Як быццам цяпер усёю істотай ён фізічна адчуваў, наколькі закарэла паверхня яго цела. Праўда, ён разумеў, што гэтакі стан яшчэ не можа быць апраўданнем забыўчывасці. У якіх бы жахлівых умовах ні жыў чалавек, як бы ні існаваў, але, нават думаючы толькі пра хлеб надзённы, усё роўна ён павінен практыкаваць і трэніраваць сваю памяць, каб не даць ёй прытупіцца або, крый божа, зусім атрафіравацца.
«Няўжо я патрохі дзічэю і ператвараюся ў малпападобную істоту, у якой пад уплывам навакольнага асяроддзя чалавечыя пачуцці паступова выцясняюцца жывёльнымі інстынктамі?» — схамянуўся Сіліч, і ў ім зноў варухнулася і пачало абуджацца забытае жаданне.
Варта яму толькі заікнуцца вартавому наконт лішняга аркуша паперы— і той, вядома, заадно прынясе яго. Цяпер самы зручны момант. Нават упрошваць Кольба не прыйдзецца: ён ахвотна згодзіцца перадаць Міхасёву запіску сялянам, калі пойдзе да іх па аўсяную муку. А тыя перададуць яе далей, у іншую вёску. I гэтак з рук у рукі вестка дойдзе да маці. Як яна абрадуецца, калі даведаецца, што сын жывы! Спячэ хлеба ці скавароднікаў. Возьме з кубла сала. Збярэ ўбогую перадачу i прынясе сыну.
Чамусьці Міхасю раптам прыгадаліся расказы бабулі пра тое, як яна з ягонай маці і цёткаю хадзілі ў Кіева-Пячорскую лаўру пакланіцца мошчам святых. А цяпер маці вымушана будзе ўбачыць мошчы жывога сына і адмольваць ягоныя грахі, укленчваючы перад руінамі пана вялікага Ноўгарада.
Што натварылі на яго зямлі нашчадкі праклятых крыжакоў! Адпомсцілі за ўсе ганебныя прамашкі сваіх бясслаўных продкаў. Адным махам расправіліся і з Ноўгарадам, і з Кіевам, і з Полацкам. Іх крывавае нашэсце не ідзе ні ў якое параўнанне з былымі міжусобіцамі паміж князямі гэтых старажытных гарадоў, якія то ўваходзілі ў Кіеўскую Русь, то адасабляліся ў самастойныя княствы і феадальныя рэспублікі.
3 гісторыі Сіліч ведаў, што ў канцы дзесятага стагоддзя наўгародскі князь Уладзімір, раззлаваны тым, што Рагнеда, дачка полацкага князя Рагвалода, адмовілася выйсці за яго замуж, напаў на Полацк, забіў князя з сынамі і ажаніўся з Рагнедай. А ў пачатку адзінаццатага стагоддзя полацк! князь Брачыслаў авалодаў Ноўгарадам і адасобіў Полацкае княства ад Кіеўскай Русі.
Па нямецкай гаворцы адчувалася, што язык у Сіліча падвешаны, але пісаць па-нямецку хлопец руку не набіў. Шпрэхаць ён сяк-так шпрэхаў, а шрайбаваць яму, ненапрактыкаванаму, было цяжэй. Таму, калі Кольб прынёс аловак з папераю, Міхась папрасіў Леаніда, каб той напісаў, якія матэрыялы спатрэбяцца для чучала і якім спосабам выдубіць заячую шкурку. Хлопец адчуваў, што сябру напісаць гэта па-нямецку лягчэй, чым яму самому.
Але затое праз нейкі тыдзень, як толькі вартавы перадаў ім начынне, Сіліч не адышоў ад Ярмоліка да таго часу, пакуль той не зрабіў чучала.
Хлопец уважліва назіраў, як сусед адпаведна памеру шкуркі замест хрыбта i ног зайца звязаў драцяны каркас і шчыльна абматаў ачоскамі яго шыйны ўчастак і канцавіны. Як распляскаў і забіў верхні канец дроту ў драўляны корак, які наглуха ўмацаваў у вялікай патылічнай адтуліне чэрапа. Вачніцы набіў пакуллем і ўставіў у яго вялікія пукатыя гузікі, а ў шкурку вушэй усунуў кавалкі тонкага кардону. Міхасю было цікава, як Ярмолік нацягваў на чэрап шкурку галавы і прасоўваў у канцавіны шчыльна абмотаны ачоскамі дрот. Потым туга набіў шкурку пакуллем і зашыў ніткамі разрэз на жываце. А вострыя канцы дроту, што вытыркаліся з ног, распляскаў і пазабіваў у дошчачку. Заяц стаяў на падстаўцы, як жывы. Нават не верылася, што гэта — чучала.
Сіліч не сумняваўся, што многія ахоўнікі, якія яшчэ нядаўна асуджалі Кольба за тое, што ён аддаў палонным зайца, цяпер пазайздросцяць уладальніку гэтага нязвычнага сувеніра. Хлопец глядзеў на яго як на аддарунак вартавому за чалавечны ўчынак i, вядома, не спадзяваўся, што Кольб заплаціць за працу палоннаму, які зрабіў чучала. А вартавы потым чатыры разы, праз дзень-два, прыносіў Ярмоліку па паўбуханкі хлеба, што ў сваю чаргу саслужыла тады якую-ніякую падтрымку, як дадатковая надбаўка да ўбогага рацыёну кожнага з пяцярых суседзяў.
Тыя дні запалі ім у памяць, бо якраз папярэднічалі вячэрняй мітрэнзе, што праз ноч неспадзеўкі ўзняла ў лагеры вэрхал, які назаўсёды разлучыў многіх сяброў, суседзяў і знаёмых.
Пачалося ўсё з таямнічай лыжні, якую раніцаю заўважылі і вартавыя, і палонныя. Яна пралегла з боку фронту ў глыб занятай ворагам тэрыторыі і перасекла гравійку метраў за трыста ад лагера. Мясцовасць была тут аголеная, з рэдкімі кустамі, нявыгадная для ўкрыцця і маскіроўкі. Відаць, лыжнікі праявілі дзёрзкасць і не выбіралі абходнага шляху. Мяркуючы па глыбіні следу, які лыжы праклалі па снезе, было відаць, што па лыжні прайшло болей за дзесятак чалавек.
Читать дальше