Дадому вярнуліся позна. На вячэру гаспадыня падала бульбу з кіслым малаком. З бульбы ішла густая пара, белыя бульбінкі рассыпаліся і іскрыліся вільготнымі кропелькамі крухмалу. Госць пакаштаваў.
— Што, смачная? — пасміхнуўся Грыцько.
— Смачная…
Грыцько сказаў, што ў мінулым годзе яны пасадзілі з паўдзесяціны бульбы, не на продаж — для сябе.
— «Айдага»! Гатунак такі…
— А калі вам паспрабаваць больш садзіць бульбы? — рызыкнуў параіць Лявонка і дадаў: — Наш край слаўны бульбай.
— Не выгадна.
Грыцько патлумачыў, што на гэтых землях растуць добрая пшаніца, авёс і асабліва кукуруза. А бульба? Бульба… Стомлены работнік ужо не чуў, што ён гаварыў, змарыў сон, і ён пайшоў адпачываць. Заснуў задаволены і з пачуццём апраўдання, дзеля чаго ён тут на гэтай ферме.
Праз колькі дзён, апрацаваўшы поле, пасеялі пшаніцу, а к канцу мая пасадзілі кукурузу — таксама непадалёк ад абсады. Фермер прытрымліваўся строгага севазвароту: звычайна пасля кукурузы ён сеяў авёс, затым канюшыну і люцэрну і зноў кукурузу. Садзіў яшчэ і буракі. Сказаў, што пшаніца і буракі нагадваюць пра пакінутую Украіну.
Вечарам, як па заказу, калі яны вярнуліся дадому, пачаў імжыць дробненькі дождж. Можна было і адпачыць. Стомлены Букер прысеў на лавачку каля свайго хлевушка, але гаспадару гэта не спадабалася.
— Хіба не бачыш, — упікнуў ён чарнаскурага работніка, — кабыла падкову згубіла, а табе хоць бы што!
Прускавец ужо ведаў, што безрабоцце фермер лічыў за страшны грэх і нават злачынства, але ж быў ужо вечар і відаць было, што чалавек замарыўся.
Букер спрабаваў штосьці сказаць ці патлумачыць. Гаварыў з гаспадаром пачціва, але той нават слухаць не стаў. З Букерам ён гаварыў па-англійску.
— Прыкусі язык! Працаваць трэба! — і дадаў яшчэ нешта, чаго Лявонка не зразумеў.
Букер падаўся на поле, адкуль яны толькі што вярнуліся.
Фермер пагардліва паглядзеў яму ўслед і сказаў, звяртаючыся да Лявонкі:
— І найменне нехта яму даў — Букер…
Аказваецца, ад гаспадара Букер атрымаў загад палохаць варон. Відаць было, што жыццё адвучыла фермера спагадаць каму-небудзь…
* * *
Пасля пасеялі канюшыну і люцэрну. Тым часам паднялася і зазелянела густая пшанічная рунь, а побач і кукуруза. Здавалася б, можна і перадыхнуць. А не! У гаспадара на ўліку кожная хвіліна. Усе працуюць цэлы дзень, няма калі адпачыць. І кожны мае сваю працу. Учора яны валілі і карчавалі дрэвы на ўскраі лесу, каб пашырыць поле, і Лявонка добра-такі натрудзіўся, але не паказваў, што стомлены. Напачатку містэр Грын зрэдку назіраў за тым, як ён працуе, ці ўсё ў яго атрымліваецца як трэба. Пераканаўшыся, што той усё робіць сумленна, як для сябе, перастаў на яго аглядацца. Выйшаўшы з лесу, пачалі рамантаваць плот вакол сядзібы. Потым быў час ланчу — селі падсілкавацца. Лявонка загледзеўся на прыгожую, з блакітным адценнем, елку, што расла побач з плотам.
— Нарвежская, — не без гонару сказаў гаспадар.
Непадалёку ад фермы цякла невялікая рэчка, упадаючы ў адно са шматлікіх азёраў, раскіданых па ўсёй гэтай прасторы. Рэчка мела дзіўную назву: Матушка Волга. Хто так назваў — невядома. Мабыць, нейкі чыноўнік з штата ці вайсковец — рускі па паходжанні.
— Вам, містэр Грыц, каб рэчку гэтую запрудзіць ды млын паставіць…
Гаспадар быў здзіўлены:
— Наша Матушка Волга часам і наравістая бывае, асабліва ў дажджы. Тады вады прыбывае!
— Тым лепш! Шпарчэй будзе кола круціць.
— А ты вунь, аказваецца… Розум у цябе пракідкі! Я ўжо і сам над гэтым думаў. Хіба што з цягам часу…
Цяплей стала на душы ад яго пахвалы.
— Беларусы на прызбе не сядзяць, — успомніў ён словы дзядзькі Хведара, сказаныя ім перад ад'ездам.
Грыцько засмяяўся:
— Удалая прымаўка!
— Але ж шчасця там няма, разбрыдаюцца людзі па ўсім свеце. Ні шчасця няма, ні дастатку, усюды гора, галеча…
Наступіла паўза.
— Я табе скажу, чаму, — кашлянуў Грыцько, прачысціўшы голас.
Лявонка чакаў, што ён скажа.
— У вас канстытуцыі няма. Гэта — раз. І ў вас паноў шмат. Амэрыка, у адрозненне ад Расіі, краіна дэмакратычная! У вас цар пры ўладзе, ніхто яго абмежаваць не можа. Што хоча — тое і робіць. — Грыцько развёў рукамі. Размаўляў ён у сваёй ранейшай паблажлівай манеры. — Ты от неяк быў сказаў, што вашы беларусы рана прачынаюцца… Як жаўранкі…
— Не помню, можа, і казаў.
— Дык вось, па вашым народзе гэтага не відаць. Не чутно нешта вас…
— Добра вам так разважаць, містэр Бузук, — у вас людзі хоць неяк паважаюць адзін аднаго, а ў нас — не! Ушчаміць адзін аднаго стараюцца. Можа, таму і іншыя да нас дрэнна ставяцца: ні нас, ні мовы нашай не прызнаюць.
Читать дальше