— Відаць, табе надаела вучыцца ў нас? — разважліва сказаў ён, складваючы на жываце белыя, дагледжаныя рукі.
Лявонка заўважыў, як востра бліснуў камень у пярсцёнку на яго тоўстым пальцы, і адчуў, што ён поўнасцю ва ўладзе гэтага чалавека.
— Адкуль гэта ў цябе? — дырэктар узяў са стала тую самую недарэчную брашурку «Женщина и социализм».
Да падобнага пытання Лявонка быў ужо гатовы. Не, хлопцаў ён не выдасць.
— На дарозе знайшоў,— адказаў ён і правёў далонню па лбе, адчуўшы, як раптоўна павільгатнеў чуб і пачырванеў твар.
Васіль Іванавіч не зводзіў з яго цяжкога пагляду.
— Ты што — сацыяліст?
Хлопец ніякавата паціснуў плячыма.
— А ці падумаў ты пра таварышаў? Ты ж іх з пуці збіваеш…
Лявонка ўздыхнуў. Што на гэта адкажаш?
— Я нічога не хацеў… Нічога благога… На дарозе знайшоў…
— Каму яшчэ даваў чытаць?
— Сам прачытаў… некалькі старонак…
Дырэктар бачыў, што вучань перажывае і хвалюецца, ажно ўпацеў.
— Чуў, што сказаў інспектар?
— Чуў.
— Мы не можам гэтага цярпець!
Твар у дырэктара стаў чырвоны. Відаць было, як выдаўся наперад і быццам павялічыўся яго і без таго цяжкі падбародак.
— Май, калі ласка, гэта на ўвазе. Выключым, і будзеш пазбаўлены права паступлення ў іншыя навучальныя ўстановы! Ідзі!
Лявонка памкнуўся быў нешта сказаць, але дырэктар перапыніў яго:
— Маўчаць! Пасля класаў — у карцэр!
— Толькі прашу вас, — выціснуў з сябе вінавата, — бацькам не паведамляйце.
Дырэктар прамаўчаў.
Карцэр размяшчаўся пад лесвіцай. Нара. Ні вокан, ні дзвярэй. Не было нават на што сесці. Лявонка, сагнуўшыся, так і прастаяў у ім, не еўшы, увесь пасляабедзенны час. Выпусцілі толькі пад вечар, калі ўжо добра сцямнела.
Гэта было для яго як грэхападзенне, за якім павінна наступіць — як у той Бібліі — выгнанне з рая. Усёй яго свядомасцю авалодаў адчай. З вучылішча, аднак, не выгналі. Гэтага ён баяўся найбольш, і вось, дзякуй Богу, пакінулі. Васіль Іванавіч, мяркуючы па ўсім, палічыў больш прымальным замяць скандал у самым пачатку.
Прыйшла вясна і ў Пруску. У нізінах яшчэ ляжаў снег, а на раніцу ўжо падавалі пяшчотныя галасы журавы і, адпачыўшы на прускаўскіх паплавах, цягнуліся далей на поўнач. Пяшчотна зазелянелі першыя атожылкі крапівы, што паспелі ўжо адскочыць ад зямлі. Зацвіла Шведава бяроза — з галін пазвісалі жаўтлявыя каташкі. Прырода напаўнялася цяплом і радасцю жыцця, і яно знаходзіла хвалюючы водгук у чалавечым сэрцы.
Уставалі Кужалі рана, як і ўсе ў Прусцы. Першым, як звычайна, падняўся Кірыла, за ім Марыля з Міхалём. Памылі рукі, асвяжылі халоднай вадой твары, і кожны ўзяўся за сваю работу, а потым усе разам сабраліся, каб паснедаць. Паўставалі і дзеці. Марыля падала на стол міску таўканіцы, прынесла з каморы галоўку квашанай капусты. Хлеба ўжо не было. Яго ледзьве хапала да вясны, і то напалам з мякінаю, а далей на бульбу спадзяваліся, а часам і на лебяду пераходзілі. Пакуль што, дзякаваць Богу, бульба яшчэ не вывелася. На ўсякі выпадак пару мяшкоў пазычылі ў Хведара са Свішчова. У таго ў самога не густа было, але даў. Збожжа засталося толькі каб пасеяць. Недатыкальны «фонд».
Кужалі дружна абселі сямейны стол. Таўканіна здалася нейкай саладжавай — відаць, бульба крыху прымерзла, але на гэта не звярталі ўвагі.
Усё ж такі вясной чалавек весялей глядзіць на жыццё, хоць клопатаў, вядома, хапала. Асабліва турбавалася гаспадыня.
— Міхалка, схадзіў бы ты да Падгурскага, хай бы жыта пуды са два пазычыў — на праснакі,— папрасіла Марыля.
— А можа, таго, у каго з суседзяў? — разважыў Кірыла.
— Не, я сёння ў Ратайчыцы мушу ісці.
Усе ведалі, што судовая справа зацягнулася, і ўсіх не пакідаў клопат пра сведкаў.
— Няўжо не знайду праўды? — услых, з нейкай пакутлівай бадзёрасцю, падумаў Міхаль.
Марыля ўздыхнула. Апошнім часам жыло ў ёй смутнае прадчуванне чагосьці нядобрага.
Паснедаўшы, Міхаль накіраваўся-такі да Пацея.
…Пісар, убачыўшы наведвальніка, лыпнуў вачыма і кінуў позірк на Міхалёвы кішэні:
— А-а, ты? Не спяшайся. Каморнік будзе, калі падсохне. Не палезе ж ён у гразь…
Міхаль хацеў нешта сказаць, але Пацей перабіў яго:
— Ты сведкаў толькі знайдзі, а я ўжо навучу іх, што гаварыць! — у голасе Пацея гучала, як заўсёды, калі ён на падпітку, незадаволенасць разам з самаўпэўненасцю. — Ідзі, куслівая! — раздражнёна адмахнуўся ён ад першай ажынай мухі, што рвалася сесці на яго чырвоны нос.
Міхаль пачасаў за вухам.
Читать дальше