— Гэтак нядоўга і дуба даць, — ледзьве вымавіў Сіліч, ляскаючы зубам! і таропка нацягваючы на сябе споднюю кашулю.
— У такіх умовах ніякая хвароба не бярэ, — разважыў Казнадзей, рады, што ашукаў наглядчыкаў і нават паспеў ужо надзець шынель.
Апранаючы гімнасцёрку, Хяндога таксама дробна калаціўся. Але, як нацягнуў порткі, беручы шынель, чыстасардэчна прызнаўся:
— А Задзіра ёмка агрэў мяне кіем, хоць і трапіўся знянацку. — I, ужо дабрадушна пакепліваючы з Міхася, дадаў: — Перакладчык-наглядчык хоць спярша і сумеўся трохі перад табой, але потым па знаёмству не праявіў паблажлівасці.
— Ён цяпер быў бы рады, каб ніхто не ведаў пра тое знаёмства, — злосна адказаў Сіліч.
— Няўжо яны і зімою будуць заганяць нас у ваду? — азадачана запытаўся Ярмолік, перабіваючы гаворку суседзяў.
— Ад іх можна ўсяго чакаць, — адказаў Казнадзей. — Ім абы толькі паназдзекавацца з людзей.
— Калі будуць гэтак настойліва заганяць у ледзяную ваду, дык загартуюць, як тых маржоў, што не баяцца ніякага холаду і купаюцца ў палонках, — кпліва разважыў Хяндога.
Хаця зіма прыйшла без спазнення, у снежні, але здавалася, што яна лажыцца раней сваёй пары, таропка забінтоўваючы марляю раны і драпіны здратаванай зямлі, перад маразамі клапатліва ўкрываючы яе пуховай белай коўдраю.
Снег пачаў падаць з ночы. Суцэльным белым покрывай была заслана зямля кругом лагера. Толькі не павісаў снег на калючай агароджы, хаця па-ранейшаму церушыў і церушыў безупынку. Яе густая чорная сетка, нібыта накрэсленая тушшу, выступала з белага мроіва сняжынак прывідным нератам. Яго злавесна расстаўленыя цянёты псавалі настрой нядзельнага ранку, азмрочваючы i святочнасць выхаднога дня, і ўрачыстасць прыходу зімы. Праўда, калі святочнасць выхаднога яшчэ адчувалася па тым, што не трэба выходзіць на працу i можна за ўвесь мінулы тыдзень адляжацца на нарах, дык урачыстасць прыходу зімы крыж-накрыж перакрзслівалася аконнымі кратамі і затушоўвалася густой сеткаю драцяной загароды. Непрыступная, яна адгароджвала мяккі снежны спакой i чысцюткую-чысцюткую, па-святочнаму накрухмаленую бель. А ў яе загарадз! панавалі насцярожанасць i трывога.
Пасля снядання Хяндога з напарнікамі і Сіліч з Леанідам ляжалі на нарах.
— Снег уляжацца, дык, можа, i нам дадуць паляжаць, пакуль прыдумаюць якую-небудзь працу, — выказаў наіўнае меркаванне Леанід.
— А хто ж будзе расчышчаць гравійку? — з іроніяй у голасе запытаўся ў яго Казнадзей i пасля кароткай паўзы важка ўдакладніў: — Рух жа на ёй не спыніцца.
— Без снегаачышчальнай тэхнікі саўковымі лапатамі, як лыжкамі, снег не перачэрпаеш, — апраўдваўся Леанід. — За дзень і паўкіламетра не расчысціш.
— Толькі таго клопату! Няхай пра гэта немцы дбаюць, — супакоіў ix Ярмолік. — На тое ж у ix ёсць дарожны майстра.
Аднак назаўтра Леанідава прадказанне не спраўдзілася. Палонных паранейшаму выгналі з лагера. Праўда, на складзе замест саўковых прымусілі ўзяць шырокія фанерныя лапаты з акаванымі бляхаю ніжнімі краямі.
На дварэ было марозна і ветрана. Сіберны холад прабіраўся пад вынашаныя шынялі i разлезлыя ад поту гімнасцёркі. Мароз пашчыпваў за насы. Палонныя паадкасвалі на вушы абшлагі пілотак, злёгку пацепвалі плячамі i, стоячы на месцы, прытанцоўвалі нагамі, зларадна пакепліваючы з заваёўнікаў, якія не спадзяваліся, што ім на чужыне давядзецца ў пілотках сустракаць зіму.
Канечне, з непрывычкі холад адчувалі і ахоўнікі. Але ж яны павінны трымаць фасон і захоўваць форму. Арыйскі гонар не дазваляе ўдарыць тварам у гразь перад нявольнікамі.
Адзін камендант аказаўся прадбачлівы і сёе-тое захапіў з сабою з Германіі. Нябось, загадзя прадбачыў, што ўсё можа здарыцца. Не выпадкова ж цяпер напнуў на вушы гэтыя чорныя заткалы, што вельмі нагадваюць радыёнавушнікі. Праўда, яны авальныя, а не круглыя. Але таксама прымацаваны да дужкі, якую ён надзеў на галаву пад пілотку. 3 імі камендант у кароткім ядавіта-жоўтым шынялі, з чорнымі крагамі на крывых нагах выглядае загадкавым іншапланетным радыстам, што аднекуль прымае і перадае вартавым нейкія незразумелыя загады.
I ўсё-такі зіма не застала палонных знянацку. Навучаныя горкім вопытам, яны трохі падрыхтаваліся да яе прыходу. Вядома, цёплага адзення ў няволі не набудзеш. Але затое свой драўляны абутак да зімовых умоў яны прыстасавалі як след. Пераймаючы адзін аднаго, праяўлялі знаходлівасць, падбіралі выкінутыя абрэзкі суконак і аўчын, рэшткі стаптанага абутку i з усяго гэтага выкройвалі ўкарочаныя халявы, якія папрыбівалі да калодак цвічкамі, насечанымі з танюсенькага дроту.
Читать дальше