Васіль сказаў жартам:
— Мусіць, шчаслівы ты чалавек, Пракоп, што заўсёды падкову ў руках маеш.
Каваль засмяяўся:
— Дзе ж яно — тое шчасце? Мусіць, збегла некуды…
— А ці мог бы ты, Пракопе, так падкаваць, каб ён ніколі не спатыкнуўся? — у голасе Васіля зноў пачуўся жарт.
Засмяяўся і Міхаль.
— Чаго захацеў! — у Пракопавых вачах з чырвонымі павекамі таксама зайгралі іскрынкі ўсмешкі:
— Прайшла чутка, што ты ў Амэрыку сабраўся?
— Ужо шыфс-карту маю! — пахваліўся Васіль.
— У Амэрыцы, кажуць, шалёныя заробкі! Вось там і дагоніш сваё шчасце…
— У Амэрыцы свабода. Паехалі разам!
— Каб не кузня, я б паехаў! Можа б, і зарабіў бы тых даляраў…
Пракоп гаварыў шчыра — сям'я яго жыла даволі бедна, і прычынай было, магчыма, яшчэ і тое, што ён гнаўся за двума зайцамі: кавальскую справу намагаўся спалучыць з палявымі клопатамі. А гэта, вядома, не проста.
Падкаваўшы каню адну нагу, ён узяўся за другую.
— А ты, Міхаль, не думаеш ехаць? — спытаў каваль, не адрываючыся ад работы.
— Не. Спраў шмат. І хату трэба новую ставіць, старая зусім струхлявела. І Падгурскаму вінаваты…
У Падгурскага пару гадоў назад Кужалі купілі зямлі. Пасля таго як расплаціліся з казной за Срач, Міхаль, параіўшыся з бацькам, узяў яшчэ паўтары дзесяціны на Доўгіх.
— Я ведаю, што ты сведак шукаеш? — Васіль глянуў на Міхаля. — Я б пайшоў, але ж, бачыш, у Амэрыку еду…
Міхаль нічога не адказаў.
Пракоп хутка справіўся і з другой конскай нагой, занёс у кузню інструмент.
— Ну, вось і ўсё!
Васіль расплаціўся і павёў каня дадому.
Прыбег кавалёў сын Цішка — яшчэ падлетак (так называлі гэты ўзрост прускаўцы), але ўжо даўні бацькаў памочнік. Пракоп загадаў яму падмесці абрэзкі конскіх капытоў і сухія яблыкі гною ля ганка. Потым узяўся чысціць горн, выкінуў адтуль кучу дзындры і вынес яе на вуліцу. Пракоп з Міхалём зайшлі ў кузню, скруцілі цыгаркі.
«Увішны ты хлопец! — падумаў Міхаль, убачыўшы, як Цішка прыбірае ў кузні.— Калі-небудзь і сам будзеш кавалём».
Недзе ў кутку над кучай іржавага жалеззя гудзеў камар, прадчуваючы прыход вясны.
— Чуеш, — кіўнуў на куток каваль, — зіма, а ён ужо голас падаў…
— Ажыў!
— Вясна ідзе.
Управіўшыся са смеццем, Цішка пабег па сваіх справах.
— Гляджу на твайго сына — расце хлопец. Не думаеш вучыцца куды аддаць?
— Дзе ж тыя грошы ўзяць? — пачасаў за вухам каваль. — А твой хлопец як?
— Вучыцца!
— Правільна! Навука — рэч патрэбная. Вось навастрыць зуб да бараны таксама трэба ўмець!
Міхаль расказаў, як ён хадзіў да Пацея і як насіў яму кручка, а той параіў яму наконт каморніка і сведкаў.
Пракоп паспачуваў:
— Сваіх шмат, а як прыходзіцца тапіцца, дык няма за каго ўхапіцца.
Міхаль уздыхнуў і пашкроб за вухам:
— Каморнік гэты столькі будзе каштаваць, што і грошай не хопіць. Тады і, можа, вучылішча тое кінуць давядзецца.
— Неяк яно будзе!
Міхаль выглядаў разгубленым.
— Пачакай, Міхаль, нешта прыдумаем! — запэўніў каваль і пачаў раскручваць горн.
Вучоба Лявонкі пасоўвалася сваім парадкам і даволі паспяхова, цікавасць да заняткаў не змяншалася. Ён вельмі перажываў, калі аднойчы спазніўся і давялося прастаяць амаль гадзіну ў калідоры, пакуль скончыцца ўрок. Матэматык Савелій Яўхімавіч — той, што прымаў уступны экзамен, — накрычаў і не пусціў. Непрыемна было стаяць у калідоры і адчуваць сябе вінаватым як бы нават і не па сваёй віне. Што зробіш — праспаў! А матэматык надта, як ён сам казаў, любіў парадак. Нездарма, апроч таго, што Савелій Яўхімавіч выкладаў у вучылішчы, ён быў яшчэ і старастам камянецкай царквы Сімеона Столпніка.
Пасля заняткаў, вярнуўшыся на сваю Рымарскую вуліцу, кватарант скрушна паскардзіўся гаспадару:
— Спазніўся. Настаўнік на ўрок не пусціў. Дома ў нас певень будзіць. А тут няма.
— Шкада цябе будзіць.
— Будзіце! — папрасіў пастаялец.
У хаце панаваў устойлівы і цяжкі пах смажанай цыбулі, алею, селядцовага ляку і моцных прыпраў.
На вячэру ў гаспадароў звычайна фішбульбэ — бульба з цыбуляй і перцам. Малка ўмее прыгатаваць яе так, што па смаку яна нагадвае рыбу.
Нохім, мяркуючы па ўсім, знаходзіўся ў добрым настроі.
— Не пераймайся надта! — Ён паправіў ярмолку, што сядзела ў яго на самай макаўцы. — Певень у нас ёсць! — шавец зрабіў націск на слове «ёсць».
— Нешта я не бачыў вашага пеўня. Дзе ж ён у вас?
— Ну, не. ў нас — у суседа. А якая розніца? Гэта ж побач…
Читать дальше