— Досыць высвятляць тое, што зразумела без усялякіх тлумачэнняў, — памяркоўна супакоіў сяброў Хяндога, накідаючы фанернай лапатаю снег на іх насілкі.—Нямецкі вартавы ўпаляваў зайца, але не ўзяў яго сабе, а аддаў палонным. Па-мойму, гэта шляхетны ўчынак.
— Думаеце, самому немцу не захацелася пакаштаваць дзічыны? — нібы падтрымліваючы суседа, запытаўся Казнадзей, што лапатаю рассыпаў па снезе пясок.
— Дый яшчэ не абы-якой дзічыны—іншаземнай! — у захапленні прыцмокнуў губамі Ярмолік, які побач рабіў тое ж самае. — Тым болей, што ў немцаў пераважаюць розныя эрзацы, а не натуральный прадукты.
— Ён сказаў, маўляў, заяц — ваш, дык i бярыце яго сабе, — нарэшце абазваўся Міхась, настрой у якога пачаў трохі мяняцца.
— Напэўна, і некаторыя ахоўнікі ўжо глыталі слінку. Спадзяваліся разам з вартавым адведаць чужой дзічыны, — пацвельваўся Ярмолік, — А ён узяў дый аддаў яе палонным. Гэтым толькі накліча на сябе крыўду і злосць з іхняга боку.
— Ён і не шманае. Робіць усё па-свойму, — падсумаваў сказанае ўсімі Хяндога. — Спагадае нашаму брату і не ўтойвае свайго спачування.
Сіліч слухаў, як суседзі расхвальваюць Кольбаў учынак, і ўсё болей супакойваўся. Да ягоных грудзей спакваля падкочвалася пачуццё ўдзячнасці да спагадлівага вартавога. Як і ягоных суседзяў, хлопца не магла не радаваць нечаканая i неспадзяваная здабыча. Праўда, ён разумеў, што яны з Леанідам самі не аблупяць зайца. Дый, неразабранага, яго няма дзе згатаваць. А дзяліць сырую свежаніну — марока. Уся надзея ў хлопцаў была толькі на Хяндогу i ягоных болей практычных напарнікаў.
Аднак вартавы i сам паклапаціўся пра палонных. Вяртаючыся назад па абочыне, азадачаны, ён зноў спыніўся каля хлопцаў.
— Аднаго зайца на ўсіх вас не хопіць. Дый дзяліць сырое мяса не надта зручна. Я скажу кухару, хай ён неразабраную тушку згатуе ў агульным катле i аддасць вам. Такім чынам i суп для ўсіх будзе наварысты, і мяккую свежаніну вам дзяліць будзе лягчэй.
Калі палонных прыгналі з працы ў лагер, Леанід з Міхасём прасачылі, як Кольб сказаў штосьці перакладчыку Ваньку i той адразу ж пайшоў на кухню. Неўзабаве ён вярнуўся адтуль з кухарам, што выпрастаўся перад вартавым па стойцы «смірна!». Праз агароджу Кольб аддаў кухару нейкае распараджэнне. Калі Ванька пераклаў яго, хлопцы пачулі, як заклапочаны вартавы гучна запытаўся:
— Зразумеў?
— Я-я-я! — выкрыкнуў кухар, яшчэ прутчэй выпростваючыся ў струнку.
— Бач, як выпруджваецца перад немцам, хаця той за калючым дротам! — зларадна пакпіў Леанід. — Нябось, дрыжыць за сваю шкуру!
— Як жа яму не дрыжаць за яе? Дзе яшчэ будзе кухару гэтак уежна і ўлежна, як тут? — падтакнуў Міхась.
Стоячы ў чарзе па кандзёр, палонныя ўсё яшчэ абмяркоўвалі нядаўняе здарэнне на гравійцы. Тыя, хто не быў яго сведкам, скрупулёзна высвятлялі, каму дасталася здабыча. Ззаду, непадалёку ад Міхася, хтосьці растлумачыў, што вартавы аддаў зайца хлопцу, які неаднойчы распальваў яму цяпельца. Сіліч пачуў, як там нечы голас адразу ж заключыў:
— Усё-такі сумленнасць падказала немцу аддзячыць палоннаму за паслугі.
А спераду ў чарзе нехта з тых, хто, напэўна, бачыў, як Кольб аддаваў Міхасю зайца, расказваў суседзям, што вартавы з жалезным крыжам аддаў здабычу хлопцу, чые грыбы ў вогнішчы ўзарвалі бляшанку. Хтосьці з ягоных слухачоў выказаў здагадку наконт асабістай непрыязнасці паміж абодвума ахоўнікамі. Маўляў, вартавы з жалезным крыжам аддаў зайца менавіта гэтаму палоннаму назло змрочнаму канваіру, які тады спляжыў прыкладам і растаптаў нагамі хлопцаў посуд.
У лагеры многія нявольнікі не толькі здзіўляліся ўчынку нямецкага вартавога, але, канечне, і зайздросцілі палоннаму, якому ён аддаў сваю здабычу. Асабліва гэта выявілася тады, калі Ярмолік пачаў лупіць зайца. Спачатку ён размясціўся на падлозе, разразаючы нажом скуру на жываце русака. А потым, калі на драцяным кручку падвесіў яго за верхнія нары і далей прадаўжаў працу, дзверы ў пакой, дзе жылі Міхасёвы суседзі, не зачыняліся. Палонныя заходзілі па адным і купкамі, для адгаворкі — нібыта паглядзець на Ярмолікаў занятак, а на самай справе, канечне, паглыналі вачамі яшчэ не аблупленую тушку. Дзіва што! Людзі паўгода не толькі не трымалі ў роце скаромніны, але i на ўласныя вочы не бачылі, як выглядае мяса, хай сабе i не свойскай свежыны, а дзічыны.
Хоць Ярмолік як быццам i не звяртаў на іх ніякай увагі, але па тым, як вострае самаробнае лязо з нажоўкі ўвішна і спрактыкавана хадзіла ў ягонай руцэ, можна было здагадацца, што ён хоча, каб яны ўвачавідкі пераканаліся ў ягоным майстэрстве. I ўсё-такі з зайцам ён трохі праваждаўся, пакуль вылузнуў яго са скуры. Пасля моўчкі намацаў першы пазванок на шыі, нетаропка адрэзаў па ім чэрап, паклаў яго са шкураю на нарах, каля напарнікаў, а тушку панёс кухару. Калі вярнуўся адтуль, з веданнем справы растлумачыў:
Читать дальше