— А лепш за ўсё памірыцца вам трэба, прасіце адзін у аднаго міру! Цяпер жа з Японіяй вайна, чуў? Нашто нам яшчэ адна?
— Дык гэта не проста.
— Не проста, вядома. Падумай!
З валаснога ўпраўлення Міхаль выйшаў з цяжкім сэрцам. На дварэ — непагадзь. Сонца і не думала выглядаць з-за хмар. З поўдня дуў вецер, ад якога набракала вільгаццю паветра і станавілася густым і цяжкім. З Ратайчыц да маёнтка Падгурскага ішоў па дарозе, а далей вырашыў ісці праз Плісу, напрасткі. Там яшчэ з восені ляжала добра ўмацаваная кладка, якую не знесла нават веснавое паўнаводдзе. Накрапваў дождж. Ногі грузлі ў падталым снезе. Боты разбухлі ад вады і сталі цяжкімі. Чутно было, як па хмызняках шырокімі хвалістымі крокамі хадзіў вецер.
Кладка — адно бервяно. «Каб не паслізнуцца!» — падумаў Міхаль, ступіўшы на бервяно, і амаль адразу ж страціў раўнавагу і паляцеў уніз, дзе аддавала холадам вада. Хутка памацаў дно і ўстаў на ногі. Вады было якраз па пахі. Халодная, а пякла, як агонь. Бераг, на шчасце, побач. Ён учапіўся за нейкае ламачча, ачуняў і перавёў дыханне. На парог з'явіўся ўвесь мокры. Нават боты не выцер, што звычайна не забываў рабіць.
— Ой, людкове, што з табой?! — заламала рукі Марыля.
— Дай як абагрэцца! — Міхаль выглядаў разгубленым. Хлюпалі размоклыя боты і дыхаў цяжка. — Чабохтаўся ў той рацэ, пакуль выбраўся.
— Хуценька пераапранайся ў сухое! — замітусілася Марыля.
Памяняўшы бялізну, Міхаль узабраўся на цёплы запечак. Марыля згатавала і адразу ж напаіла яго адварам ліпавага цвету. Відаць было, як Міхаля даймалі дрыжыкі, лоб блішчэў ад поту. Тым не менш раніцай ён падняўся.
«Дзякуй Богу, ачуняў!» — узрадаваўся Кірыла.
Міхаль і сапраўды на першых парах адчуваў сябе быццам бы і не блага. Паспеў нават пасадзіць бульбу, але пасля гэтага раптоўна занямог і злёг. Тоня з Фядоркай якраз вучылі хадзіць маленькую Барбарку. Міхаль ляжаў на ложку, глядзеў на дачок. Твар у яго быў спакойны, але ў галаве віхурыліся думкі: «Божа мой, нашто я іх на свет пусціў, сірацінак?!»
— Тоня, падай вады! Стаміўся я нешта сёння… — папрасіў дачку.
Вечарам нават не дакрануўся да малака, што ўскіпяціла яму жонка. Кірыла падышоў да хворага і прыклаў руку да лба.
— Пал у яго вялікі…
Побач стаяла пабляднелая Марыля.
— Можа, каб да шаптухі яго? — у трывозе паглядзела яна на Кірылу.
Гаворка ішла пра суседку Васіліху, якая жыла праз колькі хат ад Кужалёў і не без поспеху займалася народным лекаваннем. Кірыла, нічога не кажучы, збегаў да Мордкі, узяў напавер кручок гарэлкі. Разлічыцца можна было і пазней. Хуценька прынёс і, дастаўшы з паліцы ёмкі кілішак з тоўстага зеленаватага шкла, амаль да палавіны наліў сыну. Міхаль выпіў і з удзячнасцю паглядзеў на бацьку.
— Што, — узрадаваўся той, — палягчэла трошкі?
— Здаецца, палягчэла.
— Так! Гарэлка, што ні кажы, а збівае пал…
У хату зайшоў сусед Назар Хомка. Сеў на лаўку, не скідаючы світкі, паглядзеў на Міхаля і, каб хоць як суцешыць хворага, сказаў:
— Азіміна добра паднялася.
Але хворага гэта не ўзрадавала.
— Жаць будзеце, мусіць, без мяне…
Кірыла глыбока ўздыхнуў.
— Можа, якога настою папіць? Бывае, што дапамагае, — сказаў Назар і, доўга не затрымліваючыся, моўчкі выйшаў, асцярожна зачыніўшы за сабою дзверы.
Хвораму не палепшала ні праз дзень, ні праз два. Наказалі цётцы Васілісе Каленкавай, якая прыйшла ўвечары. Зычліва і дабрадушна агледзела небагатую хатнюю абстаноўку і спыніла погляд на хворым, трымаючы пад рукою цёмную бутэльку з нейкай вадкасцю.
— Гэта настой з ядлоўцу і бярозавых пупышак, для націрання, — растлумачыла лекарка, прыглядаючыся да хворага, — яе шэрыя, маладжавыя вочы прыветна ўсміхаліся, але твар сведчыў пра рашучасць характару.
— Ломіць цела, — паскрадзіўся хворы.
— Зараз мы паправім справу! Васіль мой хварэў быў, дык я яго хутка паставіла на ногі. Прастуда!
Яна тут жа загадала Марылі націснуць соку з старых буракоў. Націраючы хвораму спіну і паясніцу, лекарка нешта нашэптвала. Вакол чорных яе зрэнкаў мітусіліся ледзь улоўныя жаўтаватыя праменьчыкі, а на скулах, відаць, ад шчырага старання выступілі ружовыя плямы.
Міхаля смажыла, і яго папаілі бураковым сокам. Нарэшце закуталі ў коўдру, зверху акрылі кажухом.
— Хай прэе!
На развітанне шаптуха абяцала даць зёлак, з якіх трэба было гатаваць адвар і даваць піць. У яе, аказваецца, быў і дзівасіл, і дзягіль, і лісце маліны. Сказала, каб папраўляўся, і пайшла сваёй порсткай, энергічнай хадою.
Читать дальше