— Сказаў яму, каб ён заліў яе халоднай вадою i добра вымачыў. Баюся, што з яго гэтакі ж кухар, як з мяне кравец. Нябось, не ведае таго, што нават парэзаную на кавалкі зайчаціну трэба гадзін пяць вымочваць у вадзе. I толькі пасля ўжо можна шпігаваць яе салам i смажыць або тушыць з бульбай ці з гароднінаю.
— Дзе ж ён возьме той бульбы ці гародніны? — пашкадаваў Казнадзей. — На лагернай кухні i не засмажыш неразабраную тушку.
— А калі яшчэ згатуе нявымачаную, дык і зусім сапсуе дзічыну, — настойваў Ярмолік.
— Некалі будзе смакаваць: праглынецца нэжаваная! — з’іранізаваў Казнадзей.
— Усё-такі не варта марна пераводзіць прадукты, — не пагаджаўся Ярмолік, беручы ў рукі аголены чэрап зайца, — Калі яны ўжо дасталіся нашаму брату, дык і спажыць іх трэба па-людску.
— Што ты надумаўся рабіць з яго? — насцярожыўся Хяндога, гледзячы на тое, як Ярмолік спачатку выняў з чэрапа вочы, а пасля пачаў выкалупліваць мазгі. — Пудзіла, каб некага напужаць, ці што?
— Пудзілам чалавека не напужаеш, а от чучалам — уцешыш, — загадкава адказаў Ярмолік, прадаўжаючы свой незразумелы занятак.
Сіліч няўцямна глядзеў на чэрап у ягоных руках, i пад уражаннем Хяндогавых слоў хлопцу раптам успомніліся пудзілы, што некалі рабілі іхнія вясковыя падшыванцы. 3 чужых градаў яны кралі спелы круглы гарбуз, зразалі з яго цемя і з сярэдзіны выкалупвалі мякіш з гарбузікамі. Потым у парожнім гарбузе сцізорыкам вырэзвалі круглыя вочы і разяўлены рот, у які замест зубоў утыкалі знізу і зверху прадаўгаватыя чырвоныя ягады барбарысу. Праз аснову адламанага хваста пратыкалі ўсярэдзіну гарбуза цвік, на вастрыё якога насаджвалі свечку. Упоцемку запальвалі яе i зверху да парожняга гарбуза прыколвалі затычкамі зрэзанае цемя. Такімі прымітыўнымі пудзіламі, бывала, у бязветраныя цёмныя вечары падшыванцы пужалі наіўных вясковых дзяўчат. Напалоханыя, тыя адны баяліся выходзіць з хат і звалі на дапамогу юнакоў. Калі сталыя хлопцы з’яўляліся з дзяўчатамі на вуліцы, падшыванцы разбягаліся, ха~ ваючыся па завуголлях.
Тым часам Ярмолік апусціў чэрап у кацялок з вадою, нажом акуратна выняў з вушэй у шкурцы храсткі, а пасля разаслаў яе на нарах поўсцю ўніз і пачаў старанна выскрабаць рэшткі тлушчу і мяса.
Міхась рашыў, што ён хоча згатаваць з чэрапа халадзец, а шкурку вырабіць для зімовай шапкі. Але, калі ўбачыў, як Ярмолік чыста выскраб яе і з мокрага чэрапа таксама стаў выскрабаць мышцы і рэшткі мяса, усумніўся ў правільнасці сваёй здагадкі.
А Ярмолік выскраб і вымыў з усіх бакоў чэрап, загарнуў яго ў сярэдзіну шкуркі і, аддаючы тугі скрутак Міхасю, прамовіў:
— Ну от, мы яе не падзелім на ўсіх. Дый жываглоты адбяруць пры вобыску. А яму за тое, што дагадзіў нашаму брату, зробім хоць невялічкую прыемнасць.
Сіліч паклаў скрутак у рэчмяшок, трошкі ўражаны словамі Ярмоліка. Ён, безумоўна, меў на ўвазе вартавога з жалезным крыжам. Кольб аддаў нам дзічыну, а Ярмолік думае, што мы зробім немцу невялічкую прыемнасць, калі вернем шкурку i аголены чэрап! Толькі не хапае яшчэ дзвюх складзеных крыж-накрыж касцей, як на эсэсаўскай эмблеме! Хто яго ведае, можа, Ярмолік хоча намякнуць пра гэта немцу? Бо навошта ж вартавому чэрап зайца? Са шкуркі, вядома, можна пашыць шапку. Але ж i шкуру вяртаць непрыгожа. Атрымліваецца неяк смешнавата. Маўляў, мяса мы з’елі, а шкурку можаце ўзяць сабе.
Хлопец так узрушыў сябе гэтымі супярэчлівымі думкамі, што да паўночы не мог заснуць.
Калі назаўтра на гравійцы Ярмолік пачаў прыспешваць яго аддаць. Кольбу скрутак і растлумачыў, што хоча зрабіць вартавому чучала, Міхасю стала няёмка за ўчарашнюю наіўнаватую недасведчанасць.
«Аказваецца, от што ён меў на ўвазе, уручаючы мне загорнуты ў шкурку зайцаў чэрап. А я падумаў чорт ведае што! Значыць, ён сапраўды хоча зрабіць вартавому невялічкую прыемнасць у падзяку за яго чалавечны ўчынак».
— Ну, смачная зайчаціна? Маладая ці цвёрдая? — напрошваўся на гаворку Кольб, спыняючыся на абочыне каля Сіліча з Ярмолікам, калі тыя з насілак скідвалі ў кювет снег.
— А мы яшчэ не адведалі яе, — разгубіўся Міхась. — Кухар яе згатуе сёння. Паспытаем, як вернемся ў лагер. — Але, падахвочаны напарнікам дый карыстаючыся зручным выпадкам, асмялеў, хуценька выняў з рэчмяшка і аддаў вартавому згорнутую заячую шкурку i, паказваючы рукой на Ярмоліка, дадаў: — Ён з яе зробіць вам чучала.
Кольб, відаць, не чакаў такога павароту справы, бо трошкі сумеўся. Але праз нейкі момант нетаропка паклаў скрутак у торбачку за спінаю i адразу ж ажывіўся:
Читать дальше