— А чым я павінен памагчы? Што ад мяне патрэбна?
— Нічога асаблівага, — супакоіў яго Ярмолік, калі Міхась пераклаў пытанні вартавога. — Канечне, было б добра, калі б дасталі мыш’яковага раствору i пару штучных вачэй. Але цяпер гэтага, відаць, не раздабыць.
Сіліч пераклаў Ярмолікавы словы.
— Цяпер не да штучных вачэй, — самотна разважыў Кольб. — У зямлю не паспяваюць хаваць мёртвыя чалавечыя, — але, напэўна, жадаючы адкараскацца ад журботных думак, роблена з’іранізаваў:—А шнапсам нельга замяніць мыш’яковы раствор?
— Шнапсам толькі вочы заліваюць, — не разгубіўся Ярмолік, калі Сіліч пераклаў словы вартавога. — А шкурку ім не вырабіш. Лепей ужо выдубіць яе прымітыўным дзедаўскім спосабам — радкаватым аўсяным цестам. Нябось, цяпер сяляне таўкуць у ступах авёс, каб гатаваць жур. Па~ прасіце ў іх паўкацялка тоўчанай аўсянай мукі з шалупіннем.
Міхась пераклаў сказанае Ярмолікам.
— I што з ёю рабіць? — праявіў цікаўнасць вартавы.
Калі Міхась пераклаў яго пытанне, Ярмолік не спяшаючыся пачаў тлумачыць:
— У гліняным або ў драўляным посудзе вадою разбавіць цеста да гушчыні смятаны, добра пасаліць яго і дадаць трохі разведзеных дражджэй. Накрыць посуд і на пяць-шэсць дзён паставіць у цёплае месца. Пасля таго, як цеста адбродзіць і запахне спіртам, можна ім вырабляць шкурку.
Хаця ён гаварыў нетаропка, але Міхасю цяжкавата было знаходзіць у нямецкай мове патрэбныя канкрэтныя словы, i таму хлопец ледзьве наспяваў услед за Ярмолікам перакладаць ягонае тлумачэнне.
— А як гэта робіцца? — ужо не цярпелася Кольбу.
Сіліч пераклаў напарніку гэтае пытанне.
— Унутры намажаце шкурку цестам, складзеце ўдвая, футрам наверх, i пакладзеце на адны суткі, — удакладніў Ярмолік і трохі пачакаў, пакуль Міхась перакладзе сказанае. — Потым цеста саскрабеце нажом і зноў намажаце яе ў другі раз і ў такім жа складзеным выглядзе пакладзеце яшчэ на адны суткі, — і зноў пачакаў, пакуль Міхась перакладзе ягоныя словы, — А пасля, ужо не саскрабаючы цеста, развесіце шкурку сушыцца, але толькі не на сонцы i не над печкаю, а ў сухім месцы. Па меры высыхання цеста адваліцца само — i шкурка будзе выдублена.
— Складаны гарбарны промысел, — з глыбакадумным выглядам на твары зазначыў Кольб, калі Міхась да канца пераклаў грунтоўнае Ярмолікава тлумачэнне.
Хлопца таксама здзівілі напарнікавы веды. «Няйначай, як сапраўды ён працаваў у гарбарні».
А Кольб неяк міжвольна памацаў за спінаю торбачку са скруткам і зусім нечакана пацікавіўся:
— Што гэта загорнута ў шкурку?
— Чэрап зайца, — растлумачыў Міхась.
— Яго таксама трэба апрацоўваць? — разгублена насцярожыўся вартавы.
Калі Міхась пераклаў гэтае запытанне, Ярмолік навучыў:
— Няхай з гадзіну вымачыць чэрап у салёнай вадзе, а потым, выняўшы, мокры, густа пасыпле з усіх бакоў дробнай соллю i пакладзе сушыцца.
Сіліч пераклаў Кольбу Ярмолікава павучанне.
— А што яшчэ спатрэбіцца для чучала? — ужо не адставаў ад палонных вартавы.
Міхась таксама пераклаў Ярмоліку гэтае пытанне.
— Мяккі дрот — на каркас. Пакулле і ачоскі лёну — для начынкі. У вушы — тонкі кардон, — нетаропка пералічваў Ярмолік, чакаючы, пакуль Міхась перакладзе. — Два вялікія пукатыя гузікі—для вачэй. Драўляны корак — у вялікую патылічную адтуліну. Суровыя ніткі з іголкаю і акуратная дошчачка — для падстаўкі.
— Сапраўды дробязь! Але ўсяго не запомню. Што-небудзь магу забыць, — усміхаючыся, шчыра прызнаўся вартавы і, пасур’ёзнелы, дадаў:
— Заўтра я прынясу вам аловак з папераю. На адным баку яе вы напішаце, як выдубіць шкурку, а на другім — пералічыце ўвесь матэрыял, што патрэбен для чучала. А зайцаў чэрап я сёння апрацую так, як вы параілі. Гут?
— Гут! — адказаў Сіліч.
Задаволены Кольб, як быццам нічога i не было, нетаропкай хадою пакрочыў па абочыне.
— Ну от, хоць чучалам уцешым чалавека, як некалі Багдан Платонавіч уцешыў яго вазаю для кветак, — нарэшце супакоіўся Ярмолік i хуценька ўзяў ручкі насілак, употайкі сочачы за дарожным майстрам, што нетаропка прабіраўся да іх паміж палоннымі.
А Кольбава абяцанне прынесці аловак з папераю вывела Сіліча з сябе, зноў абудзіўшы ў ім падспуднае жаданне напісаць маці запіску. А тут яшчэ гэтая Ярмолікава згадка пра Багдана Платонавіча! Яна перавярнула ўсё ўсярэдзіне. Хлопца ахапіла нейкае душэўнае разладдзе. Як гэта ён мог зусім забыць чалавека, які ў няволі быў яму старэйшым сябрам і неаднойчы выручаў з цяжкога становішча? Колькі імі перажыта і перагаворана разам! Успомнілася іхняя звада і канчатковае разыходжанне з Паўлом. Прыгадалася, як Багдан Платонавіч зрабіў Міхасю бляшанку з дымавой шашкі, а потым навучыў суседзяў рабіць з гарматных гільзаў вазы і попельніцы, а з буйнакаліберных патронаў —падсвечнікі. Яны трохі прамышлялі імі, выменьваючы хлеб у нямецкіх салдатаў. Успомнілася раптоўная і нечаканая смерць суседа. Кажуць, людзі пазнаюцца ў бядзе. Сапраўды, бяда іх зблізіла. Але ж яна і прытупіла Міхасёвыя пачуцці. У бядзе ён забыўся пра Багдана Платонавіча. Хлопцу стала сорамна перад сваім сумленнем. Добра, што гэтага не ведаюць суседзі.
Читать дальше