— Армейская разведка! — абрадаваўся нехта з палонных. — У белых маскіровачных халатах незаўважнаю прайшла па Ільмені.
— Адкуль ты ведаеш, што армейская дый яшчэ ў маскхалатах? — іранічным голасам астудзіў запал прамоўцы хтосьці другі. — А можа, палкавая?
— Няхай сабе палкавая. Але ж без маскіровачных халатаў на такой адлегласці разведчыкаў прыкмеціла б з вышак лагерная ахова.
На гэты довад першы палонны нічога не адказаў.
Затое многім было зразумела, што самі разведчыкі таксама не маглі не заўважыць асветленую электрычнымі лямпачкамі агароджу з ахоўнымі вышкамі. Аднак бою вартавым яны не навязалі. Значыць, пайшлі ў варожы тыл з нейкай іншай мэтаю i не хацелі выдаваць сябе, а выяўлены імі лагер, мусіць, не быў для іх асаблівым адкрыццём. Многія палонныя не сумняваліся ў тым, што тодтаўскія лагеры ўсцяж гравійкі вядомы савецкаму камандаванню і існуюць тут дзякуючы таму, што ў гэтых мясцінах надоўга стабілізаваўся фронт. А варта толькі баявым дзеянням парушыць франтавое зацішша, як невядома, што з імі будуць рабіць немцы. Перавядуць лагеры ў іншыя месцы або знішчаць палонных?
Па тым, як рэагавалі на лыжню і ахоўнікі, і нявольнікі, адчувалася, што і тыя, і другія надаюць ёй немалаважнае значэнне. У вартавых яна выклікала насцярожанасць і трывогу, а ў палонных — злараднае ажыўленне і абнадзейлівае чаканне.
Сілічу чамусьці здавалася, што таямнічая лыжня ў поўным сэнсе слова падвяла рысу пад іхнім лагерам і сімвалічна перакрэсліла абрыдлую гравійку.
Як бы там ні было, але праз пару тыдняў у лагеры адбылася падзея, што занепакоіла i насцярожыла палонных.
Здарылася гэта ў нядзелю, пад канец дня. У пакоі, дзе жыло пяцёра неразлучных суседзяў, панавала расслабленая цішыня. За выхадны палонныя з непрывычкі разамлелі: адны драмалі, другія моўчкі сядзелі і ляжалі на нарах, калі на двары пачуліся ажыўленыя галасы і выкрыкі.
Леанід першы кінуўся да аконных кратаў, з ходу абвяшчаючы:
— Прыбыла падмога! — і, асекшыся, няўпэўнена растлумачыў: — Прыгналі нейкую партыю палонных.
Расслабленая цішыня адразу ж наэлектрызавалася. Іншыя зацікаўленыя таксама пакінулі нары і прыліплі да вокнаў.
«Ого! Дзе ж яны размесцяцца? — здзівіўся Міхась, убачыўшы на пляцы ладную калону палонных. Самых пярэдніх з яе ахоўнікі ўжо прапускалі за калючую агароджу. — Таксама дахадзягі. У вынашаных, не падагнаных па росту шынялях, з калодкамі на нагах».
Тым часам па ганку i па падлозе ў калідоры спорна загрукаталі драўляныя падэшвы, як быццам з кузава самазвала павольна ссыпаліся на гравійку патрушчаныя руіны, і ў пакой, не зачыняючы за сабою дзвярэй, дружна павалілі незнаёмыя людзі. 3 ходу навічкі перамешваліся са старажыламі i наперабой гаманілі:
— Дайце прытулак выгнаннікам!
— У цеснаце, ды не ў крыўдзе.
— Адкуль вас прыгналі?
— 3 суседняга лагера.
— А што з ім? Згарэў?
— Не. Цэлы.
— Дык чаму ж выгналі з яго?
— Хто яго ведае? У канцы выхаднога дня паднялі ўсіх на ногі, загадал! ўзяць рэчы і пагналі напроці ночы.
Нібы электрычны разрад слабога напружання, многіх скаланулі насцярожанасць і трывога. Абставіны напальваліся.
Суседні лагер адгэтуль за якіх-небудзь дзесяць кіламетраў. Яго палонныя ўпарадкоўвалі свой участак гравійкі. Адсюль ганяць іх на працу ў такую далеч немцам нявыгадна. Дый па колькасці людзей той лагер не меншы за гэты. Усе палонныя тут усё роўна не размесцяцца. Навошта ж спатрэбілася ў нядзелю тэрмінова пераганяць ix сюды? Значыць, немцы наважваюцца штосьці рабіць. Вядома, гэта многіх непакоіла.
Разам з тым жывых людзей не маглі не турбаваць першачарговыя надзённыя клопаты. У пошуках месца для начлегу і землякоў, з якімі можна адвесці душу ды падзяліцца навінамі, навічкі паступова асвойваліся з абставінамі і зноў фізічна расслабляліся, часова забываючы на нядаўнюю трывогу.
Праўда, толькі нямногім з іх удалося ўшчаміцца паміж землякамі, таму што на нарах месцы не пуставалі. Ва ўсіх пакоях небаракі размясціліся нанач на падлозе ўздоўж сцен. Толькі лагерныя прыдуркі адразу ж паразумеліся між сабою і атабарыліся ў наглядчыцкай штубе.
— Сабакі здалёку нюхам адчуваюць адзін аднаго, — пацвельваўся Казнадзей з іхняга хаўрусу.
Аказалася, што фашысцкія прыхвасні ў суседнім лагеры называліся не наглядчыкамі, а паліцаямі і насілі на рукавах белыя павязкі.
— Мала таго, што на кожным крону белым колерам пацвярджаюць сваю капітуляцыю, дык яшчэ ўвачавідкі падкрэсліваюць гэтым, што вераю і праўдаю служаць ворагам, — абураўся Леанід.
Читать дальше