— Даўней людзі ведалі той час, калі да іх смерць прыйдзе, а цяпер, апроч Бога, ніхто не ведае.
Усе паглядзелі на Кузёмку.
— Як гэта зрабілася? Ішоў Бог па дарозе і бачыць: гародзіць чалавек саломай плот. «Чаму ты гародзіш саломай плот?» — пытаецца Бог у чалавека. «Вядома чаму, — гаворыць чалавек, — вот хутка памру, дык нашто мне мацнейшы плот? Гэтага даволі будзе на мой век». Вот Бог і пазнаў, што нядобра тое, што чалавек ведае час, калі ён памрэ. Што ж? Кожны столькі сабе робіць, колькі на век свой, а на даўжэй і не хоча. Падумаў Бог, падумаў,— нядобра гэтак! Нічога не будзе. Вось чаму Бог і зрабіў, каб чалавек не ведаў, калі памрэ.
Людзі ківалі галовамі, дзівіліся з таго, што расказваў дзівак.
— Ой, людкове, — не без гонару працягваў той, — я бачу многае, чаго, можа, і не відаць…
— Кажуць, ёсць недзе краіна, дзе людзі жывуць, як у раі,— сказаў Хведар-свішчовец, які таксама прыехаў на саракавіны.
— Я ведаю, — адразу ж азваўся Кузёмка, — на поўдні, дзе цяпла шмат і чарназём.
«Кузёмка ўсё ведае, усё роўна, як гісторык Станіслаў Арцёмавіч, нічым яго не здзівіш, — падумаў Лявонка, — але дзіва што: вандруе па свеце…»
Пабыўшы крыху, вандроўнік сабраўся ў дарогу.
— Куды спяшаешся? Пабыў бы ў нас, — хацеў спыніць яго Кірыла.
— Пайду, пайду. Трэба свет ратаваць.
— Куды ж ты пойдзеш?
— Куды Бог пашле.
Кірыла і Лявонка паціснулі плячыма.
Кузёмка насунуў на галаву шапку, выйшаў за парог і зачыніў за сабою дзверы.
— Убогі чалавек — што з яго возьмеш! — развёў рукамі Кірыла.
Смерць бацькі абарвала Лявонкаву вучобу. З вучылішчам давялося развітацца, каб заняць месца старэйшага ў сям'і нароўні з дзедам Кірылам. Мала ён і павучыўся ў тым Камянцы — усяго год. Але нічога не зробіш. Такі ўжо лёс. Юначая натура, абуджаная дакрананнем да свету ведаў, супраціўлялася гэтаму вяртанню, але мусіў вяртацца. Перад Кужалямі стаяла пытанне: як жа цяпер жыць? Уголас яго выказала Марыля.
— Будзем як-небудзь жыць, — няпэўна адказаў Кірыла.
Тры малодшыя сястрычкі — іх трэба дагадаваць, выправіць у жыццёвую дарогу. На Тоню ўсе любаваліся: дзеўчына расла, як лён. Бялявая, блакітнавокая. З выгляду сур'ёзная і, пасля смерці бацькі, не па гадах сумная. Куды дзелася ранейшая бесклапотнасць! І Фядорка ўдалая дзяўчына — вунь як аздабляюць тварык чорныя, прыгожа выгнутыя броўкі. За вушамі дзве чорныя касы, пераплеценыя чырвонымі стужкамі. Вось Барбарка яшчэ малая, яшчэ забаўляецца зробленымі з ануч лялькамі.
З гэтымі думкамі Лявонка выйшаў з хаты. Сталасць для хлопца наступіла неяк адразу. Трэба было брацца за гаспадарку. Яна, хоць і невялікая: конь, карова, пара парсюкоў, некалькі авечак, але патрабуе догляду.
Выйшаўшы на падворак, агледзеўся. На чаромсе, што расла на той бок вуліцы, валтузіліся шпакі, ваюючы з вераб'ямі, кружыліся, пералётвалі на вярбу, свісцелі, ціўкалі і, відаць, перадражнівалі адзін аднаго. Погляд міжвольна спыніўся на хаце. Першае, што неабходна было зрабіць, — пабудаваць новую хату. Жыць у старой ужо не было як— пастарэла, згорбілася пад цяжкім саламяным дахам. Пара б і пра новую падумаць. Пра ўсё гэта аднойчы вечарам ён сказаў Кірылу і маці. «Гарачы ты залішне, таго, унучак, — пацмокаў языком Кірыла, — з Падгурскім за зямлю яшчэ не расплаціліся…» «Расплацімся, неяк жа яно будзе…» — узяла сынаў бок Марыля. Кірыла ўжо сядзеў на прызбе, грэўся на сонейку і, здавалася, з асалодай і ўдзячнасцю ўбіраў у сябе веснавое цяпло. У барадзе яго за апошні час добра-такі прыбавілася бела-курчавых нітак. Ён ажывіўся, убачыўшы ўнука:
— Гной пара вывозіць, — як бы самому сабе сказаў ён. — Карова ў хляве бэлькі хрыбтом дастае.
Лявонка ўздыхнуў — ён таксама думаў пра работу, якая, зразумела, не магла чакаць.
— Трэба, каб, таго, усё ў час паспець…
«Як бы я сам гэтага не разумею», — падумаў унук, а ўголас сказаў:
— Мусіць, за ярыну трэба брацца?..
— Ярыну будзем сеяць, калі зямля добра падапрэе, пад дождж.
Ён ужо прывык бачыць дзядулю ў пастаянным, але нязмушаным, як бы натуральным клопаце, які, аднак, не толькі не замінаў яму ў яго штодзённым існаванні, а наадварот — нават дапамагаў жыць. Кірыла добра ведаў, калі і што сеяць і дзе сеяць. Умеў ён дакладна прадказваць надвор'е, назіраючы за паводзінамі жывёл, птушак і нават за выглядам дрэў. Калі бяроза распускаецца роўна знізу даверху — будзе цёплае лета, калі толькі знізу — халоднае. Работа селяніна быццам бы і не складаная, але ўсё трэба ўмець. Умець узараць, забаранаваць, пасеяць. І больш за ўсё Кірыла марыў пра жалезны плуг. Сын Міхаль ставіўся да гэтай навінкі трохі насцярожана, аднак урэшце ўдалося пераканаць і яго, і такі плуг у гаспадарцы з'явіўся. Прывёз яго Міхаль з Камянца. Паўвёскі высыпала ў поле, на Малы Трыб, паглядзець, як ён будзе араць. Пракоп падвастрыў лемех. Араў Кірыла. Ён неяк адразу авалодаў гэтым уменнем. За плугам ён ішоў лёгка, без натугі, нават, па ўсім адчувалася, з асалодай ступаў босымі нагамі па свежай разоры. Ад бацькі навучыўся сын. Аднойчы Міхаль паставіў за плуг Лявонку, даў паараць. Ручкі плуга аказаліся высокімі, трымаць іх было нязручна. Ногі напачатку блыталіся, але потым усё пайшло як быццам добра. Роўна клаліся чорныя барозны. Па іх дзелавіта хадзілі гракі, нешта вышукваючы ў свежых пластах зямлі. Лявонка азірнуўся назад, і плуг выскачыў з разоры. І тут бацька сказаў — не то сыну, не то самому сабе: «Паклаўшы руку на плуг, не аглядайся». Не сказаць, каб сын адразу ўцяміў сэнс бацькавых слоў, але запомніў іх…
Читать дальше