— Жывым? — дрыжачым голасам спытаў Змітрок Зуб.
— Жывым. Было гэта амаль трыста гадоў назад, яшчэ ў часы Вялікага княства Літоўскага.
Станіслаў Арцёмавіч прайшоўся па класе.
— У нас слаўная гісторыя, аднак яна абышлася з намі, мясцовым людам, бязлітасна, сурова. Сталася так, што, на жаль, мы страцілі сваю гістарычную назву — Літва…
«Дзе ж была тая Літва? Калі?» — не пераставаў думаць Лявонка, ідучы пасля заняткаў да Нохімавай хаты. Вучні шмат спрачаліся паміж сабой, асабліва на гістарычныя тэмы. Іх цікавіла, чаму мястэчка, у якім знаходзіцца іх вучылішча, называецца Камянец-Літоўск.
Настаўнік тлумачыў:
— Гэта цэлая гісторыя. Некалі быў тут дужы народ — яцвягі. Пабілі яго крыжакі. Мы толькі невялічкі асколачак, што застаўся ад гэтых людзей. Па часе вы дазнаецеся і пра тых, хто заснаваў наш горад, і што было далей.
На вуснах Станіслава Арцёмавіча блукала добразычлівая ўсмешка. Лявонку хацелася даведацца, хто былі тыя крыжакі, але запытаць ён не адважыўся.
Аднаго разу, калі ўрок падыходзіў ужо да свайго завяршэння, Лявонка не вытрымаў, падняў руку, устаў і сказаў:
— А дзядуля кажа, што тыя князі былі не літоўскія, а нармандскія…
Сказаў і сумеўся, бо звычайна ён не любіў вытыркацца наперад, але тут неяк атрымалася само сабой.
Станіслаў Арцёмавіч прайшоўся паміж радамі. Раз і два. Павярнуўся да класа:
— Н-не. Нармандцы, ці, як іх яшчэ называлі, вікінгі, к таму часу — гэта ж трынаццатае стагоддзе — ужо збавілі сваю актыўнасць, іх час мінуў. А зрэшты… Першы камень у дзяржаўны падмурак у тую эпоху часта закладвалі менавіта прыхадні… Словам, прызнаюся, што гатовага адказу на гэтае пытанне ў мяне пакуль што няма…
Географ Пётр Пятровіч таксама адорваў немалымі адкрыццямі, вандруючы са сваімі вучнямі па неабсяжных прасторах свету.
Лявонка разам са Змітраком Зубам любілі разглядваць геаграфічную карту, што вісела ў класе, учытвацца ў назвы заморскіх краін, астравоў і мацерыкоў. Аднойчы быў выпадак, калі Пётр Пятровіч пацікавіўся дасведчанасцю вучняў у гэтай галіне сваёй навукі.
— Хто мне назаве ўсе часткі свету? — спытаў ён.
Узяўся назваць Змітрок, выкінуўшы ўверх руку. Пералічыў пяць і спыніўся.
— А колькі ўсяго частак свету?
— Шэсць! — крыкнуў нехта з задніх радоў.
— Дык якая шостая, хто ведае?
Падняў руку Лявонка.
— Калі ласка, Кужаль.
— Амэрыка! — сказаў Лявонка.
Калі б хто тады сказаў, што з гэтай Амерыкай у яго будзе звязана цэлая старонка жыцця, ніколі б не паверыў. Якіх толькі нечаканасцей не дае жыццё!..
Па-свойму цікавымі былі ўрокі свяшчэннай гісторыі, якую выкладаў святар камянецкай царквы айцец Нікадзім. Уразіла тое, што адбылося з Вавілонскай вежай.
— Гэта, — распавядаў айцец Нікадзім, няспешна пасоўваючыся па класе і падмятаючы падлогу сваёй доўгай апранахай, — было ў глыбокай старажытнасці, даўно, яшчэ калі ўсе людзі на адной мове гаварылі.
Клас прыціх.
— На адной мове гаварылі, і ўсе адзін аднаго добра разумелі,— патлумачыў айцец Нікадзім, — але гардыню сваю ўмерыць не маглі.— Бацюшка шматзначна падняў уверх палец. — Захацелася гэтым людзям пакінуць пасля сябе памяць на векі вякоў! Камусьці з іх скорапаспешна прыйшла ў галаву думка сабрацца разам і пабудаваць высокую вежу, ажно каб да самага неба! Усе згадзіліся — і закіпела праца ды яшчэ як! Знайшлі для вежы высокую гару, і будаўніцтва пачалося. Адны гліну месяць, другія з яе цэглу робяць, трэція гэтую цэглу абпальваюць, чацвёртыя — наверх падаюць…
Айцец Нікадзім расказваў настолькі маляўніча, быццам ён і сам удзельнічаў у тым будаўніцтве, быў сведкам усіх падзей.
— Будавалі некалькі гадоў. Расла вежа, і рос вакол яе горад, у якім жылі будаўнікі. Гэта і быў горад Вавілон — з раскошнымі дамамі і паркамі, у якіх спявалі птушкі і, канечне, памнажаліся грахі.
Пра якія такія грахі ішла гаворка, вучні не ведалі (ды і сам айцец Нікадзім, напэўна, таксама), але слухаць было цікава.
— А вежа ўзнімалася ўверх — знізу шырокая, а чым вышэй, тым вузейшая. — Бацюшка наблізіў адну да другой далоні, паказаўшы, якой вузкай стала вежа. — Будавалі ўступамі.— Для нагляднасці расказчык ізноў выкарыстаў далоні.— Да самага неба. Машын розных напрыдумлялі. Нарэшце, прадстаўце сабе, і хмары блізка.
Лявонка спрабаваў уявіць, якая гэта была вежа, што ўзнялася да самых хмар.
— І, упаўне зразумела, не спадабалася гэта Богу — наслаў ён вялікую буру. Вецер пазносіў з вуснаў будаўнікоў усе словы, якія людзі прывыклі гаварыць адзін аднаму. Калі бура скончылася, будаўнікі ізноў хацелі ўзяцца за работу. Пачалі перамаўляцца паміж сабой, і аказалася, што адзін аднаго не разумеюць. Патрэбных слоў не было. Што рабіць? Давялося кінуць працу, і вежа ўрэшце развалілася.
Читать дальше