— Малка, ты не пакаўзнулася часам? — спытаў Нохім, глянуўшы на яе ўзверх акуляраў.— На дварэ такая склізата.
— Не, не бойся, я стараюся хадзіць павольна.
Яна паставіла на стол сподачак — некалькі зліплых цукерак-манпансье. Паглядзела на Лявонку:
— Пакаштуй, а то ты салам жывот надарвеш.
— Не, не надарву — колькі там таго сала!
— Прыйдзе пятніца — я цябе пачастую фаршырованай рыбай.
— Дзякуй! — хлопец памаўчаў.— Скажыце, калі ласка, што такое дэмакрат?
Гаспадары пераглянуліся паміж сабой. Нохім доўга крактаў, скроб лысіну, намагаючыся нешта патлумачыць, нарэшце паціснуў плячыма і паглядзеў на Малку. Малка лічыла сябе больш дасведчанай у гэтым пытанні, ды і зяця свайго яна не надта шанавала. Зяць? Да гэтага часу не паказаўся…
— Дэмакраты — гэта палітыкі,— растлумачыла яна больш мужу, чым Лявонку. — Ім усё ніпачом, бо нікога яны не слухаюць і ніякіх законаў не прызнаюць!
— Так ужо і не прызнаюць… — усумніўся шавец.
— Не прызнаюць! — стаяла на сваім Малка.
— Ой, каб я ведаў раней, што мая жонка ведае пазней, — паківаў галавой шавец.
— Нохім! Нохім змоўк.
Лявонка адчуў сябе вінаватым, што закрануў такое пытанне.
А Малка дадала:
— Ад іх можна чакаць чаго хочаш. Яны ўсё могуць… Нохім доўга і сумна пазіраў на Лявонку, як бы гаворачы:
«Вось такія, брат, справы».
Нічога пэўнага з Малкінага тлумачэння прускавец, аднак, не зразумеў…
Сонца паднімалася ўсё вышэй. Заіскрыліся паміж снегу першыя, яшчэ не смелыя ручаіны. З кожным днём яны станавіліся шырэй, а снег цямнеў і асядаў. Пачыналася вясна вады. На Лосьне зашумеў крыгаход. І як бы ні паланілі Лявонку кнігі, але вясна разварушыла і яго. Ноччу ў вокны Нохімавай хаты ціха струменілася зеленаватае святло сакавіцкіх зораў, а выйдзеш з хаты — запахне свежасцю ранішняя далячынь. У Прусцы ў гэты час хлапчукі, ды і дарослыя таксама, выходзілі за царкву, на пагорак, глядзець разліў. Лосьну было не пазнаць — такой шырокай яна рабілася. Разліўшыся па ўсёй даліне, яна адлюстроўвала ў сваёй вадзе навакольныя лугі і палі, лясы і пералескі, вёскі, што там-сям туліліся да яе берагоў, прасторы падвышанага неба. Вада па-вясенняму мутная, з пенай і смеццем, адламанымі з дрэў і кустоў галінкамі. Смялейшыя з дзецюкоў, хоць ад вады і цягнула зімовым холадам, падцягвалі да берага крыгі, узбіраліся на іх і, радасна-ўзбуджаныя, плавалі па лугавой пойме. З усіх звычайна вылучаўся Трахімка — жартам яго не было канца: любіў разгайдаць крыгу так, што сам на ёй утрымліваўся, а сябрук валіўся ў ваду.
Як хацелася быць у роднай Прусцы!
Зноў успомнілася Ганна. Узмоцнены марозам сарамлівы румянец на яе шчоках — у той калядны вечар. Крыху задзірыстая, але такая прыемная ўсмешка на попрадках. Каса яе, мусіць, яшчэ даўжэй стала, вырасла. Эх, каб яна была побач!..
Аднойчы пазванілі на перапынак, і Змітрок Зуб выцягнуў сябра на вуліцу.
— Давай на Лосьну глянем, як пасы сплаўляюць!
— Баюся, у вучылішча спознімся, — завагаўся Лявонка.
— Мігам — туды і сюды!
Разам пабег і Яшка Пац, які звычайна трымаўся крыху адасоблена, з падкрэсленай саліднасцю, і за гэта сябрукі яго крыху недалюблівалі. Вясна, відаць, разварушыла і яго.
У паветры выразна адчуваўся пах талай зямлі, і прыемна было развітацца з зімою — снегам, маразамі, завірухамі. Пасвятлела неба, набыўшы прыгожы бліскуча-блакітны колер. Як бы хто яго вымыў. Пад промнямі сонца ажывалі дрэвы і кусты, варушыліся пупышкі. Свет выглядаў новым, пасвяжэлым. Хутка свята Абрацення — як сказаў айцец Нікадзім.
У суботу, на перапынку паміж урокамі, хлопцы выбеглі на пагорак, на якім стаяў стоўп, паглядзелі ўніз, на раку. Лосьна ачысцілася ад крыг, але вады было нароўні з берагамі, нават крыху больш. Радаваліся жыццю жабы: «Крум — крум, р-рэк— р-рэк!» Удалечыні, за ракой, віднеўся лес, ахутаны туманнай смугой. Якраз гналі дрэва — пасы, як тут называлі плыты. З Белавежскай пушчы — па Лосьне — сплаўлялі іх у Буг, а там і далей, да самага мора. На плыце, на носе і па баках, стаялі астачы з доўгімі бусакамі — вялі плыт паміж паўнюткіх берагоў Лосьны. Пасярэдзіне паса гарэў касцёр, ля якога завіхаўся малады хлопец, зусім яшчэ юнак, і віўся тонкі дымок. Тут жа ўзвышаўся будан, у якім можна было адпачыць і схавацца ад дажджу. У канцы паса, на бярвеннях, стаяў цалёвы, з калком у руках, і ўважліва сачыў за ходам плыта, каб, крый божа, не занесла куды на мель і не ўтварыўся затор.
— У якую ж гэта краіну яны плывуць? — як бы самому сабе задаў пытанне Змітрок.
Читать дальше