— Насміхаюцца, сволачы! — не змоўчаў Казнадзей, напінаючы на сябе на нарах нязвычную апранаху. — Падкрэсліваюць, хто мы.
— Яны самі ядуць эрзац-хлеб, а ты хочаш, каб цябе прыбіралі ў адзенне з натуральнай тканіны, — адказаў Хяндога. — Выгадваюць, каб мы абышліся ім дзешавей.
— А можа, хочуць выпрабаваць на нас доследную партыю такога — адзення, — няўпэўнена выказаў здагадку Леанід. — Праверыць яго на трываласць i пераканацца, як яно засцерагае ад холаду.
— Дабрадзеі знайшліся! — не сцярпеў Казнадзей. — Дык хай бы і выпрабоўвалі на сабе.
— Несалідна для пыхлівых заваёўнікаў, — растлумачыў Хяндога, — Транты болей да твару ўбогім.
Невядома, што хацела прадэманстраваць арганізацыя «Тодт», апранаючы падапечную рабочую сілу ў ліпавае абмундзіраванне, — эканоміць на ўтрыманні палонных ці сапраўды падкрэсліць ім, чаго яны варты. Аднак папера застаецца папераю і не заменіць сабою тканіну. Папяровыя анучы, накручаныя на ногі, ад хадзьбы параздзіраліся і пазбіваліся камякам! а камізэлькі хоць і не распаўзаліся, але, канечне, не засцерагалі ад холаду.
Зіма паступова набірала сілу і ўсё болей падсыпала снегу. З-пад яго глыбокага пласта ўжо немагчыма было выграбаць галлё, якога наогул не было ў чыстым полі i на лугавінах.
Штодня самазвал пачаў прывозіць на абочыны паўнюткі кузаў наколатых дроў. Распальваць ix было цяжэй, чым галлё, але затое яны гарэлі даўжэй.
Вартавыя, як чэрці, напераменку падыходзілі да напаленых бочак i заглядалі ўсярэдзіну, нібыта правяраючы, як там кіпяць у смале грэшнікі. А грэшнікі, ачэпленыя імі з двух бакоў, ледзьве перастаўлялі ногі і, скурчыўшыся ад холаду, скідалі з гравійкі снег ды пасыпалі яе пяском.
Сярод вартавых Кольб паводзіў сябе па-ранейшаму: толькі зрэдку стаяў у ланцугу ачаплення, а часцей спружыністай паходкаю задуменна і моўчкі шпацыраваў па абочынах. 3 тае пары, як зіма пакрыла снегам зямлю, ёй болей ні разу не папрасіў ні Міхася, ні Леаніда распаліць яму цяпельца і ніколі не падыходзіў, як іншыя ахоўнікі, грэцца да напаленай бочкі.
Міхась з Леанідам успрымалі яго паводзіны па-свойму: ім здавалася, што Кольб не толькі разумев, як невыносна цяжка знясіленым людзям выкалупваць з-пад снегу галлё і адубелымі ад холаду рукамі распальваць вогнішча, але i адчувае, што яны могуць падумаць пра яго, калі ён прымусіць ix прыслужваць яму ў халадэчу. Хаця яны і ўяўлялі, якія нягоды яму давялося зведаць у варожым палоне, але ўсё роўна не чакалі ад яго спартанскай вытрымкі і непахіснай волі, бо ведалі, што даўнія суровыя выпрабаванні з цягам часу сціраюцца ў памяці, ад чаго загартаваны імі характар таксама мякчэе. Значыць, сумленнасць не дазваляе Кольбу нават перад чужымі людзьмі ганьбіць чалавечую годнасць. Наадварот, ён як бы дэманстратыўна падкрэслівае і перад ахоўнікамі, і перад палоннымі сваю вытрымку і загартаванасць, якім не страшны чужы мароз і сіберны вецер.
Аднойчы ў канцы рабочага дня на гравійцы адбылося здарэнне, якое потым увесь вечар абмяркоўвалі між сабою палонныя і якое навяло многіх на дадатковы роздум.
Стомленыя небаракі, нібы здані, ледзьве сноўдалі з лапатамі і насілкамі ў руках, калі ў хвасце іхняй расцягнутай ватагі раптам грымнуў стрэл, што гулка скалануў прасцяг і запавольненым водгуллем глуха адазваўся ў марозным бязветраным наваколлі.
Усе ўстрывожыліся, насцярожана ўглядаючыся ў той бок, адкуль данёсся пагрозлівы пошчак: вартавыя ў чаканні прыняць меры перасцярогі, а палонныя — апасаючыся дазнацца пра чарговую нявінную ахвяру бандыцнага свавольства.
Але, мяркуючы па тым, як ахоўнікі ў ачапленні неўзабаве перадалі адзін аднаму тлумачэнне «Усё ў парадку!» і як палонныя ў далейшым таксама супакоіліся і не паведамілі адтуль нічога трывожнага, можна было здагадацца, што там адбылося нейкае непаразуменне.
«Мабыць, вартавому надакучыла моўчкі шпацыраваць па абочынах, дык ён з нечага робіць стрэльнуў дзеля забавы», — падумаў Хяндога, які з Казнадзеем корпаўся ў сярэдзіне расцягнутай ватагі палонных і бачыў, як у самы канец яе толькі што нетаропка прасунуўся Кольб.
Спачатку Сіліч таксама ўстрывожана паглядзеў у той бок, адкуль пачуўся стрэл, але праз мітуслівы натоўп яму немагчыма было разгледзець, што там адбываецца. Праўда, праз нейкае імгненне хлопец усё-такі ўбачыў, як удалечыні, за апошнімі палоннымі, загрузаючы ў снег, Кольб уразвалку перабраўся праз кювет і пашыбаваў за палосу адчужэння.
Читать дальше