Ноч пахла скошанай прывялай травой. Дзесьці ў прырэчных лозах скрыпеў драч. Прускаўцы, якія прыйшлі паглядзець, не маглі надзівіцца вясёламу цыганскаму вечару.
Піхта смяяўся разам з падвяселенымі мужчынамі:
— Пан прапаноўвае нам работу — катлы і каструлі паяць.
— Бо вы ж майстры! — з павагай сказаў Пракоп.
— Не пойдзем!
— Чаму? — дзівіўся Кірыла.
— Паглядзіце на птушак, — разышоўся Піхта, — яны не сеюць і не жнуць, але ж неяк жывуць! Дык чаму цыган не можа жыць? Толькі што ўдачу трэба мець…
— Нездарма ад цыгана ветрам пахне, — паддзеў Піхту Трахімка.
— А ад цябе чым пахне, га? Дай панюхаю, — павярнуўся да яго цыган.
Пачуўся смех.
— Ведаем мы гэту ўдачу, — уступіў у размову Масей Галёнка, выпіўшы толькі што паднесеную чарку.
Грамада змоўкла, наважыўшыся слухаць.
— Вось калісьць у Бабічах было. Таксама цыганы прыехалі. Пазычце, кажуць, барану — раку баранаваць будзем. Бабіцкія мужыкі зарагаталі, як дурні, а Марка Замагільны пытае: «А нашто ж яе баранаваць?» — «Наша справа». Той не адстае: «А ўсё-такі скажыце: нашто?» — «Рыбу лавіць будзем». Бабіцкія зноў зарагаталі: «Чым лавіць — баронамі?» — «Не, мы толькі бераг баранаваць будзем, а рыба сама ў гэты час з ракі павыпаўзае».
Пачуўся рогат.
— Гэта, можа, калі невад коньмі цягнуць. Невад цягнуць цяжка, — выказаў сваё меркаванне Назар Хомка.
— Не-е! — засмяяўся Масей. — Не ў тым справа! Ну, пазычылі бабіцкія ім барану. Збеглася ўся вёска глядзець на той цуд. «Ха-ха, ха-ха», — цыганы, маўляў, дурныя. А яны не дурныя, — тут Масей зрабіў невялікую паўзу. — Як высыпалі ўсе бабіцкія на бераг баранаванне тое глядзець, цыганкі тым часам па хатах пайшлі. Так што потым і курэй, і каўбас не далічыліся…
Усе навокал зарагаталі.
— Гэта, бацю, выдумаў ты, — махнуў рукою Піхта, — цыганы гэтак не робяць. Але здараецца, вядома, усякае. Неяк стаялі мы каля адной вёскі. Ну і людзі, скажу я вам, кубак вады не выпрасіш. Пайшоў я да папа. Якраз такою парой сена касілі,— расказчык дастаў з глыбокай кішэні люльку, закурыў.— Наняўся і я сена касіць. Я, кажу, бацю, столькі табе сена накашу, што на ўсю зіму хопіць! Узрадаваўся поп, паабяцаў дзесяць рублёў заплаціць, даў касу, сабраў мяшок з ежай — хлеб, сала, нават пляшку гарэлкі не забыў пакласці — і прывёў мяне на шырокую лугавіну з такой высокай і густой травой, што каня з яе не відаць было б. «Як пакосіш, прыходзь за разлікам», — сказаў поп і пайшоў. Ну, што ж, вырашыў я перш-наперш пад'есці, расклаў агонь, сала падсмажыў, выпіў, закусіў і лёг спаць. Назаўтра прачнуўся — што рабіць? Ізноў выпіў, пад'еў, лёг, адпачываю. І так дні два, пакуль папоўскія запасы не скончыліся, а калі скончыліся — касу на плечы і да папа. «Скасіў?» — «Усё дарэшты, сохне!» Дае поп дзесяць рублёў. «Эх, бацюшка, накінь яшчэ пяць! — надта ж трава высокая была, касы не выцягнуць. Каб ведаў — і не пачынаў бы!» — «Э не, так мы не дамаўляліся. Бяры грошы і ідзі з Богам». — «Дык што, не будзеце плаціць?» — «Я табе, кажа, і так шмат даў!» — «Ах, калі так, дык устань, трава, па-старому, як стаяла!» — сказаў я, бразнуў дзвярыма і пайшоў. Пабег поп на сенажаць. Бачыць — трава, як стаяла, так і стаіць, з чалавека ростам. «Эх, думае, не варта было мне скупіцца, дарэмна не набавіў цыгану. Цяпер, выходзіць, ізноў людзей наймаць трэба тую траву касіць…»
Усе дружна засмяяліся.
Вяселле працягвалася, а прускаўцы пачалі развітвацца.
— Да мяне заходзь! — запрасіў на развітанне Піхту Кірыла.
— Дзякуй! — цыган засмяяўся, бліснуўшы вачыма, — Можа, і сапраўды зайду. Чарку рыхтуй!
Моладзь засталася пры вогнішчы, ля якога, задумаўшыся, сядзеў пан Адась.
Трахімка разам з Цішкам, не звяртаючы ўвагі на прысутнасць Адася (як бы таго паніча і не было), пайшлі ў панскі сад па яблыкі. Гамона, які хацеў ісці разам з імі, не ўзялі.
— Не да Падгульскага! Вы да Кастантага ідзіце — сёння яго дома няма, паехаў некуды, — раіў ім Гамон, — у яго белы наліў!..
— Не, да Кастантага не пойдзем! — пакруціў галавой Трахімка. — З ураднікам лепш не звязвацца.
«О, Трахімка не ўломак! Разумее, што да чаго… — падумаў Лявонка і пашукаў вачыма Ганну, якую яшчэ раней заўважыў у купцы моладзі.— А дзе ж яна? Можа, з хлопцамі куды пайшла? Як яна магла? Дзе ж яна?» Але як толькі ўбачыў яе мілы тварык і ўсмешлівыя вочы, дык адразу папракнуў сябе за празмерную рэўнасць. Доўгія, прыгожыя вейкі сарамліва апускаліся, калі хто з хлопцаў асабліва ўважліва паглядаў у яе бок. Душа Ганны — маладая, неспазнаная. Пакуль што, пэўна, і яна сама не ведае, чаго хоча і якія глыбінныя жаданні ў ёй стоены.
Читать дальше