За тыдзень перад Гіасхай — Вербніца. Прачыналася, набракала сокам вярба. Галінкі вярбы неслі ў царкву — свяціць. Неблагім тонам лічылася, калі падлеткі і моладзь злёгку лупцавалі адзін аднаго гэтымі свянцонымі галінкамі, прыгаворваючы:
Вярба б'е — не я б'ю,
За тыдзень — Вялікдзень!
Не ўсірайся, не ўсцыкайся,
Будзь здаровы, як вада,
Расці хутка, як вярба!
Перавітыя чырвонай стужкай галінкі ўтыкаліся чамусьці ў падстрэшша і сохлі там цэлы год, пакуль іх не замянялі свежыя.
Шырока святкаваўся Вялікдзень — Пасха. Тут яе называлі Паскай. Гаспадыні фарбавалі яйкі — курыныя, гусіныя, качыныя, якія хораша аздаблялі святочны стол. Падлеткі выбіралі з іх мацнейшыя і выбягалі на вуліцу «на яйцы біцца». Трэснутае аддавалася таму, хто выйграў.
Моладзь адзначала Купалле — дзень летняга сонцастаяння, хоць царквой гэта свята не падтрымлівалася. На Купалу з 23-га на 24 чэрвеня, на золку, сонца іграе, ззяючы ўсімі сваімі радаснымі колерамі, святлом. Дзень летняга сонцавароту. Гляне ранкам прускавец на сонца, а яно кіпіць, пераліваецца.
Міфапаэтычныя адносіны да свету, у аснове якіх ляжала ўяўленне пра цыклічнасць, замкнёнасць развіцця, заставаліся тут вельмі моцнымі.
Прускаўская царква ведала розныя перыяды сваёй гісторыі. Будавалася яна як праваслаўны храм, але з цягам часу стала уніяцкай. Унія была заключана ў Брэсце, у канцы XVI стагоддзя. Паводле яе ўмоў, праваслаўная царква Беларусі і Украіны прымала каталіцкія догмы, хоць як быццам бы і захоўвала ранейшыя праваслаўныя абрады.
Па часе уніятамі зрабіліся і прускаўцы. Праўда, не адразу. Правы праваслаўнай веры адстойваў, пакуль жыў, бунтоўны іераманах Афанасій Філіповіч. Пасля яго ціск на праваслаўе ўзмацніўся яшчэ больш. Адзін час справа дайшла нават да таго, што, паколькі прускаўцы не хацелі з праваслаўнай, рускай, як яны казалі, веры пераходзіць да уніі, мясцовы пан (католік, ніхто ўжо не помніў яго імені) аддаў царкву ў арэнду камянецкім адкупшчыкам. Гэта значыць — ключы ад царквы знаходзіліся ў арандатара і, каб іх ад яго атрымаць, людзі павінны былі яму плаціць.
Унія была выкарыстана для паланізацыі беларусаў і ўкраінцаў, аднак у многіх месцах яна змагла супрацьстаяць працэсу паланізацыі і стаць апірышчам мясцовых нацыянальных традыцый. Прускаўцы, прыняўшы уніяцтва, доўгі час трымаліся гэтай веры і толькі недзе ў сярэдзіне XIX стагоддзя вярнуліся ва ўлонне праваслаўя. Вяртаць уніятаў у праваслаўе пачаў цар Мікалай Першы. Толькі што, здавалася, прыжыліся, прывыклі, асвоіліся ў новай канфесіі, і на табе — пераапранай душу ў іншую вопратку. «Альбо… праўдзівая вера, альбо сто палак», — казаў ураднік, і паспрабуй яго не паслухай! Вяртаючы з уніяцкай веры назад, у рускую, тых, хто не паддаваўся, секлі розгамі, адліваючы, калі была ў гэтым патрэба, вадой. Замест уніяцкага святара, які ўзносіў хвалу папе рымскаму, у Пруску прыехаў праваслаўны поп. З'явіўся новы іканастас з райскімі варотамі, а лаўкі, на якіх сядзелі вернікі, і фантанчыкі з свянцонай вадой, што стаялі пры ўваходзе, у бабінцы, выкінулі.
Папа прускаўцы пачалі называць бацюшкам.
Ля царквы Міхаль на хвіліну прыпыніўся, каб перавесці дыханне. Павявала вясной. У высокіх царкоўных прысадах звонка крычалі вароны. Прадчувалі, напэўна, вясеннія гульні. Хату айца Глеба акружаў сад. Міхаль заўважыў, як на бледна-бардовых ствалах вішань і сліў свяціўся празрысты янтар вязкай смалы.
— З чым прыпажалаваў, сын мой? — сустрэў яго айцец Глеб, калі неспадзеўны госць, зняўшы шапку, стаў на парозе папоўскай хаты, угнуўшы плечы.
Па праўдзе кажучы, свайго святара прускаўцы звычайна абыходзілі бокам, а калі хто сустракаў на вуліцы, то абавязкова хапаўся за гузік, каб чаго не здарылася. Вось і цяпер вочы айца Глеба глядзелі сурова, засяроджана. Відаць было, як ён дыхаў: шырокая барада, што ляжала на грудзях, узнімалася і апускалася ў такт дыханню. З ікон на сценах маўкліва пазіралі незнаёмыя абліччы святых.
— Непрыемнасці, бацюшка, — сказаў Міхаль, апусціўшы галаву і пазіраючы пад ногі.
Святар, трэба сказаць, нягледзячы на некаторую адасобленасць свайго службовага становішча, ведаў мірскія страсці ва ўсёй іх жыццёвай разнастайнасці і нечаканасці і здзівіць яго чым-небудзь было цяжка.
— Бог аднолькава прымае чалавека — і ў шчасці, і ў бядзе, аднолькава адорвае міласцю сваёй. Што ў цябе?
— Сусед у суд на мяне падае…
Айцец Глеб памаўчаў, абмацаў густую, з сівізной, бараду.
Читать дальше