказаў Халімон.
— У астрог пойдзем на гатовы хлеб! — пажартаваў Пракоп.
— Хутка, відаць, канец свету, гэтак і бацюшка ў царкве кажа, — паківала галавой Марыля.
— Не тыя часы, і паны ўжо не тыя, — крануў бараду Кірыла.
— Не тыя, не тыя, — пагадзіўся Масей.
Кузёмкава навіна абляцела Пруску. Падзея пад Высокім прымусіла задумацца. Застыглы і, здавалася, завершаны прускаўскі свет нечакана выявіў у сабе прыкметы абуджэння.
Баяліся і паны Падгурскія. Гэта былі багатыя і ганарыстыя паны. Іх продкі панавалі тут з даўніх часоў. Прыгонных некалі — усё наваколле. Пруска — іх радавое гняздо, вотчына. Некалі заваруха 1830-га ўмяшалася ў іх лёс, падняла з гнязда. Недалёка — у Белавежскай пушчы — знаходзіліся буйныя атрады паўстанцаў — шляхціца Ронкі і генералаў Хлапоўскага і Тышкевіча. Тады і Падгурскія пашылі сабе сінія жупаны, аднак do lasu яны не пабеглі і ў паўстанні не ўдзельнічалі, але пушчанскім паўстанцам тым-сім дапамагалі, за што і паплаціліся: маёнтак адышоў ва ўладанне новаму гаспадару — маскоўскаму генералу Якубоўскаму.
Паноў Падгурскіх раскідала па свеце, і ўжо ніхто не думаў, што хто-небудзь з іх вернецца ў Пруску.
Вярнуўся, аднак, пан Караль, які ў Варшаве даслужыўся да асэсарскага чыну і меў, відаць, немалыя грошы, каб адкупіць свае былыя ўладанні ў генеральшы Якубоўскай, якая на той час стала ўдавой. У палацы пасяліліся жонка пана Караля пані Ядвіга і тры сыны: Ян, Адольф і Адась. «У нашым родзе — адны мужчыны!» — хваліўся пан Караль. Гаспадарку вёў старэйшы сын — пан Ян. Пан арыентаваўся на новыя павевы: то разводзіў гусей і качак, то раптам пачынаў гадаваць коней. Не забываў пра старыя парадкі, заўсёды з нагайкай ездзіў — каго дастане, таго і спляжыць па спіне.
«Як такога і зямля носіць!» — дзівіліся прускаўцы. Але адгукнулася-такі пану Яну. Любіўся ён з прыгожай пакаёўкай Грунькай. Называў яе Гражынай. Калі Грунька-Гражына загрубела ад яго, пан угаварыў аднаго са сваіх парабкаў ажаніцца з ёй, не сказаўшы, вядома, што нявеста цяжарная. Вянчаліся маладыя ў Прускаўскай царкве. Праз пару месяцаў нарадзілася дзяўчынка. Міцька — так звалі парабка — зразумеў, што яго абманулі,— дзіця не яго. Пачаў зневажаць і біць жонку. Дзяўчынка была хіленькай, шмат не пажыла, памерла. Пан Ян люта ўзненавідзеў мужа былой сваёй каханкі. Па яго загаду Міцьку таго нанач адвялі ў казённы лес і, заткнуўшы рот, прывязалі да сасны, каля мурашніка. Як ён не загібеў ад тых мурашак, ніхто не ведае, але вытрываў пакаранне, застаўся жывы. Тады яго аддалі ў салдаты, і пра Міцьку неяк адразу забыліся. Прыгажуня Грунька зноў вярнулася ў абдымкі пана Яна. Нарадзілася яшчэ адно дзіця, цяпер ужо хлопчык. Назвалі чамусьці Дармідонтам. Прайшло гадоў дванаццаць — вярнуўся з войска Міцька. Сустрэў былую жонку. «Чыё гэта дзіця ў цябе?» Яна пачырванела, апусціла галаву, але, вядома, мусіла сказаць праўду. Адвячоркам былы салдат падпільнаваў суперніка ў карчах ля мастка праз Плісу. Пан вяртаўся на брычцы з аб'езду сваёй маянтковай зямлі. Міцька спрытна ўскочыў на брычку і парнуў седака нажом. Той нават падхапіцца не паспеў, так і застаўся сядзець у брычцы. Ужо нежывога, конь прывёз яго ў двор. Уся дворня доўга дзівілася, чаму пан не ўстае і не злазіць з брычкі. Міцька знік — толькі яго і бачылі. Потым брат пана Яна пан Адольф на тым месцы каплічку пабудаваў, а ўсярэдзіне паставіў драўляную фігурку Свёнтэго Яна. Каплічку пасвяціў ксёндз з Чарнаўчыц. Католікаў у гэтым краі было мала, і давялося звярнуцца ажно туды…
Читать дальше